Top.Mail.Ru

Аляксандр Турчын правёў сустрэчы з калегамі — прэм’ерамі Таджыкістана і Казахстана ў Душанбэ

У рамках рабочага візіту Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына ў Душанбэ, куды ён накіраваўся для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, 4 чэрвеня адбыўся шэраг сустрэч з калегамі — прэм’ерамі Таджыкістана і Казахстана.


Кірунак, у якім трэба рухацца

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Таджыкістана Кахірам Расулзадай Аляксандр Турчын акцэнтаваў увагу на тым, што супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана характарызуецца дынамічным развіццём гандлёва-эканамічных адносін.

— Па выніках мінулага года мы дасягнулі нядрэнных вынікаў. Аб’ём двухбаковага тавараабароту перавысіў 168 мільёнаў долараў, што дазволіла нашай краіне ўвайсці ў дзясятку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Таджыкістана, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Беларусі.


Ён падзякаваў свайму калегу за цёплы прыём на таджыкскай зямлі:

— Падмуркам нашых адносін служаць адносіны нашых лідараў. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, калі гаворыць пра кіраўніка Таджыкістана — гэта заўсёды асаблівая цеплыня, асаблівая павага. У нас ёсць пачуццё задавальнення ад нашага супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускага ўрада выказаў упэўненасць, што новы імпульс двухбаковым адносінам надасць адкрыццё ў Мінску гандлёвага дома Таджыкістана.

— Усе рашэнні прынятыя, і цяпер застаецца прыступіць да актыўнай фазы рэалізацыі гэтага праекта. Таму, мяркую, гэта будзе яшчэ адным крокам да таго, каб нашы краіны лепш пазнавалі адна адну і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны рухаліся наперад, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Турчын дадаў, што ў рамках рабочага візіту запланавана наведванне прадпрыемства «Агратэхсэрвіс», якое займаецца зборкай тэхнікі.

— Стварэнне сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Таджыкістана і нашай краіны — гэта важны і правільны кірунак, таму што вырашае нашы агульныя задачы. Мяркую, гэта правільны кірунак, у якім нам неабходна рухацца, — падсумаваў Аляксандр Турчын.


У сваю чаргу прэм’ер-міністр Таджыкістана Кахір Расулзада адзначыў, што дзякуючы палітычнай волі супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана даўно выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства:

— Беларуска-таджыкскія адносіны на сучасным этапе характарызуюцца высокім дынамізмам. Ключавую ролю ў падтрыманні высокага ўзроўню адносін адыгрываюць шчырыя, дружалюбныя, брацкія сувязі паміж прэзідэнтамі дзвюх краін.

Ён нагадаў, што толькі за чатыры месяцы бягучага года адбыліся дзве тэлефонныя размовы кіраўнікоў дзяржаў, падчас якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і намечаны далейшыя крокі па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

— Актыўна развіваецца міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Беларусь і Таджыкістан прытрымліваюцца падобных пазіцый па многіх міжнародных пытаннях, актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных, рэгіянальных арганізацый, — дадаў прэм’ер-міністр Таджыкістана.

Патэнцыял для развіцця ёсць

Пасля размовы з таджыкскім калегам адбылася сустрэча Аляксандра Турчына з прэм’ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым, які таксама прыбыў у Душанбэ для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

— Казахстан — не чужая краіна, — падкрэсліў у пачатку сустрэчы Аляксандр Турчын.

Ён нагадаў, што ў свой час, працуючы на пасадзе першага віцэ-прэм’ера, узначальваў беларускую частку міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве:

— Насамрэч мы тады вельмі шмат карыснага зрабілі для нашых дзвюх краін.

255839-01.jpg

Прэм’ер-міністр выказаў задавальненне дасягнутым узроўнем двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін:

— Сёння дзякуючы адносінам лідараў нашых краін узаемадзеянне знаходзяцца на высокім узроўні, і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва (для нас Казахстан — найважнейшы партнёр) знаходзіцца ў добрым стане, але заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Вяртаючыся ў перыяд свайго сустаршынства ў міжурадавай камісіі, Прэм’ер-міністр Беларусі адзначыў, што бакі рэалізавалі тады шмат праектаў па стварэнні сумесных вытворчасцяў, асабліва ў сферы машынабудавання, падкрэсліўшы, што Беларусь і Казахстан абсалютна дакладна выбралі ключавы вектар развіцця супрацоўніцтва ў прамысловай сферы і развіцці вытворчай кааперацыі.

— Мяркую, гэта было абсалютна правільнае рашэнне, і цяперашняя сітуацыя паказвае, што рэалізацыя такіх мерапрыемстваў адпавядае інтарэсам нашых краін, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада. — Таму зборачныя вытворчасці беларускіх камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў рухаюцца на нармальным узроўні. Але ёсць яшчэ тэма зборкі кар’ернай тэхнікі, іншыя пытанні, якія, на мой погляд, патрабуюць пэўнай інтэнсіфікацыі ў нашых адносінах.

Таксама Аляксандр Турчын падзякаваў свайму казахстанскаму калегу за ўзгадненне адкрыцця Генконсульства нашай краіны ў Алматы і выказаў упэўненасць, што да канца бягучага года яно адчыніць свае дзверы.

— У найбліжэйшы час асноўнай задачай бачу павелічэнне ўзаемных намаганняў па нарошчванні станоўчай дынамікі ў гандлі. Патэнцыял для таго, каб павялічыць пастаўкі тавараў, як беларускіх, так і казахстанскіх, існуе, — канстатаваў Прэм’ер-міністр Беларусі.

Са свайго боку Алжас Бекценаў канстатаваў: адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца дынамічна, па ўзыходзячай па ўсім спектры адносін.

— Задача двух урадаў — вельмі эфектыўна і актыўна займацца рэалізацыяй тых дамоўленасцяў, якія дасягнуты і дасягаюцца на вышэйшым узроўні, — падкрэсліў ён. — Упэўнены, што ў нас з вамі гэта атрымаецца. Асноўны фокус — эканоміка. 

Тавараабарот у нас па выніках мінулага года склаўся на ўзроўні 900 мільёнаў долараў. У першым квартале гэтага года дынаміка станоўчая, тавараабарот толькі за квартал дасягнуў 200 мільёнаў, гэта на 3,6 % больш, чым летась. 

Зачын ёсць, патэнцыял вельмі вялікі, таму нам ёсць куды ісці і імкнуцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю