Аб тым, як у Беларусі ўдасканальваюцца падыходы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур Міністэрства юстыцыі Раман ПРОХАРАЎ. Паводле яго слоў, сёння ў краіне дзейнічае 158 службаў «Адно акно», праз якія грамадзяне могуць падаць заявы па 225 з 249 існуючых адміністрацыйных працэдур, аднесеных да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Аб тым, як у Беларусі ўдасканальваюцца падыходы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур Міністэрства юстыцыі Раман ПРОХАРАЎ. Паводле яго слоў, сёння ў краіне дзейнічае 158 службаў «Адно акно», праз якія грамадзяне могуць падаць заявы па 225 з 249 існуючых адміністрацыйных працэдур, аднесеных да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
А з 2024 года, дзякуючы экстэрытарыяльнаму прынцыпу ўзаемадзеяння, зрабіць гэта можна яшчэ і ў любым пункце. Механізм дазваляе звяртацца за пэўнымі паслугамі або працэдурамі ў любую службу незалежна ад месца рэгістрацыі заяўніка, месца знаходжання аб’екта або іншых тэрытарыяльных абмежаванняў. Гэта спрашчае доступ да паслуг, зніжае неабходнасць паездак па даведкі або дакументы. Што, дарэчы, яскрава адлюстроўвае статыстыка: «У 2026 годзе ўжо пададзена каля 14 тысяч заяў па гэтым прынцыпе, што на 61 % вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года», — адзначыў Раман Прохараў.

— Узаемадзеянне па экстэрытарыяльным прынцыпе адбываецца выключна паміж службамі «Адно акно»: заява рэгіструецца ў дзень звароту і накіроўваецца праз
праграмны комплекс у службу ўпаўнаважанага органа, —расказала галоўны спецыяліст аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Крупскага раённага выканаўчага камітэта Святлана ГАЙДУК. — Прамое накіраванне пакета дакументаў ва ўпаўнаважаны орган не дапускаецца. Калі пры ўпаўнаважаным органе няма службы «Адно акно», экстэрытарыяльны прынцып не прымяняецца.
Арыгіналы дакументаў накіроўваюць у службу ўпаўнаважанага органа па пошце на працягу працоўнага дня, які ідзе за днём прыняцця заявы. Рашэнне накіроўваецца заяўніку на працягу пяці працоўных дзён. Паведаміць пра вынік могуць і іншым спосабам, указаным у заяве, — напрыклад, праз SMS.
Інтэрактыўная картка сталіцы
За мінулы год службы «Адно акно» прынялі крыху больш за 1,3 мільёна заяў па ўсёй краіне. Тройка самых запатрабаваных тэм застаецца нязменнай: жыллёвыя пытанні, рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану, а таксама сфера працы і сацыяльнай абароны. Прычым у сталіцы, дзе працуе 10 такіх службаў, было прынятабольш за 452 тысячы заяў — каля 30 % з усіх па краіне, нагадала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана СЁМУХА: «Гэта звязана ў тым ліку і з укараненнем у чэрвені 2024 года экстэрытарыяльнага прынцыпу — прыёму заяў зацікаўленых асоб без уліку падведамнасці», — адзначыла яна.

Нядзіўна, што ў хуткім часе востра паўстала пытанне размеркавання патокаў людзей паміж сталічнымі службамі: трэба было пазбегнуць чэргаў і зняць празмерную нагрузку з асобных участкаў. І першым крокам на шляху да вырашэння гэтай праблемы, каб пераразмеркаваць заяўнікаў паміж ужо існуючымі пунктамі прыёму, стала інтэрактыўная карта службаў «Адно акно» Мінска, якая ў анлайн-рэжыме паказвае наяўнасць чаргі, колькасць наведвальнікаў і сярэдні час іх абслугоўвання.
Дадалі і яшчэ адну зручную функцыю — папярэдні запіс праз сайт сталічных службаў, для пацвярджэння якога дастаткова будзе аднаго мабільнага тэлефона. А вось запісацца можна на два месяцы наперад — у любы зручны час і ў гадзіны працы службы.
У сваю чаргу, колькасць заяў, зарэгістраваных праз праграмны комплекс «Адно акно», вырасла з 390 тысяч у 2023 годзе да больш чым 2 мільёнаў на 1 лістапада 2026-га. Сёння комплекс актыўна выкарыстоўваюць каля 9 тысяч карыстальнікаў з больш за 2,4 тысячы арганізацый.
Для кожнага ў любой жыццёвай сітуацыі
Па словах Рамана Прохарава, комплекс плануюць развіваць і далей, як і яго праактыўны фармат. Сэнс у тым, каб у тыповых жыццёвых сітуацыях звесці асабістыя візіты грамадзян у службы да мінімуму, а дзесьці і наогул ад іх адмовіцца, перайшоўшы на электронны фармат дакументаў. Але проста адмовіцца ад «паперак» у гэтым выпадку мала — спачатку трэба наладзіць хуткі абмен данымі паміж дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі, распрацаваць прававыя механізмы.
Дарэчы, ужо цяпер рэалізуюцца два планы мерапрыемстваў — па жыццёвых сітуацыях «нараджэнне дзіцяці» і «купля аўтамабіля», — а яшчэ ў трох — такія кірункі, як страта блізкага, статус шматдзетнай сям’і і сямейны капітал — укараненне фармату прапрацоўваецца.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД