Матчына праца часта застаецца незаўважанай у паўсядзённай мітусні, але толькі не з боку дзяржавы. Вось і напярэдадні Міжнароднага жаночага дню 31 шматдзетная мама з 14 раёнаў Мінскай вобласці атрымала ордэны Маці. Заслужаную ўзнагароду жыхаркам рэгіёна ўручыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі.
Віншуючы жанчын з атрыманнем дзяржаўнай узнагароды, кіраўнік вобласці расказаў, што імкнёцца ўсе цырымоніі ўзнагароджання шматдзетных маці праводзіць сам. «А з іншага боку, ідучы на гэтую кранальную цырымонію, я заўсёды хвалююся. Бо трэба падабраць правільныя, шчырыя словы, — прызнаўся Аляксандр Турчын. — У гэтай зале прысутнічаюць прадстаўніцы розных прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае адна агульная — быць маці. Выхаваць пяць і больш дзяцей — цяжкая праца, аднак гэтая праца ўдзячная: любоў, павага вашых дзяцей пераважваюць усе цяжкасці».
Дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць сем’і, запэўніў старшыня Мінскага аблвыканкама: «Будзем будаваць школы, дзіцячыя сады, бальніцы, спартыўныя комплексы: старацца зрабіць усё, каб вам было лягчэй і камфортней жыць».
Аляксандр Турчын падзякаваў жанчынам за іх нялёгкую мацярынскую працу, пажадаў здароўя, шчасця, дабрабыту: «Мяне як кіраўніка вобласці вельмі радуе, што з кожным годам у нас колькасць шматдзетных сем’яў становіцца ўсё больш і больш. Значыць, і будучыня нашай краіны ўстойлівей. Бо без людзей, як вядома, краіны не бывае. Я пра гэта не раз казаў: так, ёсць штучны інтэлект, ёсць робаты, але ніколі машыны не заменяць чалавека. Таму чым больш у нас будзе ў краіне людзей, тым больш у нас будзе дзяцей. І тым стабільней будзе наша развіццё».
Ад імя шматдзетных маці Мінскай вобласці выступіла Юлія Кузьміцкая. Яна падзякавала кіраўніцтву краіны, вобласці за высокую ўзнагароду і за падтрымку, якую аказваюць усім сем’ям: «Ордэн Маці — найвышэйшая ўзнагарода за нашу матчыну працу. Але гэта і вялікі гонар, адказнасць. Нашы дзеці — працяг нас ва ўсім, наша багацце. Мы, маці Міншчыны, пастараемся так выхаваць дзяцей, каб яны выраслі добрымі людзьмі, годным грамадзянамі краіны».
Сумяшчаць сямейныя клопаты з паспяховай кар’ерай няпроста, аднак шматдзетным мамам гэта ўдаецца. Яны выходзяць з дэкрэтных адпачынкаў і працягваюць працаваць урачами, кухарамі, выхавацелямі, настаўнікамі, інжынерамі, медсёстрамі, заатэхнікамі. Пры гэтым не хаваюць: быць мамай — іх галоўная прафесія.
Паводле слоў 24-гадовай віляйчанкі Зінаіды Семянковай, пасля нараджэння дзяцей яе жыццё памянялася кардынальна. Па-першае, цалкам адпала пытанне, як і чым заняць вольны час, а яшчэ сям’я пераехала з вёскі ў горад: «Напэўна, мы з мужам тыповыя шматдзетныя бацькі: з’явіўся сыночак, каб не сумаваў — нарадзілі яму сястрычку. А потым зразумелі, што двое дзяцей — усё ж такі мала, і захацелі яшчэ траіх! Цяпер у нас пяць карапузаў, самай малодшай дзяўчынцы нядаўна споўнілася два гады. Кожнаму дзіцяці трэба надаць час: пагуляць, зрабіць урокі, адвесці на трэніроўку. У гэтым мне выдатна дапамагаюць муж і свякроў, без іх бы дакладна не справілася», — упэўненая мама Зінаіда.
Падчас размовы Зінаіда звярнула ўвагу: яны з мужам займаюцца фермерствам. Так што сыны і дочкі з дзяцінства прывучаны да экалагічна чыстай гародніне, садавіне, ягадам. Крамная, кажа шматдзетная мама, у іх у сям’і не ў пашане: «Працуем з мужам на зямлі, тым самым паказваем дзецям прыклад, як трэба берагчы і любіць сваю справу, паважліва ставіцца да малой радзімы. Усе нашы дзеці працавітыя, і для мяне гэта асабліва важна: калі чалавек не прывучаны да нейкай справы, яму будзе складана ў жыцці. За сваіх дзяцей я ў гэтым плане спакойная».
У жыхаркі Фаніпаля Анастасіі Калоднік чатыры хлапчукі — Яраслаў, Іван, Андрэй, Саша — і маленькая Каця. Жанчына запэўнівае, што з пяццю дзецьмі ёй значна прасцей спраўляцца, чым з адным: «Старэйшыя дапамагаюць па хаце, гуляюць з малымі. Гэта магчымасць прыгатаваць абед для ўсёй сям’і і не баяцца, што хтосьці з карапузаў прыбяжыць на кухню і цішком залезе ў шафу, паб’е ўвесь посуд, — смяецца шматдзетная мама. — Вольная хвілінка для сябе таксама застаецца: люблю вязаць, вышываць, маляваць».
На 8 сакавіка, кажа жанчына, уся сям’я паедзе ў вёску да бабулі і дзядулі — гэта ўжо традыцыя, якой не змяняюць апошнія некалькі гадоў: «Бацькі мужа жывуць недалёка ад нас, таму на вялікія святы ездзім да іх у госці. Абавязкова будзе вялікі стол, шмат пачастункаў: маці сужэнца — выдатная гаспадыня! А ў нас дома ўсе абавязкі па гатаванні кладуцца на мяне. Пешчу дзетак і мужа рознымі прысмакамі, нават торцікі выпякаць, але самае любімае іх страва — пюрэ з катлетамі».
У случчанкі Святланы Пятровай 6 дзяцей: тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Жанчына кажа, што гэта цалкам заканамерна, бо яна таксама са шматдзетнай сям’і: «У мамы было 8 дзяцей, і я — самая малодшая. Усе зайздросцілі: маўляў, любіміца бацькоў. А мне было крыўдна, што не магу паняньчыць сваіх братоў ці сясцёр, бо яны ўсё старэйшыя за мяне. Тады падумала: вырасту, выйду замуж, нараджу шмат дзяцей і буду іх няньчыць! Як загадала, так усё і атрымалася».
Пакуль сям’я Пятровых жыве ў здымнай кватэры, але ўжо заканчвае будаўніцтва свайго дома — у маі рыхтуюцца пераехаць: «Нам выдзелілі крэдыт, плюс скарысталіся матчыным капіталам. Пабудавалі дом плошчай 132 квадраты, з мансардай: другі паверх адвялі пад гульнявыя, каб дзеткам было дзе весяліцца».
Што тата падорыць сваім дзяўчынкам на 8 сакавіка? Святлана ўпэўненая, што абавязкова будуць кветкі. «Муж не асоба арыгінальнічае, таму яшчэ купляе духі. Сярэдняя дачка любіць кафэ ў цэнтры горада: думаю, муж яе туды завядзе. А я б хацела ў Мінску куды-небудзь схадзіць».
На пытанне, ці не збіраецца за сёмым дзіцем, мама Святлана адказала ўнікліва — калі Бог дасць, будзе і сёмы: «Мы з мужам кожнага дзіцяці ўспрымаем як Божы цуд. Калі я была цяжарная другой дачкой, урачы прапаноўвалі зрабіць аборт: УГД паказала, што дзіцяці народзіцца з адхіленнямі. Я не пагадзілася і правільна зрабіла. Арынка з’явілася на свет абсалютна здаровай, ужо ў школу ходзіць. Памятаю, як пасля нараджэння дачкі мы прыехалі да галоўнага генетыка, каб здаць усе аналізы: урачы тады сказалі, што наша Арына — сапраўдны цуд».
Вікторыя Петрушэня з Жодзіна прызнаецца: першапачаткова яны з мужам не планавалі вялікую сям’ю. Думалі спыніцца на трох дзетках. «Але потым нарадзіўся чацвёрты, пяты, і мы ўжо не разумелі, як раней жылі без гэтых крошак, — расказала Вікторыя. — Так, кожны дзень ранні ўздым, трэба адных сабраць у садок, іншых — у школу, але спраўляемся з мужам».
Усе вялікія святы сям’я адзначае дома, у коле блізкіх людзей. «На асабістым прыкладзе паказваем дзецям, як важныя сям’я, традыцыі. Яшчэ вучым іх быць сумленнымі, прыстойнымі. Не адмаўляць блізкім у дапамозе, не гнацца за матэрыяльнымі выгодамі. І самае галоўнае — быць добрымі, спагадлівымі», — дадала шматдзетная мама.
Анастасія Сянькевіч з Лагойска вырашыла стаць шматдзетнай мамай пасля зносін з такімі ж сем’ямі. «Гэта аказалася заразліва! А яшчэ мая мама — са шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася 7 дзяцей. Я бачыла, як яна сябруе са сваімі братамі і сёстрамі, — адзачыла Анастасія. — Увогуле, адважыліся з мужам на вялікую сям’ю, цяпер у нас чатыры хлапчукі і дачушка».
Галоўны памочнік і падтрымка жанчыны — муж. «Ён працуе, але калі ўвечары вяртаецца, кажа, што менавіта дома, з дзецьмі пачынаецца яго асноўная работа. Таму што на рабоце сёння ты працуеш на адным месцы, заўтра на іншым, але тата ты — назаўжды».
Цікава, што яшчэ тры гады таму Анастасія Сянькевіч была мінчанкай: вялікая сям’я тулілася ў малюсенькай кватэрцы плошчай 34 квадраты: «Мы ўсё роўна здымалі дом, каб дзеці хаця б некалькі месяцаў пажылі на прыродзе. А потым падумалі, навошта такія складанасці, калі можна назаўжды перабрацца бліжэй да прыроды. Прадалі кватэру ў Мінску, скарысталіся дзяржпадтрымкай і купілі дом у Лагойску. Гэта самае наша ўдалае набыццё».
Анастасія з гонарам кажа, што яе дзеці не залежныя ад гаджэтаў, хоць тэлефоны ў іх ёсць: «У нас дома каля 30 настольных гульняў, плюс дзеткі наведваюцьспартыўныя секцыі, творчыя гурткі, музычную школу. Стараемся з мужам заняць іх, арганізаваць вольны час так, каб гульні і сацсеткі сыходзілі на апошняе месца. Цяпер яны і самі дзякуюць за гэта — значыць, выхоўваем дзяцей правільна».
Пасля ўрачыстай часткі сем’і адправіліся на экскурсію ў Музей Вялікай Айчыннай вайны.
Фота тэлеграм-канала «Мінская вобласць І Пра галоўнае»