Top.Mail.Ru

«Тыя падзеі і да гэтага часу болем аддаюцца ў сэрцы»

Напярэдадні 39-й гадавіны з дня Чарнобыльскай трагедыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася дыялогавая пляцоўка, дзе спікерамі сталі людзі, якія напрамую сутыкнуліся з катастрофай. Нягледзячы на той боль, што яны перажылі, людзі без ценю сумневу распавядаюць аб сваім лёсе.


Першая такая дыялогавая пляцоўка адбылася ў Купалаўскім універсітэце ў 2021 годзе па ініцыятыве студэнтаў, расказала старшы выкладчык кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Алена Антончык.

— Нашы студэнты беражліва ставяцца да гісторыі, і мы садзейнічаем іх ініцыятыве. Дадзеная дыялогавая пляцоўка ставіць перад сабой мэту расказаць пра лёсы людзей, якія, не шкадуючы сябе, ліквідавалі наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мы расказваем і пра тых, каму давялося пакінуць радзіму, кінуць усё. Але, на шчасце, перасяленцам дапамагалі знайсці новы дом. І яны расказваюць пра тое, як прайшлі гэты шлях, — расказала Алена Антончык.

Складаны выбар

Менавіта так здарылася ў Алены Іванчыкавай. Жанчына ўжо шмат гадоў жыве ў аграгарадку Азёры, і знайшла на Гродзеншчыне свой другі дом. Алена прыгадвае, што ў Азёрах яе сям’ю чакалі і ва ўсім дапамаглі. Яна прайшла шлях ад настаўніка да старшыні Азёрскага сельскага выканаўчага камітэта, заўсёды была дзейным грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны.

photo_2025-04-25_16-35-08.jpg

Але абставіны, пры якіх Алена апынулася ў гэтым маляўнічым кутку Беларусі, пакінуўшы Чачэрскі раён, да гэтага часу болем аддаюцца ў сэрцы. У дзень трагедыі ў яе павінна было адбыцца вяселле. Алена і яе сям’я рыхтаваліся да гэтай урачыстай падзеі, і з’ехалі па пакупкі ў Кіеў.

— Як зараз памятаю тое 26 красавіка. Было вельмі горача. У 11 гадзін дня пайшоў моцны дождж, людзі тоўпіліся пад казыркамі і на прыпынках. У вадзе было шмат нейкага пылка... Ніхто з нас тады і падумаць не мог, што насамрэч адбываецца. І бяда не прыходзіць адна. Пакуль я была ў ад’ездзе, мой будучы муж патрапіў у сур’ёзную аварыю і цудам застаўся жывы, але ў яго засталося страшнае калецтва на руцэ. Я памятаю 1 Мая, як усе людзі выйшлі на дэманстрацыю, спякота так і трымалася. Тады ўжо хадзілі чуткі аб тым, што на станцыі нешта адбылося, але афіцыйна ніхто нічога не паведамляў. Потым, калі ўжо з’явілася хоць нейкая інфармацыя, я даведалася, што цяжарная...

Перад Аленай стаяў складаны выбар. Бо ўсе лекары казалі аб сур’ёзнай шкодзе трагедыі для здароўя, аб магчымых паталогіях малечы. Таму, на жаль, медыкі рэкамендавалі рабіць жанчынам аборт.

— Я проста не змагла. Прыняла рашэнне вынасіць дзіця і выхаваць яго, якім бы яно ні было. Да 6-га месяца хавала сваю цяжарнасць. Урачы былі вельмі моцна занепакоеныя, але я была настроена рашуча. Нарадзіла цудоўную дзяўчынку, якая вырасла і падарыла мне трох выдатных унукаў.

Кроў ішла носам

Студэнты вельмі ўважліва слухалі гісторыю Алены, было бачна, як моладзь суперажывае і прапускае ўсе падзеі праз сябе. Не менш эмоцый выклікаў расказ Вячаслава Мароза, які быў ліквідатарам і працаваў у 30-кіламетровай зоне рэактара. У той час ён якраз стаў афіцэрам, у вобласці катастрофы працаваў дазіметрыстам. У той час абышоў шмат населеных пунктаў, і тое, што бачыў, назаўжды засталося ў ягонай памяці.

photo_2025-04-25_16-35-07 (2).jpg

— Людзей там не было наогул. Толькі пакінутыя жывёлы, якія імгненна здзічэлі. Асабліва ўрэзаўся ў памяць адзін дзіцячы садок. Цацкі, ложкі, рэчы... Усё ляжала так, быццам нехта зараз прыйдзе сюды, і сцены зноў напоўняцца дзіцячым смехам... Я працаваў у розных месцах, быў і ля рэактара. І фізічна адчувалася яго ўздзеянне. Слабасць, млоснасць, кроў ішла носам. Але мы працягвалі працаваць. Нам усім дапамагала наша маладосць неяк гэта перанесці.

Яшчэ праблема заключалася ў марадзёрах, якія ў пошуках нажывы выносілі рэчы з зоны адчужэння. А ўсе прадметы былі заражаны радыяцыяй, і было важна не дапусціць, каб яны пакінулі гэтую зону.

Перадаць памяць нашчадкам

Гераічнасць ліквідатараў захапляе, пра гэта казала і моладзь. Студэнтка 2 курса Купалаўскага ўніверсітэта Дар’я Паўшок адзначыла, што чарнобыльская трагедыя — частка гісторыі нашай краіны, гэтую старонку таксама нельга забываць.

— Менавіта моладзі перадаваць далей памяць аб подзвігу ліквідатараў, якія дапамагалі ўхіліць наступствы аварыі. І вельмі выдатна, што да нас прыходзяць госці, гутараць з намі, адказваюць на пытанні, — падзялілася дзяўчына.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся і Уладзімір Борк, студэнт 2 курса ГрДУ імя Янкі Купалы:

— Я быў рады стаць удзельнікам дыялогавай пляцоўкі і з першых вуснаў пачуць гэтыя няпростыя гісторыі. Гэтае мерапрыемства пашырае веды моладзі. Такія страшныя ўрокі гісторыі паказваюць, як быць не павінна, і дазваляюць правесці пэўную работу над памылкамі.

Пасля таго як спікеры падзяліліся сваімі гісторыямі, студэнты маглі задаць пытанні, нешта ўдакладніць. Несумненна, гэтая сустрэча нікога не пакінула абыякавым.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю