Прэзідэнт растлумачыў, чаму трэба развіваць біяфармацэўтыку.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, прысвечаную развіццю біяфармацэўтыкі. Сфера важная, перспектыўная і разглядаецца на найвышэйшым узроўні ўжо не першы раз.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму так шмат увагі ўдзяляе дадзенай галіне. На гэта ёсць дзве прычыны. Першая звязаная з тым, што для таго каб забяспечыць нармальнае жыццё людзей, трэба іх накарміць, апрануць і вылечыць. Асабліва, па словах беларускага лідара, важна цяпер людзей лячыць. «Заразы ў свеце дастаткова. Хочам мы гэтага ці не, якой бы ні была наша Беларусь белай, пухнатай і сінявокай, мы ў цэнтры свету і рознага роду заразы і хваробы туды-сюды следам за чалавекам перамяшчаюцца. Таму лячыць людзей трэба», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і акцэнтаваў, што гэта актуальна для ўсіх рэгіёнаў планеты. Асабліва для Афрыкі, краінам якой мы актыўна дапамагаем па розных кірунках, у тым ліку і ў медыцыне. А лячэнне людзей для Афрыкі, па словах Аляксандра Лукашэнкі, і зусім пытанне нумар адзін. Прэзідэнт акцэнтаваў: дзяржава павінна займацца гэтымі пытаннямі, якія ідуць «ад жыцця і ад зямлі».
Другая прычына звязана з развіццём краіны. «Натуральна, любая краіна, незалежная, суверэнная, ды і не толькі, можа і частка краіны і вобласць — яны заўсёды думаюць пра тое, у якім кірунку рухацца, як развівацца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. З яго слоў, такія краіны, як Расія, у якой ёсць усе рэсурсы, можа ўсё гэта прадаваць і за кошт гэтага нябедна існаваць. У Савецкім Саюзе, напрыклад, які меў яшчэ больш рэсурсаў, усё перапрацоўвалі і ў гэтым атрымалі поспех. Як звярнуў увагу беларускі лідар, Савецкі Саюз быў махінай, які валодаў і рэсурсамі, і сыравінай, і тэхналогіямі. «Нам як быць? Я ўжо гэту тэму неяк закранаў. Яна для мяне істотная, я пра гэта шмат думаю. Для таго каб існаваць, жыць сёння, трэба развівацца. Ці можа краіна развівацца без гэтых рэсурсаў? Можа», — упэўнены Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што гэтыя рэсурсы нам патрэбныя, таму што мы дастаткова развітыя ў традыцыйных кірунках: машынабудаванне, сельская гаспадарка, нафтаперапрацоўка і іншых. Нешта здабываем і самі, няхай і не ўсё, што трэба і не ў патрэбных колькасцях. Аднак сакрэт у іншым.

«Асноўная праблема — так званы пакет інвестыцыйных праектаў»«Свет развіўся да такой ступені, што ён прапанаваў і даў нам сур’ёзны шанц для развіцця, для таго, каб наша краіна была багатай. Я маю на ўвазе чалавечы патэнцыял. Мазгі ў нашых людзей прыстойныя, людзі ў нас прыстойныя, шмат могуць рабіць. І вось тут з’явіліся кірункі: IT-тэхналогіі і ўсё, што звязана, — да штучнага інтэлекту ўжо сёння дайшлі. Адзін з гэтых кірункаў, дзе мы можам атрымаць поспех, — гэта лекі і ветэрынарныя прэпараты», — заявіў беларускі лідар. Для стварэння гэтай прадукцыі патрэбныя мазгі. «Трэба ўкладваць тэхналогіі, якія ўжо вядомыя, і рухацца далей. Таму, вызначаючы на будучую пяцігодку кірункі нашага развіцця, думаю, нам трэба знаходзіць такія галіны і кірункі, якія б менш былі залежныя ад такіх рэсурсаў, як нафта, газ, жалеза, металы і гэтак далей. Гэта нам трэба будзе, у адносна невялікіх аб’ёмах для таго, каб існавала тое, што нам дасталося ад Саюза, што мы захавалі і мадэрнізавалі. А вось новыя кірункі — гэта ў тым ліку лекі», — упэўнены Прэзідэнт.
Лідарам у сферы біяфармацэўтыкі сёння лічыцца ААТ «БелВітуніфарм» — найбуйнейшае біятэхналагічнае прадпрыемства ў краіне ў галіне ветэрынарыі. Работу гэтага прадпрыемства, стратэгію яго развіцця планавалася разгледзець на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. Але Прэзідэнт пашырыў парадак дня нарады, заўважыўшы, што «БелВітуніфарм» — хоць і вельмі важнае, але ўсяго адно прадпрыемства. Таму неабходна абмеркаваць і іншыя, больш агульныя пытанні. «Павінны прыняць рашэнні і спытаць за невыкананне. Таму што не першы раз да гэтага пытання падыходзім», - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
На дадзены момант на «БелВітуніфарм» выпускаецца 150 найменняў ветэрынарных прэпаратаў, уключаючы 26 найменняў біялагічнай прадукцыі.
«Беларусь ідзе па шляху імпартазамяшчэння — да тэхналагічнага, як модна сёння гаварыць, суверэнітэту, дасягнуць якога немагчыма без уласных буйных вытворчасцяў. Такіх цэнтраў, дзе ёсць уласныя навуковыя лабараторыі і распрацоўкі, дзе думаюць на 10, а то і на 20 гадоў наперад», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Паколькі «БелВітуніфарм» знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, гэты рэгіён мае ўсе перадумовы для стварэння магутнага вытворчага аб’яднання ў галіне біяфармацэўтыкі. «Ці толькі Віцебскі рэгіён? Таму тут трэба гаварыць пра Віцебскі рэгіён, але шырэй — у маштабах краіны. Гэта значыць, можа вытворчае аб’яднанне гэта працаваць і для сельскай гаспадаркі, і для медыцыны — лекі, вакцыны і ветпрэпараты», — арыентуе кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт наведваў «БелВітуніфарм» роўна чатыры гады назад, сустракаўся з кіраўніцтвам. «Самым падрабязным чынам абмяркоўвалі бізнес-план, але, як у вядомай прымаўцы, гладка было на паперы...» — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Таму сёння ў цэнтры ўвагі — праблемы, з якімі сутыкнулася прадпрыемства, спосабы вырашэння гэтых праблем.
Кіраўнік дзяржавы паставіў перад адказнымі шэраг пытанняў. Адно з іх — як рэалізуецца Указ Nº 430? «Вы на ім настойвалі, я пагадзіўся, падпісаў гэты ўказ. Калі ён не выкананы, чаму? Хто адкажа? А прыходзіць да мяне ў чарговы раз і рабіць разумны выгляд, што вы ні пры чым і хтосьці гэты ўказ не выканаў, не атрымаецца, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Мне дакладваюць, асноўная праблема — так званы пакет інвестыцыйных праектаў, якія знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці». У прыватнасці, не завершаны вытворчы комплекс па выпуску вакцын, і дарагое абсталяванне прастойвае. «Гэта недапушчальна. Выдзялялі вам немалыя бюджэтныя грошы. Давайце канчаткова вызначымся, па якім шляху варта прайсці прадпрыемству для завяршэння гэтых праектаў? Будзеце дабудоўваць вытворчасці самі або будзем прыцягваць інвестара?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
У Віцебскай вобласці ёсць медыцынскія вытворчасці, якія ўжо працуюць, з недазагружанымі магутнасцямі. Напрыклад, ТАА «Націвіта» ў Бешанковічах. Аляксандр Лукашэнка спытаў, як задзейнічаць іх вытворчыя магутнасці? «Таму я кажу, што «БелВітуніфарм» — гэта толькі частка. Мы павінны ў комплексе разглядаць усе прадпрыемствы: хто будзе рабіць медыцынскія прэпараты, хто -- ветэрынарныя. Як тут будзем працаваць, на што выходзіць і іншае», - удакладніў Прэзідэнт. Ён таксама спытаў, ці ёсць намеры паляпшаць лабараторную практыку, ствараць сучасны віварый і іншыя неабходныя аб’екты?
Асобную ўвагу беларускі лідар удзяліў такому пытанню, як няпрофільныя актывы. «Як імі правільна распарадзіцца? — спытаў ён. — Мяне інфармавалі, што вы прыйшлі да кансэнсусу і выпрацавалі алгарытм дзеянняў». Прэзідэнт расказаў, што гэта нарада намячалася раней, але кіраўнік дзяржавы яе перанёс, каб адказныя маглі выпрацаваць адзіную пазіцыю, а не прыходзілі з рознымі меркаваннямі.
«Мне сказалі, што да кансэнсусу вы прыйшлі. Давайце сёння яго разгледзім і ацэнім. Калі неабходныя дадатковыя рашэнні Прэзідэнта, уносьце прапановы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Нам трэба аб’ядноўвацца і разам працаваць»Сярод удзельнікаў нарады — кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама, Міністэрства аховы здароўя, Мінсельгасхарча, КДК, урада і Адміністрацыі Прэзідэнта, НАН, прадстаўнікі фармацэўтычнай, навуковай грамадскасці і бізнесу. Асноўным дакладчыкам па тэме быў заяўлены старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Але, паколькі Прэзідэнт пашырыў тэматыку на ўсю краіну, - першым з дакладам аб развіцці біяфармацэўтычнай галіны выступіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік. Нагадаем, што ў свой час ён займаў пасаду міністра аховы здароўя і знаёмы з работай фармацэўтычных прадпрыемстваў.
Уладзімір Каранік адзначыў, што ў краіне дзейнічае холдынг «Белфармпрам». Ён аб’ядноўвае вытворчасці, якія займаюцца вырабам лекавых прэпаратаў для людзей. Прадпрыемствы, што выпускаюць ветэрынарныя вакцыны, у асноўным падпарадкоўваюцца Мінсельгасхарчу. І працуюць яны, як правіла, абасоблена. Усе гэтыя прадпрыемствы могуць быць як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на разрозненую работу. «Дзяржаўныя нібыта неяк кіруюцца дзяржавай. Дрэнна, добра — але ўсё ж такі. А прыватныя... Падумаеш, хай самі жывуць, выжываюць і працуюць як хочуць», — заўважыў ён. На гэта Уладзімір Каранік адказаў, што ў дзяржавы ёсць механізм, які дазваляе рэгуляваць і прыватнікаў.
«Нам не трэба выкручваць ім рукі. Нам неабходна аб’ядноўвацца і разам працаваць», — патрабуе Прэзідэнт. Па словах кіраўніка НАН, гэта цалкам магчыма, але трэба эфектыўна карыстацца рэгулятарнымі механізмамі.
«Не трэба холдынгу занадта ўмешвацца ў кіраванне, арганізацыю работы. Па нейкіх кірунках яны могуць уваходзіць у холдынг. Інтарэсы могуць перасякацца, рынак дзяліць. Дзесьці пастаўляць на рынак штосьці. Гэта інтарэсы і прыватных, і дзяржаўных прадпрыемстваў. Можна ж асаблівасці нейкія ўвесці, але мы надта ў гэтым плане не напружваліся», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. Ён прапанаваў адзін з варыянтаў вырашэння дадзенага пытання: «У нас з’явілася мноства разрозненых прадпрыемстваў, якія, можа быць, і дублююць вытворчасць дзяржаўных. А можа быць, незразумела навошта канкурыруюць потым на рынках... Чаму мы не можам стварыць пэўны холдынг, дзе былі б улічаны інтарэсы і дзяржаўных, і прыватных?»
