Top.Mail.Ru

Тысячы закатаваных і забітых. Што адбывалася ў Гродзенскай турме ў гады Вялікай Айчыннай вайны

У Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму расказваем, якія злачынствы адбываліся ў Гродзенскай турме ў гады Вялікай Айчыннай вайны


У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па фактах учынення злачынстваў нацысцкімі захопнікамі і іх саўдзельнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР. Расследаванне працягваецца, і выяўляюцца ўсё новыя факты зверстваў, учыненых над беларусамі. Было прынята рашэнне ўсебакова асвятляць вынікі расследавання і расказваць грамадскасці ўсе факты, нават вельмі жорсткія. З’явілася нямала навуковых прац і памятных аб’ектаў, музеяў. Сёння раскажам аб экспазіцыі, размешчанай у музеі турэмнага побыту ў Гродне.


Доўгія гады ніхто асабліва не ўзнімаў тэму генацыду, неяк было не прынята варушыць мінулае. Але час паказаў, што часта на ветлівасць і жаданне міру адказваюць перапісваннем гісторыі. Таму ў Беларусі аперыруюць рэальнымі фактамі, якія выяўляюцца падчас вывучэння дакументаў

Адно з журботных месцаў — Гродзенская турма № 1. Тут трагічна загінулі, паводле розных ацэнак, ад 1000 да 2000 чалавек. Сказаць дакладна складана, бо, адыходзячы, фашысты спрабавалі схаваць сляды сваіх злачынстваў. У абласным архіве быў знойдзены акт расследавання злачынстваў фашыстаў і пратаколы агляду тэрыторыі турмы пасля вызвалення горада. На гэтым месцы былі знойдзены целы людзей, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. Работа ў архівах вялася з прыцягненнем спецыялістаў, у тым ліку гісторыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Таксама былі знойдзены сведчанні відавочцаў, якія бачылі забойствы ў турме.

— Для падрыхтоўкі экспазіцыі нам прадаставілі матэрыялы крымінальнай справы. Мы ўважліва вывучылі дакументы і паказанні сведкаў, — расказаў намеснік начальніка папраўчай установы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Гродзенскай гарадской турмы № 1 Вадзім Шыкеля. — На тэрыторыі турмы адбываліся масавыя расстрэлы тысяч савецкіх людзей. Верагодна, тут утрымліваліся шматлікія групы мірных жыхароў Гродна, якія пазней былі расстраляныя як унутры турмы, так і на іншых месцах масавых пакаранняў смерцю. Гэтыя факты не могуць не жахаць. Але разам з тым аб гэтым важна гаварыць, сумленна і без утойвання. У архівах былі выяўлены паказанні сведкі Савіцкага, які дзяліў камеру з маладым яўрэем па прозвішчы Рубінштэйн. Разумеючы, што яго доля прадвызначана, Рубінштэйн перарэзаў сабе вены і крывёю на сцяне напісаў: «Крывёю за кроў».

Нікога не шкадавалі

Экспазіцыя адкрылася ў 2022 годзе. Сярод экспанатаў — архіўныя дакументы, пратаколы допытаў сведак, акты эксгумацыі магіл і фатаграфіі пісталета «Вальтэр», які, па некаторых даных, выкарыстоўваўся нямецкімі афіцэрамі для расстрэлаў у турме. Таксама можна ўбачыць узноўлены фрагмент сцяны камеры № 20, на якім крывёю быў напісаны знакаміты надпіс Рубінштэйна. На выставе дэманструюцца і трапы, дзе ўтрымліваліся зняволеныя. Але ў вочы кідаецца іншае. Гаршкі з фіялкамі. І яны тут няпроста так. Калі захопнікі адступалі, яны не паспявалі схаваць сляды сваіх злачынстваў так старанна, як ім хацелася б. Некаторыя пахаванні былі ўсяго на глыбіні 30 сантыметраў. Каб замаскіраваць магілы, высаджвалі на іх кветкі і гародніну.


— Захопнікі нікога не шкадавалі. Па інфармацыі сведкаў, у турме былі забітыя восем цяжарных жанчын. Хаця іх планавалі адправіць у канцлагер, але па невядомых прычынах гэтага не адбылося, і іх расстралялі на месцы. Акрамя таго, відавочцы сцвярджаюць, што ў турме загінула маладая жанчына-ўрач і яе васьмігадовы сын.

З матэрыялаў крымінальнай справы: «Па сведчаннях Жыжыка І.І., у ліпені 1943-га яго разам з братам пасадзілі ў турму, там збівалі, кармілі гнілой бульбай. Многія зняволеныя ад голаду самастойна не маглі перамяшчацца. Адзін дзядок, які сядзеў разам з ім, не вытрымаў і павесіўся. Асабіста бачыў, як камендант турмы з паліцыянтамі Паўліс, Аляксандэр расстрэльвалі зняволеных. У ліпені — жніўні 1943 г. у двары расстралялі 22 зняволеных, пазней па 50 зняволеных. Яго разам з іншымі прымушалі закопваць трупы. Асабіста ён прымаў удзел у закапванні трох ям. У кожнай яме па 20-30 трупаў».


У 2024 годзе на сцяне турмы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць аб ахвярах генацыду, закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сведчанні зверстваў захопнікаў былі знойдзены і ў наш час. У 2022 годзе падчас рамонтных работ на тэрыторыі турмы былі знойдзены яшчэ пахаванні... Складана сказаць, сколькі ўсяго людзей загінула на тэрыторыі турмы. Акупанты спальвалі трупы, а каб яны лепш гарэлі, пасыпалі саломай...

Музей у гродзенскай турме даступны для наведвання. Для гэтага трэба загадзя дамовіцца, напісаўшы ліст у свабоднай форме на імя начальніка турмы.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота «Гродзенскай праўды»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю