Top.Mail.Ru

Турыстычная вясна — 2026. Якія мерапрыемствы прапануюць розныя рэгіёны

Вясна — цудоўны час для падарожжаў і адкрыццяў. Рэгіёны ўжо рыхтуюць цікавую праграму для гасцей. У ёй — і традыцыйныя мерапрыемствы, і новыя прапановы.


Штогод у Дзятлаве праводзіцца рэгіянальны фестываль сямейнага адпачынку «Зяцельскі фэст». Не першы год аматараў вакальнай творчасці збірае абласны фестываль народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны» — удзельнікаў і гасцей чакаюць у Ваўкавыску 20 сакавіка. Сведчаннем папулярнасці праграм, накіраваных на актыўнае даўгалецце, павінен стаць раённы фестываль «залатой» творчасці ў Верхнядзвінску «А ў сэрцы вясна», у якім удзельнічаюць людзі старэйшага ўзросту.


Адно са старэйшых мерапрыемстваў — міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» (праводзіцца амаль 60 гадоў) — збірае сяброў з розных куткоў Беларусі, Расіі, Латвіі, Кітая, Казахстана. У рамках яго праходзяць конкурсы песенных і танцавальных калектываў, выступленне зводнага вялікага хору, працуюць рамесніцкія і інтэрактыўныя пляцоўкі. Таксама падчас «зарніц» у Браславе адбываецца фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава», на які прыязджаюць рэканструктары розных клубаў. Турысты могуць не толькі паназіраць за рыцарскімі баямі, але і павучыцца сярэднявечным танцам, пакаштаваць старажытныя стравы, пачуць выступленні фолк-гуртоў. Паездку на «Браслаўскія зарніцы» заплануйце на канец мая. 

У маі таксама можна будзе пабываць на «Вечарах у Соф’і Гальшанскай» у Ашмянах, якія таксама дазваляюць перанесціся ў сярэднявечныя часы, іх традыцыі, паданні, убачыць прыгожых дам у шыкоўных сукенках, паўдзельнічаць у разнастайных актыўнасцях. Магчыма некаторыя турысты вырашаць паехаць у Слонім на рэгіянальнае свята «Паланэз: ад вытокаў да адраджэння», сёлета тут пройдзе яскравае шэсце, можна будзе паўдзельнічаць і ў гарадскім квэсце. 


Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс вакальна-эстраднай творчасці «Зорны дождж», які праводзіцца ў Лідскім раёне, называюць мясцовай «фабрыкай зорак». Многія яго ўдзельнікі пасля станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фестываляў, «засвяціліся» ў расійскім тэлевізійным шоу «Голас». Пуцёўку ў творчае жыццё музыкантам даў і міжнародны конкурс «Рэнесанс гітары». Гэтай вясной у Гомелі ён праводзіцца ў 21-ы раз.

Міжнародны фестываль духавой музыкі ў Баранавічах сёлета прымеркаваны да 155-годдзя горада. У аграгарадку Парэчча (Гродзенскі раён) таксама пройдзе адкрыты фестываль духавой музыкі «Фанфары сяброў» з урачыстым шэсцем аркестраў. 

У Клічаве пройдзе рэгіянальны фестываль традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай». У Асіповічах будуць чакаць гасцей на фестывалі народнай творчасці «Веснавыя колеры». Клубныя ўстановы прадставяць народныя падвор’і, майстар-класы па рамёствах. А таксама тут пройдзе раённы конкурс «Бульбяныя прысмакі» з дэгустацыяй страў з таркаванай бульбы. У Слаўгарадзе падчас фестывалю «Гаспадарчы сыр» на Магілёўшчыне можна пазнаёміцца з мясцовымі сыраварамі, пакаштаваць іх вырабы, а магчыма і пераняць некаторыя сакрэты. 

Самы вялікі шашлык у Беларусі збіраюцца прыгатаваць у маі арганізатары фестывалю «PROжарка па-Ваўкавыску». Падчас яго дэгустацыі можна паслухаць песні прафесійных і самадзейных артыстаў. Абяцаюць гасцям і іншыя гастранамічныя сюрпрызы, а таксама музычныя і спартыўныя.


Святочныя і выхадныя дні можна выкарыстаць для знаёмства з народнымі традыцыямі. Напрыклад, у пасёлку Сапоцкін (Гродзенскі раён) падчас «Свята пісанкі» можна пазнаёміцца з мясцовымі тэхнікамі роспісу. Да стагоддзя Гомельскай епархіі будзе прымеркаваны «Велікодны фестываль», які пройдзе ў абласным цэнтры. У Рэчыцкім раёне праводзіцца абрад «Перанос абраза свяціцеля Мікалая Цудатворцы».

У аграгарадку Дзітва (Лідскі раён) гасцей чакаюць на абласным фестывалі побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму». 

У Буда-Кашалёўскім раёне можна пазнаёміцца з абрадам «Засеўкі», які праводзіцца перад пачаткам пасяўной кампаніі. Па традыцыі, перш чым кінуць зерне ў зямлю, трэба памыць рукі, стаць на ручнік і з яго сеяць. У аграгарадку Валаўск Ельскага раёна гасцей чакаюць на «Саракі». Штогод да 22 сакавіка тут выпякаюць з цеста птушак і «запускаюць» іх у неба. У старажытнасці верылі, што птушкі сімвалізуюць душы продкаў. Галоўныя ўдзельнікі абраду «Саракі» ў аграгарадку Батвінава Чачэрскага раёна — дзеці. 


У Бездзежы захаваўся вясенні абрад «Стрылка». Ён праводзіцца ў аграгарадку ў першы дзень Вялікадня. Пасля службы вяскоўцы збіраюцца каля храма і выстройваюцца ў асаблівы карагод. На раённае фальклорнае свята «Велікодныя веснавыя карагоды» запрашаюць жыхары вёскі Пінкавічы Пінскага раёна. Тут можна ўбачыць рэканструкцыю абрада провадаў зімы, які ў 2020 годзе ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. 

Прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця чакаюць на спартыўных мерапрыемствах. Так, на легкаатлетычныя спаборніцтвы «Ашмянская вясна» прыязджаюць сотні ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі. Забег «Міля Жэлабоўскага» ў вёсцы Жытомля на Гродзеншчыне ладзіцца ў гонар ураджэнца — удзельніка ХІХ летніх Алімпійскіх гульняў Міхаіла Жэлабоўскага. «Шчучынская дзясятка» — забег, які традыцыйна праходзіць 9 мая. «Манастырскі забег» у Жыровічах прымеркаваны на дня з’яўлення цудатворнага абраза. Тысячы жыхароў Гомельскай вобласці збяруцца на спартыўнае свята «У адзіным забегу пад сцягам краіны», які праходзіць у Дзень Дзяржаўнага сцяга і герба.

Шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца вясной, маюць патрыятычны характар. Так, ва Ушачах — гэта абласная патрыятычная акцыя, прымеркаваная да прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны ў маі 1944-га. Работа выставачных пляцовак, урачысты мітынг на мемарыяльным комплексе «Прарыў» запланаваны на 2 мая. 

Далучыцца да мерапрыемстваў да Дня Перамогі можна не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах. Мітынгі-рэквіемы пройдуць і ў Верхнядзвінску, і ў аграгарадку Заронава (Віцебскі раён). У канцы мая ў мемарыяльным комплексе Хаваншчына ў Івацэвіцкім раёне чакаюць гасцей на мерапрыемствах з рэканструкцыяй-знаёмствам з партызанскім жыццём. 

Пазнаёміцца з планам вясенніх мерапрыемстваў можна на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю