Тыповыя парушэнні пры вытворчасці і рэалізацыі хлеба і хлебабулачных вырабаў, якія выяўляюцца ў час дзяржаўнага кантролю (нагляду), назвалі ў Гомельскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта. Аб гэтым паведамляе БелТА.
У абласной інспекцыі падкрэслілі, што хлеб і хлебабулачныя вырабы адыгрываюць важную ролю ў рацыёне чалавека. Яны маюць высокія паказчыкі харчовай каштоўнасці і забяспечваюць арганізм вітамінамі В1, В2, В6, РР, Е, магніем, жалезам, складанымі вугляводамі (крухмалам і харчовымі валокнамі), бялкамі.
«Неабходнай умовай атрымання хлеба і хлебабулачных вырабаў з гарманічным смакам і высокімі паказчыкамі якасці з’яўляецца выкананне абавязковых патрабаванняў да працэсаў вытворчасці, захоўвання, транспарціроўкі і рэалізацыі. Немалаважна і выкананне патрабаванняў да бяспекі і якасці сыравіны, паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі. Гэтыя паказчыкі і нормы ўстаноўлены ў тэхнічных рэгламентах Мытнага (Еўразійскага эканамічнага) саюза і ў тэхнічных нарматыўных прававых актах», — растлумачылі спецыялісты Дзяржстандарта.
У ходзе дзяржкантролю ўстанаўліваюцца асобныя факты парушэнняў рэалізацыі хлеба і хлебабулачных вырабаў. Напрыклад, самыя тыповыя з іх — пазначэнне на маркіроўцы недакладнай і няпоўнай інфармацыі для спажыўца аб саставе, адсутнасць даных аб харчовай і энергетычнай каштоўнасці або звестак пра вытворцу прадукцыі, а таксама невыкананне арганізацыямі гандлю ўстаноўленых вытворцам умоў захоўвання. Акрамя таго, у некаторых выпадках дапускаецца рэалізацыя хлеба са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Выяўляліся і факты неадпаведнасці прадукцыі ўстаноўленым патрабаванням па арганалептычных паказчыках: з пабочным пахам, прыкметамі цвілі, дэфектамі скарынкі або мякішу.
Неадпаведная прадукцыя забараняецца да рэалізацыі, падкрэслілі ў абласной інспекцыі Дзяржстандарта.
Спецыялісты рэкамендуюць спажыўцам купляць хлеб і хлебабулачныя вырабы ў стацыянарных пунктах гандлю, дзе на належным узроўні забяспечваюцца неабходныя ўмовы захоўвання. «Набываючы хлеб, ацаніце яго знешні выгляд: на скарынцы не дапускаюцца вялікія трэшчыны, падрывы, забруджванні. Мякіш павінен быць прапечаны, без старонніх уключэнняў і слядоў непрамесу. Не дапускаецца наяўнасць пабочных пахаў. Уважліва вывучайце маркіроўку набытай прадукцыі, пераканайцеся ў наяўнасці знака ЕАС», — параілі ў Дзяржстандарце.