Не варта забываць, што гэта малая радзіма многіх знакамітых людзей. Гэта і кампазітар Станіслаў Манюшка, і адзін з самых дарагіх мастакоў сучаснасці Хаім Суцін, і жывапісец Шрага Царфін, і касманаўт Алег Навіцкі.
Развіццё турыстычнага патэнцыялу Чэрвеньскага раёна стала тэмай выязнога семінара па Мінскай вобласці, які арганізавала Нацыянальнае агенцтва па турызме 18 лістапада. Мерапрыемства спрыяла азнаямленню з асаблівасцямі рэгіянальнага турыстычнага прадукту, магчымасцямі гісторыка-культурнага і рэлігійнага турызму на базе аб’ектаў Чэрвеня і Чэрвеньскага раёна. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Чэрвеньскі раён размешчаны на паўднёвым усходзе Мінскай вобласці. Яго плошча складае 1,6 тысячы квадратных кіламетраў — 4,1 працэнта плошчы Мінскай вобласці. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — каля 48 кіламетраў, з усходу на захад — 62 кіламетры. У раёне пражывае 33,3 тысячы чалавек, у тым ліку 17,3 тысячы — гарадское насельніцтва, 16 тысяч — сельскае. Адміністрацыйны падзел: 1 горад, 1 пасёлак гарадскога тыпу, 197 сельскіх населеных пунктаў.
%20(1).jpg)
Не варта забываць яшчэ і тое, што Чэрвеньскі раён — малая радзіма многіх знакамітых людзей. Гэта і кампазітар Станіслаў Манюшка, і адзін з самых дарагіх мастакоў сучаснасці Хаім Суцін, і жывапісец Шрага Царфін, і касманаўт Алег Навіцкі.
У рэгіёне цяпер развіваюць розныя віды турызму: ад культурна-гістарычнага і рэлігійнага да агратурызму. Працуе некалькі музеяў, праводзяцца мерапрыемствы, якія знаёмяць з народнымі традыцыямі. Турыстычныя злёты і спаборніцтвы прыцягваюць аматараў актыўнага адпачынку, а аграсядзібы даюць магчымасць пазнаёміцца з сельскім жыццём, паспрабаваць свежыя прадукты і атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды.
Асаблівае месца займае рэлігійны турызм. Свята-Благавешчанскі манастыр, Капліца на Святой (Мар’інай) горцы, храмы Чэрвеня і Смілавічаў прыцягваюць паломнікаў. Прымае гасцей санаторый «Волма» — месца для тых, хто хоча паправіць здароўе і шукае гармонію. Прыязджаюць на адпачынак не толькі беларусы, але і расіяне, грамадзяне іншых краін СНД.
.jpg)
Намеснік старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Бурцаў адзначыў, што раён зацікаўлены ў тым, каб як мага больш турыстаў маглі пабываць у гэтых краях. Са свайго боку мясцовыя ўлады гатовыя аказаць садзейнічанне прадстаўнікам турбізнесу ў арганізацыі турыстычных паездак. «Мы часта не заўважаем тое, што нас акружае, што знаходзіцца побач. А ў нашага раёна багатая гісторыя. Разлічваем на зваротную сувязь, каб зразумець, ці ў правільным мы рухаемся кірунку, чым можам здзівіць», — адзначыў Міхаіл Бурцаў.
Удзельнікам семінара прэзентавалі новы маршрут «Смілавічы — Чэрвень: ад мінулага да сучаснасці». Яго аўтар — атэставаны экскурсавод, старшы навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага краязнаўчага музея Ірына Вабішчэвіч: «Экскурсію можна замовіць у нашым музеі. Таксама будзем рады, калі турыстычныя фірмы стануць вазіць да нас турыстаў па гэтым маршруце. Яго працягласць — 165 км, па часе разлічаны на 7,5 гадзіны. Але аб’екты паказу можна камбінаваць, выбудаваць пад запыты любой аўдыторыі. Калі ёсць цікавасць да музыкі, значыць, упор на музей Станіслава Манюшкі і канцэрт у школе мастацтваў, калі да жывапісу — на „Прастору Хаіма Суціна“. Асобныя тэмы — старонкі гісторыі, звязаныя жыццём яўрэяў, мусульман на беларускай зямлі», — адзначыла экскурсавод.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук, падводзячы вынікі паездкі, адзначыла што выязныя семінары сталі добрай традыцыяй. Яны дазваляюць адкрыць малавядомыя славутасці Беларусі падарожнікам. «Для мяне было дзіўна, калі беларусы пачалі ездзіць на балоты. Здавалася, такі кірунак — больш для навукоўцаў. Тым не менш цяпер назіраем такую тэндэнцыю. Можна прывесці і іншыя прыклады, як раней маланаведвальныя лакацыі становяцца папулярнымі», — адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Для ўдзельнікаў выязнога семінара правялі пешаходную экскурсію па Чэрвені. Таксама яны пабывалі ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі, усклалі кветкі каля помніка, устаноўленага на месцы расстрэлу дзвюх тысяч мірных жыхароў, убачылі экспазіцыі «Ведаць, каб памятаць, - памятаць, каб жыць», «Гісторыя мануфактуры Беларусі», «Прастора Хаіма Суціна», наведалі Лядзенскі Свята-Благавешчанскі мужчынскі манастыр, капліцу на Святой (Мар’інай) горцы.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА