Top.Mail.Ru

Турчын: Сітуацыя ў эканоміцы ўсяляе асцярожны аптымізм, захоўваецца траекторыя росту

«З месяца ў месяц мы бачым пазітыўную дынаміку»


У размове з журналістамі Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын звярнуў увагу на сітуацыю ў эканоміцы ў бягучы перыяд. «Вынікі пяці месяцаў работы ўнушаюць асцярожны аптымізм, — канкрэтызаваў ён. — Мы выйшлі на траекторыю няхай невялікага, але тым не менш росту. І нашы разлікі паказваюць, што гэта траекторыя захаваецца і далей».

Асноўная ўвага ўрада ў цяперашні час, па словах Аляксандра Турчына, скіравана на прамысловай сферы. «Сітуацыя ў прамысловасці неаднародная, — канстатаваў ён. — Ёсць прадпрыемствы, якія дастаткова паспяхова працуюць. Шэраг прадпрыемстваў, на якіх ёсць праблемы. Мы павінны разумець, што сёння мы канкурыруем на сусветных рынках (напрыклад, з такімі краінамі, як Кітайская Народная Рэспубліка), дэфіцыту тавараў нідзе няма. Таму гэта ўсё складана. Аднак тым не менш з месяца ў месяц мы бачым пазітыўную дынаміку: рост аб’ёмаў вытворчасці і г. д.».

У цэлым сітуацыя ў прамысловасці, па словах кіраўніка ўрада, цалкам задавальняць не можа. «Але калі такія тэндэнцыі будуць працягвацца (а ёсць усе перадумовы меркаваць, што так і будзе), то, думаю, праз некалькі месяцаў мы таксама выйдзем на станоўчую дынаміку менавіта ў прамысловасці, — заўважыў Аляксандр Турчын. — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: сітуацыя ў прамысловасці вельмі неаднародная. Таму гаварыць аб тым, што праблема ва ўсім прамысловым комплексе, я б не стаў. Але на асобных прадпрыемствах ёсць сур’ёзныя праблемы, звязаныя як з аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі фактарамі».

  • Па словах Прэм’ер-міністра, адной з тэм даклада Прэзідэнту была яго камандзіроўка ў Санкт-Пецярбург, дзе адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў краін СНД, у тым ліку з Прэм’ер-міністрам Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным. «У нас, вядома, была магчымасць абмеркаваць увесь спектр нашых беларуска-расійскіх узаемаадносін, тыя пытанні, якія ў нас узнікаюць, — удакладніў Аляксандр Турчын. — Мы прымалі цэлы шэраг канкрэтных рашэнняў. Літаральна ўчора нашы спецыялісты былі па выніках нашых дамоўленасцяў у Маскве, і ўчора вечарам мы з Міхаілам Уладзіміравічам яшчэ раз стэлефанаваліся. Шэраг пытанняў вырашылі станоўча, на ўзаемавыгадных умовах».

Аб гэтым кіраўнік урада далажыў беларускаму лідару. «На бліжэйшай сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным яны будуць абмяркоўваць усе нашы ўзаемаадносіны, — канстатаваў ён. — Але, як гаворыць наш Прэзідэнт, мы, урады, пастараліся зрабіць так, каб тэм для абмеркавання прэзідэнтамі было як мага менш».

Аляксандр Турчын праінфармаваў, што 8-9 ліпеня ў Мінску з візітам чакаюць Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева. «Мы з ім сустракаліся, фактычна абмеркавалі тэматыку маючага адбыцца візіту, магчымыя наведванні падчас візіту, беларуска-ўзбекскія ўзаемаадносіны, якія развіваюцца вельмі дынамічна і паспяхова, — праінфармаваў Прэм’ер-міністр. — Таму мы з задавальненнем чакам Прэзідэнта (Узбекістана. — „Зв.“) для таго, каб лідары нашых краін узнялі ўзровень нашых узаемаадносін на новы этап. І калі не сёлета (а я думаю, што ўсё-такі ў гэтым годзе) першае даручэнне аб дасягненні мільярднага тавараабароту мы выканаем. І стаіць задача да 2030 года яго падвоіць. Амбіцыйная задача, пад якую трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў для таго, каб выканаць даручэнні кіраўнікоў дзяржаў».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю