Першыя турыстычныя інфармацыйныя цэнтры (ТІЦ) у Беларусі з’явіліся больш за 20 гадоў таму. Яны ствараліся ў першую чаргу для інфармавання падарожнікаў аб маршрутах, славутасцях, падзеях, месцах адпачынку і пражывання. У лістападзе гэтага года ўрад прыняў пастанову № 575, якая мяняе падыходы. Пашыраны магчымасці такіх арганізацый па папулярызацыі турыстычных прадуктаў сваіх рэгіёнаў. Аб ключавых навацыях расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Кірыл Машарскі.
— Кірыл Генадзевіч, якой стане сетка турыстычных інфармацыйных цэнтраў пасля рэарганізацыі? Што ўключае ў сябе паняцце «міжрэгіянальныя ТІЦ»?
— Плануецца заснаванне шасці абласных турінфацэнтраў і аднаго гарадскога ў Мінску. Абласны ТІЦ з яго структурнымі падраздзяленнямі, размешчанымі ў рэгіёнах, уяўляе турыстычны патэнцыял усёй вобласці і каардынуе дзейнасць міжрэгіянальных ТІЦ. Міжрэгіянальныя ТІЦ — турыстычныя інфармацыйныя цэнтры, якія працуюць адразу для некалькіх гарадоў, раёнаў, звязаных агульнай лагістыкай, гісторыяй, культурай. Яны будуць развіваць турыстычны патэнцыял сваёй зоны, а не прадстаўляць кожную тэрыторыю асобна.
Сёння ў краіне дзейнічаюць 68 ТІЦ. У трох абласцях — Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай — абласныя ТІЦ не створаны. Што датычыцца раённых, то ў Гомельскай вобласці адзін ТІЦ, Брэсцкай — пяць, Гродзенскай — 16, Віцебскай і Мінскай — па 21. Новая структура замацоўваецца ў выглядзе абласных, міжрэгіянальных ТІЦ і прадугледжвае ліквідацыю раённых, гарадскіх, аднастайнае стварэнне і фінансаванне аблвыканкамамі сеткі ТІЦ.
— У пастанове вызначана, што абласныя і міжрэгіянальныя цэнтры зоймуцца каардынацыяй папулярызацыі турыстычных прадуктаў сваіх макрарэгіёнаў. Прадугледжаны меры для стымулявання пазабюджэтных даходаў. Пра якія дадатковыя паслугі можа ісці размова?
— Навацыя пастановы — пасля выплаты абавязковых плацяжоў грошы, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, могуць траціцца на зарплату і прэміі работнікам, а таксама на куплю тавараў, паслуг, неабходных ТІЦ. Плануецца, што мера будзе стымуляваць больш актыўнае развіццё пазабюджэтнай дзейнасці. Дадатковыя паслугі — перш за ўсё платныя паслугі па продажы турыстычнага прадукту, а не толькі інфармаванне турыстаў. Размова можа ісці аб фарміраванні і рэалізацыі гатовых тураў, браніраванні гасцініц, аграсядзіб і іншых месцаў размяшчэння, продажы білетаў на транспарт, спартыўныя, культурныя, відовішчныя і іншыя масавыя мерапрыемствы.
Акрамя таго, ТІЦ мае права аказваць паслугі пракату спартыўнага і турыстычнага інвентара, напрыклад веласіпедаў, лыж, лодак, палатак або рыштунку для актыўнага адпачынку. Да такіх паслуг таксама могуць адносіцца арганізацыя экскурсій і турыстычных маршрутаў, суправаджэнне груп, продаж сувеніраў, рамеснай прадукцыі, а таксама іншая не забароненая заканадаўствам камерцыйная дзейнасць, звязаная з развіццём турызму.
— Што зменіцца ў правядзенні спецыяльных маніторынгаў унутранага і ўязнога турызму?
— Удакладнена тэрміналогія, узмоцнена адказнасць абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за арганізацыю і вынікі такіх мерапрыемстваў. Выканкамы сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме будуць вызначаць арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у маніторынгу, і месцы правядзення, узаемадзейнічаць з тымі, хто праводзіць маніторынг. Акрамя таго, устанаўліваецца адказнасць за паўнату і якасць інфармацыі, якая збіраецца ў ходзе анкетавання.
Сам маніторынг захавае аналітычны характар, будзе праводзіцца для ацэнкі развіцця ўнутранага і міжнароднага ўязнога турызму — даных аб колькасці замежных і беларускіх турыстаў, якія падарожнічаюць у межах краіны, а таксама аб’ёму іх расходаў у такіх паездках.
— Чым выклікана неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства і калі ўступяць у сілу змяненні?
— Мэта — павысіць эфектыўнасць работы турыстычных інфармацыйных цэнтраў і іх ролю. Навацыі заканадаўства дадуць магчымасць аблвыканкамам выбудаваць прамую і аднастайную вертыкаль упраўлення ТІЦ, забяспечыць іх каардынацыю, стварыць сувязнае звяно паміж аб’ектамі турыстычнай індустрыі, спажыўцамі турыстычных паслуг і органамі кіравання.
Акрамя таго, карэкціроўкі неабходны для ўзмацнення кадравага патэнцыялу галіны. На падставе новых нарматываў штатнай колькасці ТІЦ Нацыянальнае агенцтва па турызме зможа павялічыць заработную плату работнікаў на 90-100%, што павінна садзейнічаць прыцягненню кваліфікаваных спецыялістаў у сферу.
Таксама змяненні накіраваны на стымуляванне пазабюджэтных даходаў ТІЦ за кошт пашырэння іх камерцыйнай дзейнасці. Чакаецца, што зменшыцца залежнасць ад бюджэтнага фінансавання і павысіцца якасць абслугоўвання турыстаў.
Новая структура павінна запрацаваць у поўным аб’ёме з лютага 2027 года, калі ўступяць у сілу ключавыя палажэнні аб рэарганізацыі і ліквідацыі ТІЦ, а таксама аб новых формах іх дзейнасці.