Гасцявыя продажы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Вялікая справа — калі да цябе прыязджаюць турысты. Я часта кажу: не трэба вазіць, прадукцыю прадаваць нейкую. Яны з задавальненнем купляюць нашы прадукты харчавання, адзенне, абутак, касметыку. Усе купляюць. Ну і добра, няхай купляюць прадукцыю і самі вывозяць. Нам менш цэнтралізавана будзе працы, таму турызм — гэта выдатна.
Пры разглядзе кадравых пытанняў, 15 студзеня 2026 года
Турыстычная галіна вельмі шматгранная. Праз відавочныя і схаваныя мультыплікатары яна ўплывае на дзясяткі галін, у тым ліку і на гандаль. Госці ствараюць ёмісты плацежаздольны попыт на спажывецкія тавары, куды ўваходзіць і прэміяльны клас. Турызм таксама фарміруе імідж айчынных тавараў за мяжой. Акрамя таго, сучасныя камунікацыі і маркетплэйсы дазваляюць працягваць узаемадзеянне з гасцямі, калі яны вярнуліся да сябе на радзіму. Такім чынам, турызм можа стаць магутным маркетынгавым каналам прасоўвання беларускай прадукцыі на суседніх рынках. Іншае пытанне, што вытворцы павінны гэтай магчымасцю карыстацца.
Турыстычны паток ужо фарміруе дадатковы попыт на беларускім спажывецкім рынку. Летась Беларусь наведала каля 8 мільёнаў гасцей. Кожны правёў у нашай краіне ў сярэднім 3-4 дні. Штодзённыя выдаткі складаюць 120-150 долараў у эквіваленце. Пры гэтым, паводле звестак Міністэрства эканомікі, каля 15 % гэтай сумы складаюць выдаткі на спажывецкія тавары. Атрымліваецца, што госці краіны набылі спажывецкіх тавараў на суму 1,5-2 мільярды беларускіх рублёў. З ростам турызму будзе расці і яго ўнёсак у попыт на рознічным рынку.
Аднак турыстычны паток таксама можа з’яўляцца і магутным маркетынгавым інструментам вывучэння попыту на нашу прадукцыю і каналам прасоўвання беларускіх тавараў на замежных рынках. Найперш — на расійскім. Летась у Беларусь прыехала каля 6 мільёнаў расійскіх грамадзян, або каля 4 % насельніцтва гэтай краіны. Гэта — велізарны патэнцыял для нашых вытворцаў вывучэння попыту рэальных і патэнцыяльных пакупнікоў нашай прадукцыі на стратэгічным для нашай эканомікі рынку збыту. Фактычна, не выязджаючы за межы Беларусі, можна правесці глыбокае і падрабязнае маркетынгавае даследаванне. Іншае пытанне, для гэтага неабходна арганізаваць камунікацыю з турыстамі ў пунктах продажу. Не толькі прадаць тавар, ветліва ўсміхнуцца і запрасіць заходзіць яшчэ, а арганізаваць анкетаванне. Як гэта зрабіць добразычліва, ненадакучліва і прыязна, прафесійныя маркетолагі выдатна ведаюць і ўмеюць.
Напрыклад, госці Беларусі з задавальненнем набываюць прадукцыю нашай лёгкай прамысловасці, у тым ліку вырабы з лёну. А ці гатовыя турысты набываць такую прадукцыю ў сябе на радзіме? Для якіх мэт — для асабістага выкарыстання або ў якасці падарунка? Наколькі пакупнікі адчувальныя да цаны? Пытанняў шмат. І калі атрымаць на іх адказы, можна скласці больш суцэльную карціну канкурэнтаздольнасці нашых тавараў на экспартных кірунках, атрымаць разуменне, як яе павысіць з мінімальнымі выдаткамі.
Акрамя таго, расійскі рынак вялікі па ёмістасці, але ён таксама вельмі дыферэнцыраваны ў залежнасці ад рэгіёна. Несумненна, самая высокая пакупніцкая здольнасць у Маскве, Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу. Але вялікі патэнцыял ёсць у рэгіёнах, якія менш распешчаны якаснымі і даступнымі прапановамі. Спажывецкі рынак у кожнай вобласці валодае сваімі ўнікальнымі характарыстыкамі і асаблівасцямі. Для расійскіх кампаній выхад у іншыя рэгіёны — асобная камерцыйная спецыяльная аперацыя са сваімі рызыкамі і нявызначанасцямі, бо кожны суб’ект Расійскай Федэрацыі адрозніваецца па пакупніцкай здольнасці, традыцыях, культуры спажывання, узроўні канкурэнцыі, кліматычных умовах і мноству іншых параметраў. У нашых вытворцаў ёсць магчымасць досыць падрабязна вывучаць суседні рынак, выкарыстоўваючы меркаванні турыстаў. Толькі неабходна праявіць фантазію, задацца мэтай і падцягнуць сучасныя тэхналогіі.
Больш за тое, сацыяльныя сеткі і іншыя электронныя дадаткі дазваляюць не адпускаць госця-пакупніка і працягваць з ім камунікацыю, нават калі ён вярнуўся на радзіму. А развітая інфраструктура маркетплэйсаў адкрывае магчымасці камфортнай дастаўкі брэндаў. Нашы вытворцы прысутнічаюць на электронных гандлёвых пляцоўках.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