Творчы летапіс Вялікай Айчыннай

09.05.2025 | 15:56

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на абарону Радзімы выйшлі мільёны савецкіх грамадзян, сярод якіх былі і мастакі. Замест пэндзля і фарбаў ім прыйшлося ўзяць у рукі зброю, а цёмныя і глыбокія акопы на чатыры гады замянілі ім лірычныя пейзажы родных мясцін. Напярэдадні Дня Перамогі Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на выстаўку «Мастак на вайне. Мастак пра вайну. Мастак пасля вайны», прымеркаваную да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


— Многія мастакі прайшлі праз знішчальнае полымя вайны, а іх творы, натхнёныя вялікім подзвігам, — генетычны і культурны коды нашага народа. Сёння мы ўсё часцей сутыкаемся з паняццямі «скасаванне культуры», «падмена памяці». І гэтая вялікая небяспека, якая нясе ў сабе страту памяці пра перамогу, пагражае ўсяму свету. Аднак мастацтва «пра вайну» сведчыць пра моцны дух нашага народа. У творах беларускіх мастакоў можна ўбачыць і адчуць тую сілу духу, тое імкненне да перамогі, якое на доўгія дзесяццігоддзі прынесла ў нашу краіну мір і дабрабыт. Выстаўка «Мастак на вайне. Мастак пра вайну. Мастак пасля вайны» нікога не пакіне абыякавым, — выступіла на адкрыцці экспазіцыі генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава.

Дзейнасць мастакоў на вайне называлі «трэцім фронтам». Яны сталі летапісцамі тых жудаслівых падзей, а для многіх шлях да мастацтва праходзіў праз поле бітвы і абпаленыя кулямётнай чаргой акопы. Хтосьці загінуў на фронце з алоўкам у руках... Аднак у кожным мазку, у кожным штрыху мастак імкнуўся адлюстраваць перамогу жыцця над смерцю.

13_17_Г.jpg

Іван Стасевіч «Партрэт лётчыка Германа Эндзінавіча Лі», 1975 г.

Цэнтральнай фігурай праекта НММ з’яўляецца асоба мастака з яго ўласным поглядам на ваенныя падзеі і пасляваенны час, аўтарскім аповедам пра Вялікую Айчынную вайну і Перамогу, дзе перапляліся ўражанні мастакоў-відавочцаў, якія ваявалі, успаміны творцаў, чыё дзяцінства прыйшлося на ваенныя і пасляваенныя гады, і ўспрыманне падзей мінулага жывапісцамі, якія бачылі вайну толькі ў кіно і літаратуры.

— Думаю, гэтая выстаўка стане для нашай краіны вялікай падзеяй, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Гэта добрая магчымасць для ўсіх нас убачыць тое, што часта бывае ўтоена. У экспазіцыі прадстаўлены работы знакамітых мастакоў, якіх гледачы добра ведаюць і любяць, аднак ёсць творы, што дэманструюцца ўпершыню і раскрываюць аўтараў зусім з іншага боку. Беларускі саюз мастакоў быў створаны ў 1938 годзе, а праз тры гады пачалася Вялікая Айчынная вайна... Мы вырашылі палічыць, колькі мастакоў прайшлі праз цяжкасці вайны. Хтосьці можа сказаць, што лічба зусім невялікая — 155 чалавек, аднак трэба ўлічваць, што на той момант гэта было зусім маладое творчае аб’яднанне. Амаль увесь склад Саюза мастакоў пакінуў сваю творчую кар’еру дзеля абароны Радзімы.

Трагедыя ваенных часоў адлюстравана мастакамі ў жывапісе, графіцы, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Творцы выкарыстоўваюць розныя жанры і тэхнікі, аднак усе работы аб’яднаны вялікім сумам па скалечаным лёсе цэлага пакалення і адначасова вялікім гонарам за мужнасць і нязломны дух савецкага народа. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты і аўтапартрэты мастакоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны; выявы герояў, якія ахвяравалі жыццём дзеля перамогі; сюжэты сціплага побыту мірнага насельніцтва і рэдкія хвіліны адпачынку салдат на перадавой; разбураныя будынкі, пустэльныя гарады і вёскі, асабістыя гісторыі болю, страты і роспачы...

13_17_А.jpg

Анатоль Анікейчык «Партрэт П. М. Машэрава», 1980 (?)

На выстаўцы не знойдзеш батальных сцэн, толькі бясконцая чарада чалавечых лёсаў, якія вядуць да доўгачаканай Перамогі. Мастакі — відавочцы ваенных падзей адлюстроўваюць роспач народа, імкненне да міру і трагічны шлях да яго. Пасляваеннае пакаленне творцаў сканцэнтравалася на ўвасабленні герояў Вялікай Айчыннай вайны на жывапісных палотнах і ў гіпсавых скульптурах, на адлюстраванні таго крохкага міру, які быў і застаецца такім каштоўным. 

Мастакі сучаснасці звярнуліся да тэмы захавання гістарычнай памяці і яе перадачы наступным пакаленням. У экспазіцыі дэманструюцца работы такіх знакамітых беларускіх творцаў, як Гаўрыла Вашчанка, Анатоль Анікейчык, Іван Стасевіч, Віктар Грамыка, Анатоль Волкаў і іншыя.

13_17_В.jpg

Іосіф Белановіч «Сустрэча з недалёкім мінулым», 1979 г. 

Наведаць выстаўку можна да 14 ліпеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю