Top.Mail.Ru

Урад прыняў удзел у суботніку на будаўніцтве хірургічнага корпуса Мінскай абласной клінічнай бальніцы

Адзін з прыярытэтаў палітыкі нашай дзяржавы


Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, віцэ-прэм’еры і работнікі Апарата Савета Міністраў узялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Прадстаўнікі ўрада працавалі на будаўніцтве хірургічнага корпуса № 2 Мінскай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласной клінічнай бальніцы" ў аграгарадку Лясны Мінскага раёна. 

Хірургічны корпус прызначаны для аказання высокакваліфікаванай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем сучасных методык лячэння і абсталявання. Корпус разлічаны на 380 ложка-месцаў у профільных аддзяленнях і 24 ложка-месцы ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Корпус складаецца з чатырох блокаў, якія злучаюцца ў цэнтральнай частцы.

Як адзначыў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, узвядзенне корпуса мае працяглую гісторыю. «Былі ўжо некалькі спробаў яго будаўніцтва. Рашэннем кіраўніка дзяржавы было вызначана, што ўсё ж такі корпусу быць. Наведваючы дзіцячую абласную клінічную бальніцу, Прэзідэнт паставіў выразную задачу — да 9 мая 2026 года гэты аб’ект павінен быць завершаны. Задача досыць напружаная, але тым не менш я сёння бачу, што яна выканальная», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, хірургічны корпус Мінскай абласной бальніцы — толькі «верхнеузроўневая» частка медыцынскіх аб’ектаў вобласці. «Недалёка размешчаны дзіцячая абласная клінічная бальніца і шпіталь імя Машэрава. У перспектыве плануем, што ўсе гэтыя аб’екты будуць працаваць як адзінае цэлае», — сказаў Прэм’ер-міністр. 

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што Мінская вобласць пасля горада Мінска самая буйная па колькасці людзей. Вельмі важна, каб жыхары вобласці маглі атрымліваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме. «Пасля ўводу гэтага корпуса з дзіцячай абласной клінічнай бальніцы будзе пераведзена аддзяленне для дарослых пацыентаў альбо ў гэты корпус, альбо ў вызваленыя карпусы бальніцы, якія таксама будуць адрамантаваны і рэканструяваны. Гэта дазволіць нам таксама пашырыць якасную медыцынскую дапамогу для дзяцей, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. — Відавочна, што ўвод корпуса і завяршэнне ўсёй гэтай рэарганізацыі дазволіць істотна нарасціць як аб’ём, так і якасць медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца насельніцтву не толькі Мінскай вобласці». 

Аляксандр Турчын адзначыў, што ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы лечацца людзі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Сёння бальніца становіцца цэнтрам рэспубліканскага ўзроўню. Ён дадаў, што корпус, які будуецца, з’яўляецца карысным аб’ектам, які яшчэ раз паказвае, што медыцына з’яўляецца адным з прыярытэтаў палітыкі нашай дзяржавы. «І ў гэта ўкладваюцца немалыя грошы. Амаль 500 мільёнаў беларускіх рублёў каштуе гэты корпус. У кожным рэгіёне нашай краіны штогод укладваюцца немалыя грошы ў сістэму аховы здароўя», — канкрэтызаваў Аляксандр Турчын.

Дарэчы, будаўніцтва хірургічнага корпуса пачалося ў 2023 годзе. На яго ўзвядзенне і закупку абсталявання выдаткавана амаль 500 мільёнаў рублёў. Падобныя праекты рэалізуюцца і ў іншых рэгіёнах краіны — Віцебскай, Гродзенскай і іншых абласцях. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ўрад кантралюе і забяспечвае крыніцы фінансавання, каб усе аб’екты ўводзіліся ў эксплуатацыю своечасова, а дзяржаўныя даручэнні выконваліся.

Хірургічны корпус стане найбуйнейшым у рэгіёне: яго плошча — больш за 60 тысяч квадратных метраў. Васьміпавярховы будынак разлічаны на 380 ложка-месцаў. У палатах плануюць размяшчаць па 2-3 пацыента.

У ходзе рэспубліканскага суботніка зароблена каля 19,4 — 19,5 мільёна рублёў. Гэта амаль на 3 мільёны рублёў больш, чым на мінулым суботніку, які праводзіўся 12 красавіка, расказала журналістам намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. Яна адзначыла, што да суботніка далучыліся 2,3 мільёна чалавек. «У Год добраўпарадкавання мы ўпершыню правялі два рэспубліканскія суботнікі за год. Вельмі прыемна, што, нягледзячы на дажджлівае надвор’е ў Мінску і, магчыма, у іншых населеных пунктах краіны, у гэтым мерапрыемстве паўдзельнічала вялікая колькасць чалавек», — сказала намеснік Прэм’ер-міністра.

Яна дадала, што ў пастанове Савета Міністраў вызначаны мэты расходавання грашовых сродкаў. «50 % сродкаў, сабраных падчас рэспубліканскага суботніка, будуць накіраваныя на мэты, якія запланаваны ў рэгіёнах. А яшчэ 50 % будуць накіраваныя на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Характэрна, што сёлета загадзя вызначаныя мэты выдаткаў грашовых сродкаў у кожным рэгіёне і кожны грамадзянін можа ўбачыць, ва што ён унёс свой уклад», — канкрэтызавала Наталля Пяткевіч. 

Паводле яе слоў, у рэгіёнах суботнікі праводзяцца па тры-чатыры разы на год. «Напрыклад, у Гомельскай вобласці за кошт суботнікаў, якія некалькі разоў на працягу года праводзяцца, узведзена некалькі вельмі значных аб’ектаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Важна разумець, куды ідуць грошы і на што яны выдаткоўваюцца. Хочацца, каб часцінка тваёй працы служыла рэальнай карысці для краіны», — рэзюмавала Наталля Пяткевіч.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю