Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Варшава адкрые закрытыя з 12 верасня пагранічныя пераходы на граніцы з Беларуссю, паведамляе БелТА.
«Мы прынялі рашэнне сумесна з міністрам унутраных спраў, які сёння выдасць адпаведнае распараджэнне аб адкрыцці чыгуначных і аўтамабільных пагранічных пераходаў з Беларуссю», — заявіў Туск.
Удакладняецца, што пагранпераходы будуць адкрыты ў 0.00 25 верасня па мясцовым часе (1.00 25 верасня па мінскім часе).
У ноч на 12 верасня Польшча цалкам закрыла граніцу з Беларуссю «да далейшага паведамлення». Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў адзначаў, што закрыццём граніцы Варшава «падклала міну» пад адносіны з іншымі краінамі. Улады Польшчы таксама прызнавалі, што прыпыненне пагранічнага руху з’яўляецца праблемай для перавозчыкаў.