«Вось і першыя фатаграфіі часткі тысячагадовай сцяны старажытнага горада на Менцы. У рамках комплексных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і навуковага супрацоўніцтва з ТДА «Транс-цэнтр» праведзены мерапрыемствы па кансервацыі і стабілізацыі археалагічнага дрэва. Пачынаецца працэс зборкі канструкцый для далейшага выкарыстання ў музейнай і турыстычнай сферах», — распавялі ў Інстытуце.
За 10 км ад Мінска ў вёсцы Гарадзішча ўжо некалькі гадоў вядуцца маштабныя раскопкі на рацэ Менка. Там знойдзеныя ўнікальныя артэфакты, а таксама драўляныя канструкцыі, якія былі сцяной старажытнага горада.
«У выніку маштабнай прарэзкі вала мы вывучылі ўсю сістэму гарадскіх умацаванняў. Гэтыя драўляныя ўмацаванні, якія дасягалі ў вышыню 7 м, захаваліся ў выглядзе зрубнай асновы вышынёй да 2 м. Мы цалкам даследавалі ўсю канструкцыю сцяны і яе далейшы лёс. І дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу атрымалі дакладную дату, калі гэтая сцяна пачала ўзводзіцца. Гэта быў 997 год. Пачалі секчы дубы, звозіць і будаваць гэтую сцяну. Гэты год можна лічыць датай заснавання горада. Горад гэты, безумоўна, з’яўляецца летапісным Менскам на рацэ Менка», — распавядаў у інтэрв’ю БелТА загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН, кіраўнік экспедыцыі Андрэй Вайцяховіч