Зусім хутка — з 22 да 29 сакавіка — у школьнікаў пачнуцца вясновыя канікулы. У гэты час важна адпачыць і аднавіць эмацыйныя і інтэлектуальныя сілы напярэдадні апошняй вучэбнай чвэрці, а значыць, трэба правесці час цікава і з карысцю.
Час добрых спраў
У дні школьных канікул ва ўстановах адукацыі для вучняў будуць працаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. Пры іх арганізацыі ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці і інтарэсы саміх вучняў. Традыцыйна падчас канікул установы адукацыі праводзяць фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы як у залах, так і на свежым паветры, а сёлета надвор’е ім спрыяе. Адна з асноўных задач такіх мерапрыемстваў — аздаравіць дзетак.
Прапануюць школьнікам паўдзельнічаць і ў добрых справах — добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, помнікаў, мемарыяльных комплексаў. Будуць дзейнічаць цімураўскія і маладзёжныя валанцёрскія атрады па аказанні дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім і пажылым грамадзянам. Вясновыя канікулы — спрыяльны час менавіта для такой дзейнасці.
Экскурсія для будучай прафесіі...
Вясновыя канікулы — выдатны час адправіцца на экскурсію. Пры выбары маршрутаў будуць выкарыстоўвацца рэкамендацыі Міністэрства адукацыі з пералікам экскурсій, якія маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял. Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства таксама распрацаваны вялікія і малыя маршруты, што актыўна выкарыстоўваюцца ўстановамі адукацыі.
— Арганізацыя і правядзенне экскурсій ва ўстановах адукацыі выступае важным інструментам вырашэння комплексу выхаваўчых і прафарыентацыйных задач. Таму экскурсійная работа абавязкова дапоўніцца наведваннем устаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі ў дні адчыненых дзвярэй, арганізацыяй адукацыйных экскурсій на заводы, прадпрыемствы. Пры арганізацыі прафарыентацыйнай работы для навучэнцаў 9-11 класаў на пачатак навучальнага года быў распрацаваны дзённік па прафарыентацыі. Ён будзе выкарыстоўвацца навучэнцамі і іх бацькамі, каб валодаць інфармацыяй аб адукацыйных магчымасцях свайго рэгіёна і суаднесці асабістыя інтарэсы з умовамі паступлення і перспектывамі працаўладкавання па выбраных спецыяльнасцях, — адзначыла начальнік аддзела метадычнага суправаджэння выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія адукацыі» Алена МІХАЛЕВІЧ.
У арганізацыі занятасці школьнікаў у канікулярны перыяд актыўна ўдзельнічаюць і грамадскія аб’яднанні, у прыватнасці БРСМ і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Яны прапануюць вясновы анлайн-праект «Клёвыя канікулы», дзе мерапрыемствы праводзяцца як анлайн, так і афлайн. Пры планаванні выхаваўчай работы ўлічваецца і каляндар дзяржаўных свят, святочных дзён, памятных і знамянальных дат, якія прыпадаюць на канікулярны перыяд.
... і віртуальная выстаўка ў тэхнапарку
Па традыцыі шмат цікавага і пазнавальнага прапануюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — як рэгіянальныя, так і рэспубліканскія. Падрабязная інфармацыя аб мерапрыемствах размешчана на іх сайтах. Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства арганізуе шэраг праектаў, сярод якіх шмат экскурсій экалагічнай і краязнаўчай накіраванасці. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк запрашае наведаць віртуальную выстаўку «Гэтай вайны не забудзецца боль», пабачыць якую можна не выязджаючы са свайго рэгіёна. У тэхнапарку шырока прадстаўлена творчасць саміх яго выхаванцаў, з якой таксама можна пазнаёміцца.
У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбудзецца мерапрыемства як для саміх навучэнцаў цэнтра, так і для мінчан і гасцей сталіцы. Тут пройдуць XІ Адкрыты міжнародны фестываль-конкурс «Творчасць без меж», Рэспубліканскі агляд-конкурс харавой творчасці «Спяваем разам», фінал XV фестывалю-конкурсу па гульні КВЗ сярод школьных каманд «Ліга юніёраў», адкрыты турнір на кубак цэнтра па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў «Вясна 2026». Для прафарыентацыйнай падтрымкі і ўсвядомленага выбару будучай прафесіі пройдзе анлайн-інтэнсіў «Выбар будучыні», дзе ўдзельнікамі стануць члены дзіцячых і падлеткавых парламентаў з больш як 40 гарадоў нашай краіны.
Пад наглядам
Важнай падчас канікул застаецца і бяспека дзяцей. Як нагадаў старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман БАРДЗЕЯЎ, пагрозы падпільноўваюць непаўналетніх як у рэальнай, так і ў віртуальнай прасторы — на дарогах, гульнявых пляцоўках, у дварах, у сацыяльных сетках і месенджарах. У сувязі з гэтым праваахоўнік параіў бацькам максімальна арганізаваць вольны час дзяцей, ведаць іх распарадак дня, штодня нагадваць аб правілах бяспечных паводзін. Галоўная парада — выбудаваць з сынам ці дачкой даверныя адносіны, цікавіцца настроем, жаданнем і захапленнямі. Акрамя таго, важна навучыць дзіця казаць «не» ўсім сумнеўным задумам з боку аднагодкаў, прыяцеляў і аднакласнікаў, цікавіцца яго акружэннем, прычым ведаць не толькі аб рэальных, але і віртуальных зносінах.
— Не дапускайце, каб жыццё дзяцей адбывалася ў вольным рэжыме. Бацькі заўсёды павінны ведаць, дзе знаходзіцца сын ці дачка, з кім дзіця, калі і куды яно ідзе, а таксама з дапамогай праграмы бацькоўскага кантролю сачыць за яго знаходжаннем у інтэрнэт-прасторы. Раскажыце дзецям аб наступствах супрацьпраўных паводзін і пра адказнасць, якая часта наступае да дасягнення паўналецця, — парэкамендаваў Раман Бардзеяў.
Алена КРАВЕЦ
У тэму
Дакрануцца да слаўнай гісторыі
У рамках рэспубліканскай акцыі «Кожная пятніца — роднае, сваё» музей Славы Магілёўшчыны папулярызуе беларускую мову. У гэты дзень кожны жадаючы можа бясплатна ўзяць аўдыягід (у звычайныя дні гэта каштуе 5 рублёў), які на роднай мове дапаможа азнаёміцца з музейнымі экспазіцыямі.
У падлеткаў папулярнасцю карыстаюцца музейныя заняткі па тэмах «Юныя партызаны і падпольшчыкі», «Кінамастацтва 30-х гадоў», «Сябры нашы меншыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны» — пра жывёл. Пакуль на гэтыя заняткі філіял запрашае цэнтралізавана, адпраўляе ў школы лісты, але попыт такі, што хутка, напэўна, прыйдзецца ўводзіць папярэдні запіс.
Наогул цікавасць да музея вялікая, адзначае загадчык філіяла «Музей Славы Магілёўшчыны» Мікіта ШУЛЕПАЎ:
— Нас наведвае шмат школьнікаў з розных гарадоў — Магілёва, Бабруйска, Круглага, Барысава, Мінска, Віцебска. І на вясновых канікулах колькасць груп і геаграфія населеных пунктаў, адкуль яны прыбудуць, толькі павялічваецца. Акрамя экскурсій практыкуем іншыя варыянты музейнай дзейнасці. Паглыбіцца ў тэму дазваляюць тыя ж
музейныя заняткі. Працягваюць працаваць нашы пастаянныя выстаўкі, у тым ліку прысвечаная Году беларускай жанчыны. Дарэчы, у рамках яе праводзяцца музейныя заняткі «Жанчыне прысвячаецца».
Наперадзе лета, і турыстычны паток, на думку Мікіты Дзмітрыевіча, будзе толькі павялічвацца. Яно і зразумела. На сёння музей Славы Магілёўшчыны — адзін з самых сучасных у Беларусі, тут шырока выкарыстоўваюцца мультымедыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект. Героі Вялікай Айчыннай вайны дзякуючы нейрасетцы ажываюць і расказваюць пра тыя далёкія і страшныя падзеі. У наведвальнікаў ёсць магчымасць у прамым сэнсе дакрануцца да гісторыі. Напрыклад, зрабіць стрэл з артылерыйскай устаноўкі або прагуляцца па даваенным парку імя М. Горкага ў цэнтры горада і купіць білет на вячэрні сеанс. Акрамя ваеннай тэматыкі будзе цікава даведацца і пра дасягненні Магілёўшчыны ў розных галінах народнай гаспадаркі — прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры і іншых.
Нэлі ЗІГУЛЯ