Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, віцэ-прэм'еры і апарат Савета Міністраў прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку на пляцоўцы Кургана Славы, перадае БелТА.
У першую чаргу, прыбыўшы да мемарыяльнага комплексу, прэм’ер-міністр усклаў кветкі да Кургана Славы. Аляксандр Турчын адзначыў, што гэты помнік ствараўся ў Савецкім Саюзе, удзел у яго ўзвядзенні прымалі шмат людзей. «Летась мы адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, а ў гэтым — 80 гадоў Вялікай Перамогі. Якраз мы завяршаем усе нашы работы на гэтым выдатным мануменце. Засталося крыху да 9 Мая – завяршыць рэканструкцыю Кургана Славы, паставіць новую тэхніку. Суботнік — адзін са складнікаў надання Кургану Славы новага аблічча», — акцэнтаваў ён.
80-годдзе Вялікай Перамогі для кожнага жыхара краіны з’яўляецца святым, упэўнены прэм’ер. Аляксандр Турчын расказаў, што, праводзячы прэм’ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа ў аэрапорт, дэлегацыя ехала міма Кургана Славы. «Я яму расказваў пра тое, што перажыла наша краіна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ды і не толькі ў гады ВАВ. Увесь час праз нашу краіну ішлі войны. Калі я яму расказаў, колькі гадоў была Беларусь пад акупацыяй, колькі загінула людзей, вядома, гэта ўразіла яго. Ён сказаў, што Беларусь вартая добрага жыцця», — адзначыў кіраўнік урада. Пасля правядзення кароткага інструктажу, Аляксандр Турчын узяўся за пасадку шэрагу буйналісцевай ліпы.
У сваю чаргу намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік адзначыў, што навядзенне парадку на зямлі, а асабліва пасля зімы, — добрая традыцыя не толькі калектыву Савета Міністраў, але і ўсіх беларусаў.
«Тое, што мы працуем сёння на Кургане Славы — вельмі сімвалічна. Таму што толькі разам наш адзіны народ зламаў хрыбет фашызму, падняў краіну з руін і цяпер мы ўсе разам павінны рабіць усё, каб наша прыгожая, дагледжаная краіна была яшчэ лепш», — заявіў ён.
На пляцоўцы каля мемарыяла высадзяць больш за 20 такіх шэрагаў дрэў розных парод. Побач з комплексам такім чынам будзе створаны арбарэтум — аналаг дэндрарыя, які ў будучыні паслужыць навуковым і адукацыйным мэтам. На суботніку высадзяць 360 дрэў – ліп, бяроз, дубоў, клёнаў, елак, верб, ясеняў, а таксама грэцкі і маньчжурскі арэх. Пасадзяць таксама 82 куста.
У мерапрыемстве прымаюць удзел таксама прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама і арганізацыі вобласці.