Top.Mail.Ru

Беларусь і Кыргызстан падпісалі дарожную карту па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва да 2030 года

У панядзелак у Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына са старшынёй Кабінета Міністраў — кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Адылбекам Касымаліевым. На ёй бакі абмеркавалі патэнцыял далейшага супрацоўніцтва ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, інавацыйных тэхналогіях, падпісалі шэраг пагадненняў і мемарандумаў. 


«Ваш афіцыйны візіт, першы за 24 гады, — гэта значная падзея ў нашых двухбаковых адносінах. Мы, вядома ж, рэгулярна і эфектыўна сустракаемся на пляцоўках інтэграцыйных аб’яднанняў — ЕАЭС і СНД. Асаблівыя надзеі ўскладаем на актывізацыю ўзаемадзеяння ў фармаце ШАС, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Тым не менш з улікам нашых саюзніцкіх адносін прапаную ў далейшым паставіць на сістэмную аснову арганізацыю ўзаемных двухбаковых афіцыйных кантактаў. Беларусь і Кыргызстан звязвае доўгатэрміновае партнёрства, заснаванае на моцным сяброўстве і ўзаемнай павазе. Безумоўна, тон у супрацоўніцтве задаюць лідары нашых краін, паміж якімі склаліся даверныя адносіны. Гэта накладае на нас асаблівую адказнасць».

Паводле слоў кіраўніка ўрада, асновай беларуска-кыргызскіх адносін з’яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое ахоплівае шырокі спектр кірункаў: «Прыемна, што ўзаемны гандаль дэманструе пазітыўныя тэндэнцыі, нават ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі. У 2024 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас больш чым на 15 %. Сёлета тэндэнцыя росту паставак з абодвух бакоў захоўваецца. Прымножыць зададзеныя тэмпы — першачарговая задача двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, работу якой курыруюць нашы віцэ-прэм’еры». 

PIV_1172_result.jpg

Аляксандр Турчын нагадаў, што на 12-м пасяджэнні камісіі, якое паспяхова прайшло ў Бішкеку ў лістападзе 2024 года, былі прыняты амбіцыйныя планы па давядзенні ў бліжэйшыя 5 гадоў тавараабароту да 1,5 мільярда долараў. У мэтах дасягнення гэтай высокай планкі ўжо рэалізуецца Дарожная карта супрацоўніцтва да 2027 года. «Лакаматывам, безумоўна, з’яўляецца супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, у якой найбольш ярка выяўляецца ўзаемадапаўняльнасць нашых эканомік. Беларусь і Кыргызстан валодаюць значным патэнцыялам для нарошчвання супрацоўніцтва ў такіх ключавых галінах, як машынабудаванне, сельская гаспадарка, інавацыйныя тэхналогіі. Аднак мы не павінны рабіць акцэнт толькі на аб’ёмах паставак. Важны і якасны складнік. Перспектывы мы бачым у пашырэнні прамысловай кааперацыі. Гэтыя сферы ў комплексе адкрываюць шырокія магчымасці для сумеснага абмену вопытам і рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў, выгадных абодвум бакам», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. 

Узаемадзеянне на міжрэгіянальным узроўні таксама з’яўляецца важным складнікам супрацоўніцтва, які закліканы ўнесці свой уклад у дасягненні пастаўленай мэты па нарошчванні аб’ёму двухбаковага гандлю. «Актыўна развіваюцца бізнес-кантакты. Прыкметнай падзеяй стала правядзенне ў чэрвені 2025 года бізнес-форуму дзелавых колаў Беларусі і Кыргызстана на пляцоўцы выставы „Белагра“ ў Мінску. Практыку правядзення такіх форумаў важна прадоўжыць», — акцэнтаваў Аляксандр Турчын.

Акрамя таго, Прэм’ер-міністр адзначыў, што бягучая сустрэча не абмяжоўваецца эканомікай і гандлем, а ахоплівае таксама гуманітарную сферу супрацоўніцтва. Пашырэнне сувязяў у культуры, спорце і турызме дазволіць умацаваць падмурак двухбаковых адносін і ўзбагаціць іх змест.

У сваю чаргу старшыня Кабінета міністраў — кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Адылбек Касымаліеў адзначыў, што ў аснове двухбаковых адносін — агульная памяць аб гераічным мінулым: «Гэта трывалы падмурак. Паміж краінамі заключана больш за 50 двухбаковых міжнародных дагавораў. Бакі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі інтэграцыйных аб’яднанняў. Бачым ключавую задачу — напоўніць наша ўзаемадзеянне канкрэтнымі эканамічнымі праектамі. Зацікаўлены ў арганізацыі на базе Кыргызстана зборачных вытворчасцяў сельскагаспадарчай тэхнікі». Таксама Кыргызстан бачыць значны патэнцыял у пашырэнні паставак прадукцыі, абмене вопытам у сферы жывёлагадоўлі і інш. Адзін з ключавых кірункаў — прамкааперацыя.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Прэм’ер-міністр Беларусі падкрэсліў: «Мы вызначылі сумесныя крокі па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва па шырокім коле пытанняў, а таксама шляхі пашырэння двухбаковага гандлю і гуманітарнага супрацоўніцтва. Кыргызскаму боку прапанавана супрацоўніцтва ў сферы паставак беларускай сельскагаспадарчай камунальнай і кар’ернай тэхнікі, развіццё прамысловай карпарацыі для работы ў Кыргызстане зборачных вытворчасцяў ліфтавага абсталявання і трансфарматараў. Дамовіліся аб узаемадзеянні ў галіне сельскай гаспадаркі, перш за ўсё, — у сферы жывёлагадоўлі і ветэрынарыі, пастаўках харчавання. Асобную ўвагу ўдзялілі экалагічнаму парадку дня, рэалізацыі праектаў у сферы перапрацоўкі цвёрдых бытавых адходаў па беларускіх тэхналогіях, удзелу беларускага боку ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Кыргызстане». 

На перагаворах не абмінулі ўвагай і супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, культуры, спорту і турызму. Асаблівую ўвагу аддалі міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. «Па многіх прынцыпова важных аспектах развіцця нашых адносін дасягнута паразуменне, а па выніках сустрэчы падпісаны вялікі пакет двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Мяркую, што гэтым мы стварылі добры зачын на будучыню. Гэтыя перагаворы даказалі, што паміж Мінскам і Бішкекам няма невырашальных пытанняў».

Сярод найважнейшых дакументаў, якія былі падпісаны падчас сустрэчы, — Дарожная карта па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі да 2030 года. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю