Стварэнне трывалай і ўзаемазвязанай эканамічнай прасторы, якая забяспечвае бесперабойны рух тавараў, паслуг, капіталу і тэхналогій, як ніколі актуальна. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў ШАС у пашыраным складзе, якое праходзіць сёння ў Таджыкістане, перадае БелТА.
«Дзяржавы-ўдзельніцы ШАС валодаюць значнымі вытворчымі, тэхналагічнымі, рэсурснымі, фінансавымі і чалавечымі магчымасцямі. Сёння ШАС — гэта каля паловы насельніцтва планеты, трэць сусветнага ВУП і 20% сусветнага тавараабароту. Але за глабальнымі лічбамі важна бачыць канкрэтныя краіны, а не абстрактныя значэнні, — сказаў Аляксандр Турчын. — Важна вызначыць практычныя крокі для паслядоўнага пашырэння ўзаемнага гандлю, дыверсіфікацыі таварных патокаў, зніжэння гандлёвых бар’ераў, процідзеяння незаконным аднабаковым прымусовым мерам і спрашчэння гандлёвых працэдур».

Сістэма міжнародных адносін перажывае вялікія змены. Трансфармуюцца звыклыя мадэлі кааперацыі і гандлю. Узаемадзеянне па асобных трэках ускладняецца шматлікімі бар’ерамі, незаконнымі абмежавальнымі мерамі, уразлівасцю наладжаных лагістычных і тэхналагічных патокаў. У такіх абставінах надзвычай важныя ўсеагульныя намаганні па забеспячэнні стабільнага эканамічнага росту, зніжэнні рызык і нівеліраванні абмежаванняў, умацаванні транспартнай узаемазвязанасці, а таксама па забеспячэнні ўстойлівасці вытворчых, гандлёвых і лагістычных ланцужкоў.

«Важна працаваць над зніжэннем бар’ераў не толькі ўнутры ШАС, але і ў больш шырокім кантэксце. Гэта магчыма шляхам рэалізацыі прапанаванай Прэзідэнтам Беларусі канцэпцыі «інтэграцыі інтэграцый», — адзначыў Прэм’ер-міністр.