Top.Mail.Ru
259

У 2025 годзе ордэна Маці ў Беларусі ўдастоены 458 жанчын

Пра гэта журналістам расказала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава, паведамляе БелТА.

Юлія Берднікава нагадала, што ўжо заўтра, 14 кастрычніка, у краіне святкуюць Дзень маці, а 21 кастрычніка — Дзень бацькі. Тыднёвы перыяд паміж гэтымі святамі атрымаў назву «Тыдзень бацькоўскай любові» і будзе адзначаны мноствам урачыстых мерапрыемстваў.

Тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя маці і бацькам, пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. «У абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтах арганізаваны ўрачыстыя прыёмы з узнагароджаннем ордэнам Маці жанчын, якія з’яўляюцца ўзорам мацярынства, любові і адказнага выхавання сваіх дзяцей. У 2025 годзе гэтай дзяржаўнай узнагароды ўдастоены 458 жанчын, а ўсяго з 1998 года такіх жанчын у нашай краіне ўжо больш за 14 тыс.», — расказала намеснік міністра. 

Акрамя таго, у гэтыя дні будуць падведзены вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі «Моцная сям’я — моцная дзяржава», сямейнага конкурсу органаў унутраных спраў «Сям’я! Служым разам!», конкурсу МНС «Сямейнае прызванне» і конкурсу сістэмы адукацыі «Гісторыя маёй сям’і».

Таксама пройдуць традыцыйныя рэспубліканскія акцыі ў радзільных дамах «Павіншуем маму з малым!» і ў арганізацыях — «Павіншуем маму і тату разам!». «У органах ЗАГСа бацькоў віншуюць пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці, маладых — пры заключэнні шлюбу, а сямейных юбіляраў — пры юбілейных датах сумеснага жыцця», — адзначыла Юлія Берднікава.

Яна таксама паведаміла, што ўжо сёння стартуе марафон сямейных ролікаў у TikTok «Усё пачынаецца з сям’і». «Запрашаем усіх актыўна далучыцца да нашай акцыі і з дапамогай маленькіх відэаролікаў паказаць, што ж адбываецца ў нашых беларускіх сем’ях, дзе нараджаюцца і паспяхова растуць нашы шчаслівыя дзеткі», — дадала намеснік міністра.

Юлія Берднікава дадала, што 14-15 кастрычніка ў Полацку пройдзе Рэспубліканскае мерапрыемства «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава». У Мінску на пляцоўцы Мінскага тэхнапарка 17 кастрычніка будзе праводзіцца форум з удзелам працоўнай моладзі «Час сямейных каштоўнасцяў». А 21 кастрычніка, у Дзень бацькі, адбудзецца сямейнае свята «З татам разам». 

Акрамя таго, актыўна пройдуць розныя інфармацыйна-асветніцкія акцыі. «15 кастрычніка адбудзецца Адзіны дзень кансультавання па пытаннях сацыяльнай абароны сем’яў з дзецьмі, а 14 і 21 кастрычніка адвакаты і натарыусы правядуць бясплатнае прававое кансультаванне маці і бацькоў па пытаннях шлюбна-сямейнага заканадаўства», — расказала намеснік міністра.

Яна адзначыла, што гэта толькі малая частка ўсіх мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсёй краіне. «Асноўная мэта ўсіх гэтых яркіх падзей і мерапрыемстваў — аб’яднаць жыхароў нашай роднай Беларусі для ўдзялення ўвагі сямейным каштоўнасцям, павышэнню прэстыжу мацярынства і бацькоўства і, вядома, яшчэ раз звярнуць увагу на нашых дзяцей, якія выхоўваюцца ў нашых сем’ях. Умацоўваць інстытут сям’і, захоўваць сямейныя каштоўнасці і перадаваць традыцыі — значыць інвеставаць у будучыню, у шчаслівую будучыню нашай дзяржавы», — падсумавала Юлія Берднікава.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю