На экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі разгледзелі дадатковыя меры для асобных катэгорый замежных грамадзян, якія прэтэндуюць на атрыманне грамадзянства Рэспублікі Беларусь.
Праект закона аб унясенні змяненняў у дзеючае заканадаўства стаў ключавой тэмай пасяджэння экспертнага савета. Дакументам прапануецца ўвесці дадатковыя падставы для прыёму ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь асобнай катэгорыі замежных грамадзян. Размова ідзе аб асобах, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё краіны, адзначыў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іван НОВІКАЎ. Рашэнне па гэтым пытанні яшчэ будзе прымаць Савет Рэспублікі.
«2025 год азнаменаваўся прыростам колькасці замежнікаў, якія прыязджалі ў Рэспубліку Беларусь. У першую чаргу для турыстычных візітаў, у рамках бязвізавага рэжыму, дзеянне якога працягнута рашэннем кіраўніка нашай дзяржавы для значнай колькасці краін», — адзначыў Іван Новікаў. Выраслі і патокі знешніх працоўных мігрантаў, якія прыязджаюць сюды для атрымання адукацыйных паслуг, пражывання і іншых мэт.
Па словах начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, у мінулым годзе ў нашу краіну з рознымі мэтамі прыехала больш за 2,2 мільёна замежнікаў, у тым ліку ў рамках бязвізавага рэжыму — практычна 230 тысяч чалавек. Найбольш актыўна бязвізам карысталіся жыхары суседніх краін, у прыватнасці прыбалтыйскіх дзяржаў, Польшчы, а таксама госці з Германіі і Італіі.
Іван Новікаў таксама паведаміў, што летась падначаленым яму ведамствам праводзілася актыўная работа па папулярызацыі пераходу грамадзян Беларусі на біяметрычныя дакументы. Па словах прадстаўніка ДГіМ МУС, такія пашпарты даюць шырокі спектр магчымасцяў для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур у праактыўным фармаце, адрозніваюцца зручнасцю ў карыстанні. А гэта актуальна, у тым ліку, пры выездзе за мяжу.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА