Праект «Пушкін. Вайна. Блакада», створаны як даніна памяці мастакам-блакаднікам і франтавікам-ленінградцам, дэманструецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Планшэтная выстаўка арганізавана Усерасійскім музеем А. С. Пушкіна і накіравана на асвятленне трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны праз жыццёвыя гісторыі творцаў-сведкаў.
Нягледзячы на жудасную атмасферу ваенных часоў, традыцыя адзначаць дзень памяці Пушкіна, што ўзнікла ў 1925 годзе, не перарывалася. Бо асоба вялікага класіка і яго творы — своеасаблівы камертон, які настройвае душу на чысціню і годнасць ва ўсе часы. Жывапісцы, скульптары, ілюстратары і прадстаўнікі іншых творчых прафесій працягвалі працаваць у найцяжэйшыя блакадныя гады, ахвяруючы здароўем і жыццём дзеля вялікага мастацтва. Многія не дажылі да Вялікай Перамогі, аднак вынік іх плённай працы назаўжды застаўся ў памяці нашчадкаў і на старонках сусветнай літаратуры.
Аснову планшэтнай выстаўкі склалі партрэты паэта, ілюстрацыі да яго твораў, пейзажы Ленінграда і іншых мясцін, звязаных з Пушкіным. Тут можна ўбачыць творы прызнаных майстроў і тых, хто толькі пачынаў свой шлях у прафесіі. Аб’ядноўвае іх адно: яны жылі, змагаліся і паміралі ў блакадным горадзе, на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Зусім па-іншаму ўспрымаюцца работы Яўгена Бялухі, Івана Білібіна, Эрыха Галербаха, Васілія Зверава, Барыса Кожына, Канстанціна Ляпілава, Мікалая Тырсы, братоў Ушыных і іншых, калі згадаць, што іх жыццёвы і творчы шлях абарваўся ў 1941–1943 гадах. Многія з іх прынялі ўсвядомленае рашэнне застацца ў блакадным Ленінградзе.
Кніжны ілюстратар і тэатральны мастак Іван Білібін, пачынаючы з 1899 года, працаваў над ілюстрацыямі да рускіх народных і казак Пушкіна. Яго малюнкі вядомы не аднаму пакаленню дзяцей, якія выраслі на класічных казачных гісторыях пра цара Салтана, залатую рыбку і інш. З пачатку вайны мастак знаходзіўся ў Ленінградзе. Пасля бясконцых бамбёжак яго кватэра стала непрыдатнай да жыцця, таму Білібін перабраўся жыць у падвал пры Акадэміі мастацтваў, працягваючы работу над ілюстрацыямі да рускіх былін. Памёр мастак ад знясілення ў бальніцы пры Акадэміі. Пахаваны ў брацкай магіле прафесараў Акадэміі мастацтваў на Смаленскіх могілках.
Мікалай Тырса — прадстаўнік ленінградскай школы жывапісу, адзін са стваральнікаў паліхромнай літаграфіі, удзельнік аб’яднання «Свет мастацтва» — таксама працаваў над ілюстрацыямі да твораў рускіх класікаў. Яму належаць каляровыя літаграфіі да аповесці Аляксандра Пушкіна «Пікавая дама».
14 чэрвеня 1941 года ў Рускім музеі адкрылася адзіная пры жыцці мастака персанальная выстаўка. Вайна заспела яго ў Ленінградзе. У пачатку 1942 года быў эвакуіраваны ў цяжкім стане, 10 лютага таго ж года пакінуў гэты свет.
Пра многіх мастакоў глядач даведваецца з дзённікавых запісаў Ганны Астраумавай-Лебедзевай. Жывапісец, акварэліст, майстар пейзажа, член Акадэміі мастацтваў СССР, яна паклала пачатак адраджэнню рускай арыгінальнай ксілаграфіі, працавала ў тэхніцы літаграфіі і акварэлі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны засталася ў Ленінградзе, дзе стварыла шэраг графічных пейзажаў горада. Дзякуючы яе дзённікавым запісам мы сёння можам убачыць блакадны Ленінград вачыма сведкаў. Ва ўспамінах згадваюцца і іншыя жывапісцы, ілюстратары, скульптары. Ад голаду і хвароб многія не маглі нават хадзіць, аднак творчую працу не перапынялі.
Арганізатары выстаўкі звярнуліся і да лёсу франтавікоў Васіля Званцова і Уладзіміра Старова. Васілій Званцоў — народны мастак РСФСР (1983), графік, педагог. З пачатку вайны пайшоў служыць у Чырвоную Армію, прайшоў усю вайну і сустрэў Перамогу ў званні падпалкоўніка, кавалера пяці баявых ордэнаў. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў навучанне на графічным факультэце. Шэраг пасляваенных работ аўтар прысвяціў пушкінскім мясцінам.
Уладзімір Староў сустрэў вайну ў падлеткавым узросце. Вучыўся ў школе юных талентаў пры Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны будучы мастак працаваў санітарам у шпіталі. Узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда». У 1943 годзе пайшоў на фронт артылерыйскім разведчыкам.
Праз зварот да пушкінскай тэмы арганізатары выставы прапаноўваюць гледачу дакрануцца да своеасаблівага творчага запавету тых, хто не перажыў блакаду Ленінграда. Дзякуючы дакументальным сведчанням на першы план выходзіць тэма існавання творчага чалавека ў нечалавечых умовах.
Праект экспануецца да 14 мая.
фота аўтара