Top.Mail.Ru

У 2025 годзе аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі толькі ў Мінску папярэдзілі 13 пажараў

Па даных на канец лістапада сёлета ў жылым фондзе сталіцы з’явілася больш за 22 тысячы новых аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, за год іх устанавілі ў 17 тысячах кватэр і прыватных дамоў. Устаноўкай гэтых прылад супрацоўнікі МНС займаюцца і ў рамках шырокамаштабнай інфармацыйнай кампаніі, якая праходзіць у Беларусі з 24 лістапада па 14 снежня.


Вораг бяспекі — бестурботнасць

Няпамятлівасць, грэбаванне правіламі і банальная неасцярожнасць — галоўныя прычыны пажараў у дамах і кватэрах. Паводле звестак МНС, часцей за ўсё трагедыі здараюцца з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, асабліва пры курэнні і ў стане алкагольнага ап’янення. За гэтым па частаце ідзе парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электрапрыбораў, у тым ліку — перагрузка сеткі некалькімі прыборамі адразу. Многія, забываюць, што амаль усе яны не прызначаны для працяглай работы, асабліва — без нагляду. Небяспеку тоіць у сабе і звычка пакідаць на ноч на зарадцы мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты. Нягледзячы на ўбудаваныя сістэмы абароны, выпадкі ўзгарання зарадных прылад і саміх апаратаў зусім не рэдкія. У музеі МНС ёсць цэлая калекцыя такіх «рэчыўных доказаў».


Каб прадухіліць сумныя наступствы бестурботнасці і неасцярожнасці, у МНС настойліва рэкамендуюць усталёўваць у дамах пажарныя апавяшчальнікі. АПА звычайна размяшчаюць у жылых пакоях — на кухні пара або дым ад гатавання могуць справакаваць ілжывыя спрацоўванні і пагоршыць работу прыбора. Прынцып яго дзеяння такі: дым ад узгарання, паднімаючыся да столі, пападае ў спецыяльную камеру, дзе пераламляе светлавыя прамяні, і спрацоўвае гукавы сігнал. 

За апошняе дзесяцігоддзе АПА былі абсталяваны больш за 160 тысяч мінскіх кватэр. З 2002 года яны з’явіліся ў звыш 800 тысяч домаўладанняў мінчан. Аб іх эфектыўнасці сведчаць так званыя «станоўчыя спрацоўкі» — калі прыбор своечасова зафіксаваў задымленне і падаў сігнал, дазволіўшы пазбегнуць бяды. З пачатку года такіх эпізодаў у Мінску зарэгістравана 13, з 2002 года АПА ў жыллі гараджан спрацавалі ў крытычнай сітуацыі 564 разы. Дзякуючы своечасоваму апавяшчэнню ўдалося захаваць жыццё 412 людзям, у тым ліку дваім дзецям. Па статыстыцы, большасць «станоўчых спрацовак» адбываецца ўначы ці пад раніцу, калі людзі спяць найбольш глыбока і таму асабліва ўразлівыя. Гэта адна з прычын, чаму ў новых дамах, дзе апавяшчальнікі першапачаткова прадугледжаны праектам, іх дэмантаж забаронены.


Упор на ўсвядомленасць

Асаблівая ўвага ў прафілактыцы пажараў надаецца так званым катэгараваным грамадзянам — людзям, якія з-за ўзросту, стану здароўя або фізіялагічных асаблівасцяў могуць не здолець хутка зрэагаваць на надзвычайную сітуацыю. Для іх па сацыяльных праграмах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ўсталёўваюцца бясплатна. Па даных МНС, сёлета прыборы з’явіліся амаль у 3,7 тысячы домаўладанняў. У выпадку, калі жыхар — інвалід па слыху або апорна-рухальнага апарату, апавяшчальнік падключаецца да сігнальна-гукавой прылады, выведзенай у агульны калідор. Так узняць трывогу і паклікаць на дапамогу змогуць суседзі. У 2025 годзе падобным чынам АПА былі падключаны ў 63 дамах і кватэрах.

Падчас інфармацыйнай кампаніі ратавальнікі расказваюць, дзе лепш за ўсё ўсталяваць АПА і як правільна яго абслугоўваць, нагадваюць грамадзянам тэлефоны экстранных службаў і правілы паводзін пры пажары. Але гэтым займаюцца не толькі супрацоўнікі МНС — тых, хто мае ў гэтым патрэбу, наведваюць таксама і добраахвотныя арганізацыі. Пра гэта расказала прадстаўнік Мінскай гарадской арганізацыйнай структуры Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства» Юлія ІЛЬІЧОВА


Апавяшчальнікі вырабляюцца на ўласным прадпрыемстве аб’яднання: «Іх гарантыйны тэрмін — 2 гады, а тэрмін эксплуатацыі звычайна да 10 гадоў. Прылады з’яўляюцца шматразовымі і працуюць ад батарэйкі тыпу „Крона“, якую рэкамендуецца мяняць раз у год. Аб няспраўнасці або разрадзе батарэі сігналізуе перыядычнае папіскванне», — адзначыла яна.

Прафілактычныя рэйды могуць праходзіць і сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, але часцей за ўсё супрацоўнікам МНС дапамагаюць сацыяльныя службы. Так, Ірына АЎТУШКО, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Заводскага раёна, тэлефануючы пажылым людзям, каб дамовіцца аб усталяванні пажарных апавяшчальнікаў, часам сутыкаецца з неразуменнем: «Дзядуля, вы ж дзверы адчыніце супрацоўнікам?», — пытаюся я. Пагаджаецца, а праз пяць хвілін ужо кажа: «Не прыходзьце, не адкрыю». Крыўдзіцца ў такіх выпадках нельга — усё ж такі, людзі ва ўзросце. І прымушаць усталёўваць АПА мы нікога не можам. Упор робім на ўсвядомленасць, каб грамадзяне разумелі, навошта гэта трэба.

Часам людзі проста баяцца — а калі гэта ашуканцы? — і не хочуць пускаць тых жа прадстаўнікоў выратавальнага ведамства. У МНС падкрэсліваюць: любога візіцёра ў форме кожны грамадзянін мае права праверыць, запатрабаваўшы, напрыклад, службовае пасведчанне і патэлефанаваўшы ў раённае падраздзяленне для пацверджання асобы супрацоўніка.

Аміна НАЗАРАВА.

ФОТА: Ксенія ЛІННІК. 

Чытайце таксама: У Мінску муж і жонка загінулі пры пажары ў кватэры

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю