Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з губернатарам Астраханскай вобласці Ігарам Бабушкіным.
— Вы не першы раз у Беларусi, таму для мяне на самай справе вельмi важна ваша меркаванне наконт новых перспектыў, гарызонтаў i кiрункаў, якiя вы бачыце ў супрацоўнiцтве з Рэспублiкай Беларусь, — звярнуўся прэм’ер да Iгара Бабушкiна.
Такiмi перспектыўнымi кiрункамi Аляксандр Турчын лiчыць пастаўкi беларускай тэхнiкi ў расiйскi рэгiён i павелiчэнне аб’ёмаў перавалкi беларускiх грузаў праз астраханскiя парты.
— Але ёсць i iншыя кiрункi, у якiх мы маглi б паспяхова супрацоўнiчаць. Ваш вiзiт i сустрэча з кiраўнiком дзяржавы надасць iмпульс развiццю нашых узаемаадносiн, — упэўнены кiраўнiк беларускага ўрада.
Ёсць шмат кiрункаў развiцця супрацоўнiцтва Беларусi i Астраханскай вобласцi, лiчыць Iгар Бабушкiн.
— У нас ёсць рост тавараабмену, але разам з тым мы бачым i разумеем, што ёсць яшчэ пытаннi. У нас вельмi добра наладжана ўзаемадзеянне ў сферы ўзаемных кантактаў па сельскай гаспадарцы — гэта абмен насенным фондам, — адзначыў ён.
Таксама губернатар падкрэслiў, што 70 працэнтаў сельскагаспадарчай тэхнiкi, якая выкарыстоўваецца цяпер у галiне, — гэта машыны вытворчасцi Мiнскага трактарнага завода. Тры гады таму на тэрыторыi Астраханскай вобласцi быў адкрыты гандлёва-сэрвiсны цэнтр, што i паклала аснову паспяховаму супрацоўнiцтву. За гэты час было закуплена 450 трактароў.
Па лiнii жыллёва-камунальнай гаспадаркi бакi хутка наладзiлi эфектыўнае ўзаемадзеянне па пастаўках лiфтавага абсталявання «Магiлёўлiфтмаша».
— Мы самi былi там, ацанiлi якасць прадукцыi, выбралi мадэлi, якiя прымальныя для пераўзбраення нашых шматкватэрных дамоў пры капрамонце. Сёння ў нас у рабоце 32 дамы, 122 лiфты ўстаноўлена. На найблiжэйшую перспектыву яшчэ 300 лiфтаў мы гатовы закупiць, — звярнуў увагу губернатар.
Па лiнii транзiтных грузаў Iгар Бабушкiн адзначыў, што Астраханская вобласць гатова павялiчыць аб’ёмы перавалкi беларускiх грузаў праз свае парты.
— Умовы ў нашых партах створаны, у тым лiку спецыяльныя для транзiту такiх грузаў, як папера, дрэва, тэхнiка, угнаеннi. Нашы патэнцыяльныя магутнасцi ў партах складаюць 16 мiльёнаў тон. У мiнулым годзе праз нашы парты было перавалена 6 мiльёнаў тон — гэта абсалютны рэкорд, — заявiў ён. — Нам ёсць што прапанаваць з пункту гледжання базы для перавалкi грузаў. Акрамя таго, радуе, што прамысловыя прадпрыемствы ўваходзяць у кааперацыю.
Адзiн з новых перспектыўных кiрункаў, якiя павiнны развiваць Беларусь i Астраханская вобласць, на думку Iгара Бабушкiна, — гэта турызм. Расiйскi рэгiён, у прыватнасцi, можа прапанаваць беларусам азнаёмiцца з магчымасцямi рыбалкi на сваёй тэрыторыi, а таксама наведаць мясцовыя выдатныя мясцiны.
— Гэта можа быць цiкава для Беларусi. А прыгожыя i выдатныя мясцiны Беларусi могуць быць цiкавыя астраханцам, — адзначыў ён.
Гуманiтарнае супрацоўнiцтва таксама нязменна суправаджае ўзаемаадносiны Беларусi i Астраханскай вобласцi, дадаў губернатар.
— Мы дамаўляемся аб культуры, спорце, абмене вiзiтамi дэлегацый моладзi, мерапрыемствах патрыятычнай накiраванасцi, — падкрэслiў кiраўнiк вобласцi.
Паводле БелТА
Фота БелТА