Даслоўна
«Гэта пытанне бяспекі краіны»
Пасля нарады ў размове з журналістамі Уладзімір Каранік заўважыў, што пытанні развіцця біятэхналогій нездарма пастаянна знаходзяцца на кантролі Прэзідэнта. Гэта пытанні бяспекі, пытанні развіцця краіны. «Гэта вельмі шматгранная сфера, дзе ўсе арганізацыі, усе ведамствы павінны працаваць сінхронна для вырашэння праблем: рэалізацыя інвестпраектаў, стварэнне новых штамаў прадуцэнтаў для біятэхналогій, імпартазамяшчэнне і іншыя. Прэзідэнт дакладна даў усім зразумець, што ў гэтым кірунку другарадных пытанняў няма. І ад гэтага залежыць бяспека краіны і здароўе нашых грамадзян — гэта заўсёды было, ёсць і будзе прыярытэтам», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Што датычыцца ўзаемадзеяння прыватных і дзяржаўных кампаній, якое абмяркоўвалася на нарадзе, кіраўнік НАН падкрэсліў, што дзяржава мае механізмы, якія дазваляюць гэтым працэсам кіраваць. «Прэзідэнт правільна сказаў, што ў прыватным бізнесе таксама працуюць адказныя людзі, патрыёты сваёй краіны, і трэба іх сабраць, паставіць больш дакладныя задачы для вырашэння пытанняў галіны», — адзначыў ён. Зараз абмяркоўваецца пытанне аб аптымальнай форме ўзаемадзеяння усіх зацікаўленых для забеспячэння лекавай бяспекі краіны. «Прэзідэнт лічыць, што сённяшняя сістэма выкарыстоўваецца не ў поўнай меры і ўсе рэгулятарныя магчымасці не задзейнічаны на поўную магутнасць. Таму задача першая — забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне тых механізмаў, што мы маем, і паступова выпрацаваць канцэпцыю для ўдасканалення гэтых механізмаў», — расказаў Уладзімір Каранік.
Таксама кіраўнік НАН адзначыў, што Акадэмія навук актыўна ўдзельнічае ў вытворчасці вакцын для жывёл. І тут пастаўлена задача павялічваць імпартазамяшчэнне. Патэнцыял ёсць. Што датычыцца буйной рагатай жывёлы, то, па словах Уладзіміра Караніка, вакцыны беларускай вытворчасці дапамагаюць закрыць увесь спектр хвароб. Але магутнасцяў вытворчасці для закрыцця айчыннага рынку не хапае.
«Сёння якраз гэта абмяркоўвалася. Была пастаўлена задача ў самыя кароткія тэрміны неадпаведнасць патрэб і магчымасцяў ліквідаваць, каб забяспечыць сваю сферу АПК і добры экспартны патэнцыял», — дадаў Уладзімір Каранік.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін расказаў, што «БелВітуніфарм» будзе выпускаць лінейку ветэрынарных прэпаратаў і прэпаратаў для чалавека. «Гэта будуць перадавыя прэпараты, якія дазволяць не толькі вырашаць задачы па імпартазамяшчэнні, але і займаць годную паліцу ў аптэках іншых краін», — адзначыў ён. Чалавечы рэсурс, навуковыя школы для гэтага ёсць. «Праект накіраваны, каб гэтыя навуковыя школы, гэтых людзей захаваць і павялічыць іх колькасць», — расказаў Аляксандр Субоцін. Да 2030 года праект павінен быць рэалізаваны. Пры гэтым, па яго словах, важна ствараць гэта сваімі сіламі, не прыцягваючы інвестара звонку, паколькі гэта пытанне біялагічнай бяспекі краіны, бяспекі людзей.
Валерыя СЦЯЦКО