Аляксандр Турчын уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер.
Сёння ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, будаўніцтва, сувязі, транспарту, энергетыкі, сферы сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры і спорту. Адпаведныя распараджэнні і ўказы аб узнагароджанні падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У спісе ўзнагароджаных — больш за 50 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Павіншаваў і ўручыў узнагароды найлепшым супрацоўнікам розных сфер Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі самых розных прафесій. Усе тыя, хто штодзённай самаадданай працай і талентам робіць наша жыццё і нашу краіну лепшымі. Іх праца — не проста фармальнае выкананне абавязкаў, але гонар і прыклад для наступных пакаленняў. Стаж многіх, адзначаных узнагародамі, налічвае некалькі дзясяткаў гадоў.
«Сёння мы ўшаноўваем тых, чыя праца ўносіць рэальны ўклад ва ўмацаванне эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны, — звяртаючыся да прысутных, адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі самых розных галін: аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, культуры і многіх іншых».
Кіраўнік урада падкрэсліў, што за кожнай з узнагарод стаіць гісторыя самаадданай працы тых, хто сваім прыкладам даказвае, што сіла Беларусі — у яе людзях. «Вы — той падмурак, тая апора, якая робіць нашу краіну моцнай, — звярнуўся Аляксандр Турчын да ўзнагароджаных. — Высокая дзяржаўная ўзнагарода — гэта не толькі пашана і павага. Гэта і вялікая адказнасць — быць прыкладам для іншых, асабліва для маладога пакалення. Паказваць, што значыць любіць сваю Радзіму не на словах, а на справе, што добрасумленная праца, вернасць абавязку і гатоўнасць прыйсці на дапамогу — тыя каштоўнасці, якія фарміруюць стрыжань нашай нацыі».
Ад імя ўрада і ад сябе асабіста Аляксандр Турчын павіншаваў прысутных з гэтай знамянальнай падзеяй у іх жыцці, а таксама падзякаваў за працу. «Вашы дасягненні натхняюць, усяляюць гонар за нашу краіну і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Жадаю вам моцнага здароўя, новых сіл для рэалізацыі самых смелых планаў, дабрабыту вам і вашым блізкім», — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Вялікая група работнікаў удастоена медаля «За працоўныя заслугі». У іх ліку — прадстаўнікі МАЗа, холдынга «БелОМА», «Белпошты», ААТ «БАТЭ» — кіруючая кампанія холдынга «Аўтакампаненты», Беларускай універсальнай таварнай біржы, Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і інш.
Медалём узнагароджана і рэктар Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (г. Гомель) Святлана Лебедзева. Яна выказала асаблівую падзяку свайму працоўнаму калектыву. «Асноўны лозунг нашага ўніверсітэта — будзь творцам эканомікі поспеху. У гэтай зале сёння сабраліся тыя, хто сапраўды ўносіць свой уклад у інавацыйнае, устойлівае развіццё краіны», — адзначыла яна.
Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны — артыст балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» Алена Багданава, дырэктар сярэдняй школы № 1 Баранавічаў імя С. І. Грыцаўца Марына Купцова, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Гомельская праўда» Вячаслаў Мінкоў, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 14 Маладзечна Алена Спецыян і іншыя.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА