Для гэтага патрэбны ініцыятывы і дзеянні. Такую думку выказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў у час рабочай паездкі ў Мядзельскі раён.
Юрый Назараў праінспектаваў ход будаўніцтва новых аб’ектаў інфраструктуры санаторыяў, размешчаных на ўзбярэжжы возера Нарач. У прыватнасці, ён наведаў два санаторыі сістэмы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта
«Прыазёрны» і «Сосны», якія робяць значны ўнёсак у развіццё турыстычнага патэнцыялу Нарачанскага рэгіёна.
У санаторыі «Прыазёрны» ўзводзіцца комплекс катэджаў «Лясная вёска». Ён уключае пяць каркасна-шчытавых дамоў з прыродных экалагічных матэрыялаў. Кожны катэдж будзе абсталяваны персанальнай саўнай. На тэрыторыі комплексу запланавана дзіцячая пляцоўка і розныя лакацыі для адпачынку. Цалкам зроблена прамая пешаходная дарога да пляжнай зоны. Яна праходзіць праз лясныя насаджэнні, мае асвятленне і абсталявана лаўкамі. Будучы комплекс будзе задзейнічаны як у праграмах, разлічаных на адпачынак у выхадныя дні, так і на больш працяглы перыяд — ад 10 дзён і больш.
Кіраўніку справамі Прэзідэнта далажылі аб ходзе работ і тэрмінах здачы аб’екта ў эксплуатацыю. Юрый Назараў нацэліў кіраўніцтва санаторыя, падрадчыка па будаўніцтве на строгае захаванне тэрмінаў і якасці выканання работ. «Першыя госці сюды павінны заехаць ужо ў сёлетні сезон, летам, — сказаў ён. — Фінансавы вынік ад праекта неабходна забяспечваць са старту».
Дырэктар санаторыя «Прыазёрны» Сяргей Нехвядовіч у адказ на пастаўленую задачу запэўніў, што яна будзе дасягнута.
У санаторыі «Сосны» Юрый Назараў наведаў будаўнічую пляцоўку СПА-комплексу, які ўзводзіцца на беразе возера Нарач. У дапаўненне да гэтага комплексу таксама будуюцца чатыры індывідуальныя дамы для адпачынку. СПА-комплекс уяўляе сабой двухпавярховы будынак, які практычна прымыкае да берага возера. Ад вады яго будзе аддзяляць насып з вялікіх камянёў-валуноў. У комплексе прадугледжаны рознаўзроўневы басейн, які ў дапаўненне да закрытай часткі будзе выходзіць на адкрытую ўсесезонную тэрасу. Тут жа запраектаваны саўны, лазні, джакузі, ледзяны пакой, розныя гідрамасажныя ўстаноўкі, кабінеты аказання СПА-паслуг. На другім паверсе размесцяцца панарамная трэнажорная зала, зала для заняткаў фітнесам, зоны адпачынку з магчымасцю выхаду на адкрытую тэрасу.
Будаўніцтва на аб’екце ідзе добрымі тэмпамі. Комплекс узводзіць буйная кітайская кампанія. Яе адказны прадстаўнік непасрэдна на будпляцоўцы далажыў Юрыю Назараву аб ходзе работ, тэрмінах пастаўкі абсталявання і планах па стварэнні на базе гэтага комплексу салона ў кітайскім стылі і адпаведнымі паслугамі для адпачывальнікаў.
Дырэктар санаторыя «Сосны» Аляксандр Герасімовіч таксама далажыў кіраўніку справамі аб мерах, што прымаюцца па развіцці санаторыя. У якасці ўжо рэалізаваных ідэй па пашырэнні інфраструктуры і пераліку паслуг кіраўнік прадставіў нядаўна адкрыты новы аб’ект на тэрыторыі санаторыя — грыль-зону, якая з першых дзён работы паказала запатрабаванасць не толькі з боку гасцей санаторыя, але і мясцовых жыхароў. У якасці новых ідэй Аляксандр Герасімовіч таксама прадставіў свае прапановы па развіцці турыстычнай інфраструктуры каля возера Белае. Ён прапанаваў выканаць добраўпарадкаванне пляжнай зоны каля вадаёма, а таксама ўзвесці каля яго сучасны шматфункцыянальны комплекс для адпачынку на прыродзе.
Юрый Назараў адзначыў, што такія ініцыятывы, безумоўна, заслугоўваюць увагі і маюць важнае значэнне для рэалізацыі задач па павелічэнні ўнёску турыстычнай дзейнасці ў ВУП краіны. Ён падкрэсліў, што без стварэння новых, цікавых аб’ектаў, якія маглі б стаць цэнтрамі прыцягнення для беларусаў і замежных гасцей, істотнага росту дасягнуць не атрымаецца. Патрэбны ідэі, новыя праекты і, адпаведна, інвестыцыі, тады можна разлічваць на больш дынамічныя тэмпы развіцця турыстычнай індустрыі ў Беларусі. Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта такія ініцыятывы падтрымлівае і настроена і ў далейшым аказваць усялякае садзейнічанне развіццю Нарачанскага краю як галоўнага курорта на тэрыторыі краіны.
Яшчэ адзін напрамак, які кіраўнік справамі Прэзідэнта закрануў у рабочай паездцы па Мядзельскім раёне, — рыбаводства. Ён наведаў рыбагадавальнік Нацыянальнага парку «Нарачанскі», дзе яму прадставілі напрамкі развіцця рыбаводства на існуючых каля парку сажалках. Юрый Назараў паставіў задачу перад кіраўніцтвам прыродаахоўнай установы прапрацаваць пытанне развядзення ў прамысловых аб’ёмах судака. «Кадры, вопыт і неабходная база тут ёсць. Нешта можна ўдасканаліць, дабудаваць і вырабляць запатрабаваную рыбную прадукцыю, у тым ліку ў мэтах яе пастаўкі для харчавання ў санаторыі Нарачанскага рэгіёна, — сказаў Юрый Назараў. — Тое ж датычыцца і мясамалочнай прадукцыі. У гэтым кірунку ў Нацыянальнага парку „Нарачанскі“ таксама ёсць перспектывы для развіцця. Ва ўстанове моцная вальерная гаспадарка і свой жывёлагадоўчы комплекс. Іх неабходна задзейнічаць максімальна, наладзіць тут, як мінімум, першасную перапрацоўку мяса і малака. Фермерскія прадукты сёння карыстаюцца добрым попытам, больш таго, калі арганізаваць іх пастаўку ў мясцовыя санаторыі, то гэта можа стаць своеасаблівай гастранамічнай фішкай гэтых здраўніц і будзе садзейнічаць павышэнню іх прывабнасці як для беларускіх, так і замежных гасцей».
Кіраўнік справамі Прэзідэнта даручыў гэтыя пытанні сумесна з вучонымі прапрацаваць і ўнесці адпаведныя прапановы.
У цэлым, рэзюмуючы вынікі рабочай паездкі ў Мядзельскі раён, Юрый Назараў падкрэсліў, што патэнцыялу для развіцця турызму і ў цэлым гэтага ўнікальнага азёрнага краю значна больш за тое, што ўжо зроблена. Патрэбны свежыя ідэі, ініцыятывы і дзеянні. «Кіраўнікі нашых падведамных санаторыяў, а таксама нацыянальнага парку гэта добра разумеюць і дзейнічаюць, прыбаўляюць кожны год па праекце — ад дробных да буйных. Гэта правільны шлях, які забяспечыць вырашэнне задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, — зрабіць турызм нацыянальным праектам», — адзначыў Юрый Назараў.
Паводле БелТА