Top.Mail.Ru

Турыстычная маршруты па Беларусі прыцягваюць замежных гасцей

Чым цікава беларуская сталіца для замежных гасцей і не толькі? Каб высветліць гэта, нядаўна, у Міжнародны дзень экскурсавода, для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ была арганізавана тэматычная экскурсія. Журналісты наведалі адзін з самых запатрабаваных турыстычных маршрутаў беларускай сталіцы, месца, якое, безумоўна, на слыху ў кожнага, — Верхні горад. На прэс-канферэнцыі, што была арганізавана пасля, прадстаўнікі СМІ чарговы раз пераканаліся: турыстычны патэнцыял нашай краіны з кожным годам усё больш павялічваецца.


19 маршрутаў толькі па Мінску

Гістарычны цэнтр сталіцы — месца асаблівае. Большасць будынкаў адноўлена ў наш час, але ёсць помнікі, пазнаёміць з якімі могуць толькі вопытныя экскурсаводы. Яны ж дазваляюць зазірнуць у падзямеллі храмаў, якія цяпер не існуюць. Усе славутасці падчас экскурсіі — ратуша, храмы, гасціны двор — знаходзяцца ў крокавай даступнасці, і кожны будынак знакавы. Комплекс былога кляштара бернардзінцаў размешчаны ўздоўж вуліц Кірыла і Мяфодзія, Герцэна. А па самой вуліцы Кірыла і Мяфодзія ў канцы XІX — пачатку ХХ стагоддзя праходзіла лінія конкі — першага рэйкавага грамадскага транспарту горада... Усё гэта цікава нават самім мінчанам, што тады казаць пра гасцей сталіцы, асабліва замежных.

«Па выніках 2024 года ў Мінску атэставаны 443 экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, — паведаміў дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра „Мінск“ Аляксей Русакевіч. — З іх — 342 экскурсаводы і 101 гід-перакладчык. Атэставаны 55 новых спецыялістаў, з іх 48 — экскурсаводаў».

«У бягучым годзе ставім для сябе задачу атэставаць усіх супрацоўнікаў. Гэта, з аднаго боку, тэст на прафпрыдатнасць, з другога — вопыт работы з турыстамі. Наш цэнтр быў створаны ў 2005 годзе, сёння размяшчаемся ў самым цэнтры сталіцы. Штодня прымаем як мінімум 50 чалавек. Пытанні, што цікавяць людзей, розныя: што паглядзець, якія ёсць экскурсійныя праграмы не толькі па Мінску, але і па ўсёй краіне. Госці хочуць наведаць замкі ў Міры, Нясвіжы, прамысловыя прадпрыемствы, Гродна, Віцебск і іншыя гарады», — адзначыў Аляксей Русакевіч. Ён дадаў, што ўсяго сертыфікавана 19 маршрутаў па сталіцы, якія даступныя кожнаму. Акрамя таго, праводзяцца аўтарскія экскурсіі. У мінулым годзе інфатурцэнтр прадставіў дзевяць велапешаходных экскурсій, завяршаецца распрацоўка аўдыягідаў да іх.

У 2023 годзе беларускую сталіцу арганізавана наведалі звыш 330 тысяч чалавек, што значна больш, чым у 2022 годзе і дапандэмійным 2019-м. Пры гэтым асноўны паток гасцей (каля 80 %) фарміруюць тыя, хто самастойна плануе падарожжы. Атэлі, хостэлы і іншыя аб’екты прынялі 873,6 тысячы гасцей. Звыш 612 тысяч прыбылі з іншых дзяржаў. «Статыстыка па выніках 2024 года з’явіцца пазней, але ўжо можна сказаць, што лічбы будуць вышэйшыя. Толькі па гасцініцах загрузка павялічылася прыкладна на 10 працэнтных пунктаў», — падсумаваў Аляксей Русакевіч.

Турысты сталі больш патрабавальныя

Намеснік старшыні праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Дзмітрый Скварчэўскі расказаў пра апошнія тэндэнцыі ў падарожжах па Беларусі. Паводле яго слоў, стала паступаць значна больш запытаў ад сем’яў ды невялікіх кампаній: «Калі ў „даковідныя часы“ экскурсаводы ў асноўным працавалі ў фармаце арганізаваных груп, то сёння запатрабаваныя і індывідуальныя заказы. Іх досыць шмат. У пік сезона тураператары часам сутыкаюцца са складанасцямі ў экскурсійным абслугоўванні. З аднаго боку, гэта праблема, з другога — мы гаворым у пазітыўным сэнсе пра рост попыту. Магчыма, пакуль не паспяваем, але ў сферу прыходзяць новыя людзі».

Па даных Нацыянальнага агенцтва па турызме, па выніках 2024 года ўсяго ў краіне атэставаны 1226 экскурсаводаў і 154 гіды-перакладчыкі. Больш за ўсё — у Мінску (звыш 400). Зацверджаны графік атэстацый на 2025 год. Стаць экскурсаводам могуць прэтэндэнты з вышэйшай адукацыяй, а таксама студэнты, пачынаючы з 4-га курса.

Дзмітрый Скварчэўскі адзначыў, што ўсплёск цікавасці ў падарожжах па Беларусі асабліва прыкметны ў майскія святы. Многія экскурсіі, у прыватнасці па месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, ужо забраніраваны. Большасць замежных турыстаў — расіяне. На іх прыпадае каля 80 % турыстычнага патоку. Па бязвізе прыязджаюць на адпачынак грамадзяне з краін — суседзяў Беларусі: Літвы, Латвіі і Польшчы. Стала больш турыстаў і з Кітая. Тэксты многіх экскурсій перакладзены на замежныя мовы.

«На 70 % поспех экскурсіі залежыць ад экскурсавода, — упэўненая намеснік генеральнага дырэктара па турызме турысцка-экскурсійнага ўнітарнага прадпрыемства „Беларустурыст“ Алена Паршута. — Ад яго госці атрымліваюць першую інфармацыю аб краіне, нашай культуры, прыродзе».

Яна дадала, што па нашай краіне актыўна падарожнічаюць як замежныя госці, так і беларусы. Прычым усё большую папулярнасць набываюць экалагічныя туры. У турыстаў з іншых краін заўсёды запатрабаваныя гісторыка-культурныя экскурсіі, следам ідуць прамысловыя: «Госці хочуць пазнаёміцца з беларускімі брэндамі, убачыць на свае вочы, як яны ствараюцца, прадэгуставаць. І вядома, ім цікавыя беларускія традыцыі — песні, танцы, звычаі, кухня».

Нягледзячы на тое што атэставаных экскурсаводаў становіцца больш, іх па-ранейшаму не хапае. «Прафесія запатрабаваная, і сёння мы адчуваем пэўны дэфіцыт па многіх кірунках. Павялічваецца колькасць экскурсантаў. Калі браць гэты год, ідзе актыўны сезон, цалкам распісваецца лета. Асаблівым попытам карыстаюцца экскурсіі, што прысвечаны памятным мясцінам часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каля 80 % экскурсаводаў, якія працуюць па гэтым кірунку, ужо занятыя», — адзначыла Алена Паршута.

Таксама яна звярнула ўвагу, што пашыраецца геаграфія турыстычных напрамкаў. Да традыцыйных маршрутаў дадаюцца невялікія раённыя гарады. Часцей сталі прыязджаць міні-групы турыстаў, каб паўдзельнічаць у майстар-класах, прайсціся па экасцежках.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю