Сацыяльная стабільнасць і збалансаваны эканамічны рост
Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА звярнуў увагу на тое, што яшчэ на стадыі распрацоўкі праграмы прапановы дэпутатаў былі накіраваны ў Міністэрства эканомікі, асобныя з іх улічаны. «Асноўныя мэты праграмы зыходзяць з задач, пастаўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь перад усімі дзяржаўнымі органамі, — падкрэсліў спікер. — Гэта, у прыватнасці, павышэнне ўстойлівасці эканомікі, развіццё чалавечага патэнцыялу, новыя стандарты якасці жыцця, прасоўванне лічбавых тэхналогій, рэалізацыя патэнцыялу кожнага рэгіёна, развіццё экспарту. У цэлым праграма захоўвае сацыяльную накіраванасць». Дакументам прадугледжана падрыхтоўка цэлага шэрагу нарматыўных прававых актаў, у тым ліку законаў. Перад дэпутацкім корпусам пастаўлена задача — падключыцца да іх распрацоўкі на самых ранніх стадыях.
«Дарожная карта» рэалізацыі ключавых прыярытэтаў і задач новай пяцігодкі
Як адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН, прадстаўленая праграма падрыхтавана ў адпаведнасці з перадвыбарнай праграмай кіраўніка дзяржавы, даручэннямі, дадзенымі пры прызначэнні новага складу ўрада, а таксама агучанымі ў інаўгурацыйнай прамове Прэзідэнта. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы гэтага дакумента ўрад абапіраўся на вынікі маштабнага сацыялагічнага даследавання чаканняў беларусаў, праведзенага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў.
«Па сутнасці, падрыхтаваная праграма — гэта „дарожная карта“ рэалізацыі ключавых прыярытэтаў і задач новай пяцігодкі, якая вызначае стварэнне рэгулятарнага асяроддзя для развіцця эканамічнай і сацыяльнай сфер», — канкрэтызаваў Аляксандр Турчын.
Прэм’ер-міністр агучыў асаблівасці праграмы, якія вызначылі падыходы да яе распрацоўкі і зместу. "Галоўнымі мэтавымі арыенцірамі дзеянняў урада вызначаны павышэнне дабрабыту і дасягненне высокіх стандартаў жыцця насельніцтва краіны. На іх рэалізацыю будуць накіраваны ўсе інструментарыі эканамічнай палітыкі,«—адзначыў ён.
На шляху да стандартаў камфортнага пражывання
Як акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр, галоўная мэта Праграмы дзейнасці ўрада — забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і збалансаваны эканамічны рост. «Усе наяўныя ва ўрада рэсурсы, як таго і патрабуе кіраўнік дзяржавы, будуць сканцэнтраваны выключна на вырашэнні найбольш важных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Па яго словах, ставіцца задача забяспечыць насельніцтва даступным арэндным жыллём. «Плануецца пабудаваць каля 5 млн. кв. метраў такога жылля, — канкрэтызаваў кіраўнік урада. — Агульны аб’ём фінансавання складзе 13,5 млрд. рублёў. Гэта мера павінна стаць адной з найважнейшых мер па прыцягненні і замацаванні спецыялістаў у рэгіёнах. Прынцып просты: прыйшоў на завод, сельскагаспадарчае прадпрыемства — хутка атрымаеш сваё жыллё».
Захаваецца дзяржпадтрымка пры будаўніцтве жылля для шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот, іншых уразлівых катэгорый грамадзян. «Як вынік — наблізімся да сярэднееўрапейскага ўзроўню забяспечанасці жыллём: 33 кв. метры на аднаго жыхара», — канстатаваў Прэм’ер-міністр.
Ён звярнуў увагу на тое, што будзе забяспечаны пераход ад мінімальных сацыяльных стандартаў да стандартаў камфортнага пражывання. «Гэта значыць узровень жыцця нашых грамадзян у рэгіёнах будзе набліжаны да ўзроўню жыцця ў сталіцы, — сказаў кіраўнік урада. — Сістэма стандартаў ужо распрацавана і праходзіць апрабацыю».
У цэлым за пяцігодку ў краіне плануецца пабудаваць і рэканструяваць больш за 650 аб’ектаў інфраструктуры з агульным аб’ёмам фінансавання звыш 20 млрд. рублёў. Сярод іх — 34 бальніцы, 23 дзіцячыя садкі, 27 школ, 22 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.
«Палепшым транспартныя зносіны паміж рэгіёнамі, — заявіў Аляксандр Турчын. — Будуць пабудаваны і адрамантаваны больш за 24,5 тыс. км дарог з аб’ёмам інвестыцый каля 13 млрд. рублёў. Створым хуткасныя дарожныя звязкі „аграгарадок — райцэнтр — абласны цэнтр“. Напрыклад, час у дарозе ад Мінска да любога горада-спадарожніка будзе займаць да паўгадзіны, ад населеных пунктаў да абласнога цэнтра — гадзіну-паўтары».
Фота БелТА
У тэму
«Моцная эканоміка — моцная краіна»
Як распавёў у размове з журналістамі першы намеснік міністра эканомікі Андрэй КАРТУН, Праграма дзеянняў урада на пяцігодку мае адкрыты характар і будзе апублікавана. Унікальнасць праграмы ў тым, што яна распрацавана паралельным трэкам з праграмай пяцігадовага развіцця. «Мы пераходзім ад базавага набору сацыяльных стандартаў да новых стандартаў камфортнага жыцця людзей, — канкрэтызаваў ён. — У праграму закладзены канкрэтныя дзеянні, каб праз пяць гадоў паўсюдна перайсці на новыя стандарты жыцця ў любым населеным пункце. Яе ставіць перад намі задачу Прэзідэнт — стварыць максімальна камфортныя ўмовы пражывання ў любой кропцы нашай краіны».
Па словах першага намесніка міністра эканомікі, праграма адрозніваецца ад астатніх найперш тым, што носіць прыкладны характар, а таму прадугледжвае падтрымку на заканадаўчым узроўні. «Калі Прэзідэнт ставіць задачу — канцэнтравацца на арэндным жыллі, у такім выпадку патрэбна стварыць заканадаўчыя ўмовы, каб стымуляваць будаўніцтва арэнднага жылля паўсюдна», — канкрэтызаваў ён.
Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін СЕМЯНЯКА заўважыў: «Урад спрагназаваў нарматыўную дзейнасць, якую давядзецца ажыццявіць па ходзе вырашэння задач, што стаяць перад прадстаўленай праграмай, — канкрэтызаваў ён. — Гэта змяненне цэлага шэрагу кодэксаў, законаў. І вельмі важна, каб тут заканадаўцы і выканаўчая ўлада дзейнічалі заадно»
Дэпутат звярнуў увагу на тое, што Прэм’ер-міністр у сваім выступленні ўдзяліў вельмі вялікую ўвагу рэгіёнам. «Гэта вельмi важна, — лічыць Валянцін Семяняка. — Размова ідзе аб рэсурснай падтрымцы мэтавай задачы, аб тым, каб забяспечыць людзей якасным жыллём, якаснымі аб’ектамі сацыяльнага прызначэння. Гэта значыць, для таго, каб зрабіць у рэгіёнах жыццё камфортным, забяспечыць занятасць грамадзян».
Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар НІКАЛАЙКІН, задачы, пастаўленыя ў праграме, не проста актуальныя для развіцця нашай краіны: усе яны эканамічна абгрунтаваны і накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне эфектыўнай эканомікі. Па словах дэпутата, дакумент утрымлівае і шырокі сацыяльны блок.
«Дастаткова сказаць, што ў праграме плануецца рост рэальных даходаў насельніцтва за пяцігодку не менш як на 16 %, — канстатаваў ён. — Гэта вельмi добры паказчык. Плануецца штогадовы пераразлік пенсій. Мы ўжо, напэўна, прызвычаіліся да такога паляпшэння жыцця, але за ім стаіць рэальная работа. І каб забяспечыць гэта, неабходна мець эфектыўную эканоміку. Акрамя таго, урад прадугледзеў падтрымку галін эканомікі, якія працуюць на беларускай сыравіне. Таксама прапісаны мадэрнізацыя і развіццё не проста горадаўтваральных, а, я б сказаў, краінаўтваральных прадпрыемстваў: МАЗа, МТЗ, Аршанскага льнокамбіната, прадпрыемстваў мікраэлектронікі... Гэта тое, што трэба, каб зрабіць эканоміку моцнай. А моцная эканоміка — гэта моцная краіна».