Top.Mail.Ru

Творцы, чыя праца занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса, дадуць майстар-класы па традыцыйных рамёствах

На фестывалі-кірмашы «Веснавы букет»



Фестываль пройдзе 16-ты раз у Верхнім горадзе 24 мая і прадставіць каля 400 унікальных майстроў народнай творчасці, якімі можа ганарыцца Рэспубліка Беларусь, пра гэта паведаміла Вольга Якабсон, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Сярод рамёстваў будуць прадстаўлены і тыя, што ўнесены ў спіс Сусветнай нематырэыльнай Спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі — на сённяшні дзень гэта шэсць элементаў, сярод якіх саломапляценне і выцінанка. Ужо падрыхтаваны дакументы аб магчымым уключэнні ў спіс ЮНЕСКА неглюбскіх ручнікоў — дзіўны твор мастацтва. І да гэтых дзівосаў можна будзе не проста дакрануцца, але набыць і нават падчас-майстар-класаў павучыцца іх рабіць уласнымі рукамі! 

— Гэты фестываль-кірмаш вельмі важны для развіцця нашай культуры — у адраджэнні некаторых абрадаў ці традыцыйных рамёстваў. Міністэрства культуры надае вялікую ўвагу аўтэнтычнай культуры. У канцэпцыі развіцця культуры Беларусі прапісана, што яна абапіраецца на нашу нацыянальную традыцыю, спрыяе адраджэнню розных відаў рамёстваў, якія былі характэрныя для пэўнага рэгіёну. На фестывалі будуць прадстаўлены ўсе вобласці, — паведаміла Таццяна Пачобут, кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

рамёствы2.jpg

Гэта адзіны такі фестываль, на які могуць з’ехацца майстры з усёй Беларусі: паказаць сябе,паглядзець работы іншых. Яго гісторыя пачынаецца ад 2003 года, калі быў праведзены першы фестываль на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы, ён выклікаў вялікую цікавасць, займеў падтрымку Міністэрства культуры. Але яму было там цесна, і людзей было няшмат. З часам гарадскія ўлады зрабілі выснову: такое хараство трэба дэманстраваць там, дзе вялікі людскі паток. Таму цяпер у цэнтры сталіцы ладзяць прыгожую акцыю, якая дэманструе скарбы народнай творчасці, што напрыканцы 80-х гадоў пачалі знікаць. 

— У людской свядомасці яны лічыліся атрыбутам учорашняй вёскі, якія не будуць патрэбны ў будучыні, — згадвае Яўген Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. — Ткачыхі казалі: «Каму патрэбны нашы посцілкі?» Ганчары кідалі рамяство, таму што крамы былі запоўнены больш танным фарфоравым, шкляным, пластмасавым, металічным посудам. Не кажу пра традыцыйнае адзенне, якое даўно выйшла з ужытку... Рамёствы, у тым ліку мастацкія, знікалі на нашых вачах. Працэс аб’ектыўны: у Заходняй Еўропе ў канцы ХІХ стагоддзя ручная вытворчасць спынілася цалкам — усе перайшлі на прамысловую. У нас па некалькіх прычынах яна яшчэ захоўвалася да 90-х, калі незалежнасць адкрыла вочы на тое, што Беларусь мае скарбы, якімі можа ганарыцца перад усім светам. Калі мы сталі самастойнымі, то ў свядомасці пачала жыць думка: а мы ж павінны нечым вылучацца ў гэтай супольнасці розных народаў. Паглядзелі: аказваецца, у нас ёсць багацці традыцыйнай культуры, якіх няма ў іншых (хоць кожны народ мае сваю традыцыйную культуру). Гэтыя адчуванні ў тым ліку і кіраўніцтва краіны прывялі да таго, што на нашых вачах пачалі аднаўляцца многія рамёствы, якія былі забытыя альбо знаходзіліся на мяжы знікнення. Саломапляценне выйшла на новы ўзровень. Выцінанка з нічога адрадзілася, ганчарства... Калі да гэтага моладзь саромелася посцілак сваіх бабуль, то раптам яна села за кросны. Цяпер адроджаны дзесяткі рамёстваў, перш за ўсё мастацкага характару, якія сведчаць пра культуру краіны. Цікавасць грамадскасці супала з падтрымкай з боку дзяржавы. Значным дасягненнем было адкрыццё Дамоў і Цэнтраў рамёстваў. Мы з поўным правам можам ганарыцца нашымі майстрамі, дзе б яны не пабывалі, яны робяць фурор, прадстаўляючы Беларусь. Шмат у якіх краінах рамёствы зніклі ці перайшлі на паток. Нарвежскія калегі прыязджалі і дзівіліся: калі ў іх жанчыны ўмеюць вязаць венікі ці варыць варэнне — то гэта ўжо народны майстар краіны... У нас майстры трымаюць марку — усё на высокім мастацкім узроўні. Напрыклад, саломапляценне развівалася паўсюль, дзе была салома. Але пабачыўшы работы нашых майстроў ахвотныя з іншых краін просяцца да нас на стажыроўку. Ёсць творчыя стажыроўкі для беларусаў замежжа, дзе вучаць традыцыйным рамёствам, а пасля ўдзельнік рэтранслююць гэтыя веды, напітаўшыся беларускасцю.

Дзеля гэтага варта не прапусціць фестываль-кірмаш, які атрымаў падтрымку Міністэрства культуры. Рамеснікі чакаюць гэтага свята цэлы год, Дзмітрый Галгоўскі, майстар Маладзечанскага цэнтра рамёстваў патлумачыў:

— Сабраць такую колькасць майстроў, правесці майстар-класы, каб людзі маглі не толькі паглядзець, але і паспрабаваць — значная падзея. Я ўсю зіму рыхтаваўся і сярод іншых майстроў буду прадстаўляць разьбяра Яўгена Паўлавіча Восіпава.

Гэта майстар, які меў дачыненне да стварэння легенды — драўлянай лыжкі, даўжынёй у 23 метры, праз якую Беларусь упісана ў кнігу рэкордаў Гінеса. Папярэдні рэкорд належаў румынскім майстрам, іх лыжка мела 17 метраў у даўжыню. Над нашай працавалі тры майстры амаль паўгода, створаная імі лыжка ў знаходзіцца ў музеі ў горадзе Беразіно, дзе таксама знаходзіцца ўнікальная калекцыя гэтага сталовага набору. Майстры падарылі музею і самую маленькую лыжку — усяго ў 13 міліметраў.

рамёствы3.jpg

Алена Рыснік, майстар-ткач Сакоўшчынскага цэнтра культуры, лічыць, што рамяство не прападала тады, калі майстры з веку ў век перадавалі сваё рамяство наступнаму пакаленню. Так, на Валожыншчыне шмат хто зацікавіўся ткацтвам дзякуючы Марыі Стасяловіч, якая адрадзіла ткацтва пояса на ніце. Алена пераняла майстэрства ад старэйшай сястры Наталлі Хаванскай. Праца нялёгкая — пояс робіцца без станкоў і розных прыстасаванняў. Але радуе, што ёсць ахвотныя асвоіць гэтае ўменне праз гурток «Чароўныя паясы», вось і 15-гадовая дачка Алены ткацтвам. Майстрыха лічыць такія фестывалі вельмі патрэбнымі дзеля таго, каб прыцягнуць маладое пакаленне і перадаць яму свае навыкі: чым сядзець у гаджэтах цэлы вечар, лепей зрабіць што-небудзь прыгожае для жыцця. 

...Узяць камяк гліны ці саломінку, адчуць цеплыню дрэва, сплесці ніткі... Ёсць месца і час, каб паспрабаваць — і будзе вам цуд. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю