Аб’ём турыстычных паслуг у Гомельскай вобласці за першае паўгоддзе вырас з тэмпам больш за 130 %. Пра гэта паведаміў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Міхаіл Акунец на пасяджэнні па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў студзені-чэрвені, паведаміла БелТА.
Аб’ём турыстычных паслуг за гэты перыяд павялічыўся з тэмпам росту больш за 130%, адзначыў дакладчык. «Больш за палову гэтага паказчыка фарміруюць санаторыі, якія нарасцілі аб’ёмы аказаных паслуг на 33%. Станоўчы тэмп склаўся ў гасцініцах і лясгасах, аднак гэтыя кірункі неабходна больш актыўна развіваць», — падкрэсліў Міхаіл Акунец.
Таксама старшыня камітэта эканомікі звярнуў увагу на наяўны попыт і рэсурсы для развіцця гэтага кірунку. «Неабходна больш актыўна працаваць з суб’ектамі турыстычнай дзейнасці дзеля прасоўвання паслуг і раскрыцця патэнцыялу нашага рэгіёна», — акцэнтаваў ён.
У цэлым экспарт паслуг па выніках паўгоддзя павялічыўся з тэмпам больш за 120%. Найбольшы прырост забяспечаны ў будаўнічых паслугах, аўтамабільным і трубаправодным транспарце, расказаў Міхаіл Акунец.