Top.Mail.Ru
280

Турнір SmartRoboFest сабраў у Брэсце каля 300 удзельнікаў

У Брэсце праходзіць турнір па робататэхніцы SmartRoboFest. Яго ўдзельнікамі сталі каля 300 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі, паведаміла БелТА.


Арганізатары турніру прынялі 188 заявак ад каманд з Мінска і ўсіх абласцей краіны. Зарэгістраваліся 295 удзельнікаў з 17 гарадоў. Больш за 40% з іх — прадстаўнікі Брэсцкай вобласці. Спаборніцтвы па робататэхніцы праходзяць у 22 катэгорыях, і ў кожнай з іх суддзі вызначаюць пераможцаў і прызёраў.



«Катэгорыі самыя розныя: наземная, кіраваная, паветраная праграмуемая робататэхніка. Ёсць робаты, якія пераадольваюць розныя перашкоды, едуць у вялікае падарожжа, перадаюць эстафетную палачку», — звярнуў увагу прадстаўнік аргкамітэта Кубка па адукацыйнай робататэхніцы Аляксей Голік. Удзельнікі могуць прадэманстраваць свае навыкі зборкі робатаў, праграмавання і кіравання. «Спаборніцтвы дапамагаюць вучням тыя веды, якія яны атрымліваюць на занятках, увасабляць у жыццё, правяраць і ўдасканальваць. Толькі на практыцы веды замацоўваюцца, і можна зразумець, дзе яшчэ чамусьці можна падвучыцца, каб зрабіць робата лепш. На такой пляцоўцы сустракаюцца некалькі кампетэнцый — добрая магчымасць абмяняцца вопытам», — падкрэсліў эксперт.


Турнір у Брэсце аб’яднаў школьнікаў, выкладчыкаў і інжынераў. Дзесяцікласнік Ягор Козін з гімназіі № 3 Баранавіч робататэхнікай захапіўся ў сёмым класе. «Сам працэс цікавы, калі нешта робіш — і ў цябе атрымліваецца. З’яўляецца ідэя, і ствараем усё з нуля. Тут важныя ўяўленне і логіка: можна што заўгодна прыдумаць. Мне падабаецца, і настаўнік у мяне добры. Сёння мы ў Брэсце, да гэтага былі ў Мінску. Цікава паспаборнічаць з іншымі, пабачыць, што яны прыдумалі. А яшчэ гэта атмасфера падарожжаў», — падзяліўся юнак.


Для Мікіты Шварко гэта першыя спаборніцтвы па робататэхніцы, заняткам якой берасцеец прысвяціў ужо паўтара года. «Тата прапанаваў паспрабаваць. Я схадзіў на першы занятак — мне спадабалася. Цікава збіраць робатаў, ствараць для іх праграмы. Ужо шмат чаму навучыўся. Умею рабіць робатаў-сумаістаў, робатаў, якія праходзяць лабірынт. Хацелася б сабраць робата, які праходзіць вялікі шлях з мноствам перашкод», — распавёў пра сваю чарговую мэту школьнік.

Па словах старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргея Лабадзінскага, SmartRoboFest сабраў на сваёй пляцоўцы захопленых робататэхнікай дзяцей розных узростаў, і з кожным годам удзельнікаў турніру становіцца больш. «Робататэхніка набірае папулярнасць, бо за ёй будучыня. Новыя тэхналогіі, праграмаванне даюць магчымасць удасканальваць наяўныя кампетэнцыі, вырашаць дзякуючы выкарыстанню робатаў шмат пытанняў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Захапляе, як яшчэ зусім малыя на пляцоўках спрытна кіруюць робатамі», — заўважыў ён.

Турнір у Брэсце даў старт сёмага сезону Кубка па адукацыйнай робататэхніцы. Яго наступныя этапы пройдуць у іншых рэгіёнах Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю