«Гармонік» трэцяга пакалення
Мінскім аўтамабільным заводам у рамках супрацоўніцтва з ГК «Ітэлма» ў красавіку 2025-га быў выпушчаны ўнікальны электробус класа МАЗ 303Е23, які адрозніваецца фактычна стопрацэнтнай лакалізацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы.
Як паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода, прадукт быў створаны ў кароткія тэрміны. За паўгода ён прайшоў шлях ад ідэі да серыйнай пастаўкі ў Санкт-Пецярбург. У снежні мінулага года была завершана пастаўка буйной партыі такіх электробусаў аб’ёмам 100 адзінак. На сёння гэта самая вялікая партыя серыйных электробусаў з начной зарадкай, пастаўленая ў Расійскую Федэрацыю.
Галоўная асаблівасць электробуса — усе кампаненты выраблены ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Беларускі бок адказваў за кузаў, электраабсталяванне, ПА і ключавыя сістэмы, расійскі — за тэлематыку і сілавую частку.
— У працэсе распрацоўкі «саюзнага электробуса» мы шмат чаму навучыліся. Гэты праект даў нам упэўненасць у тым, што не існуе невырашальных задач, асабліва калі ёсць мэтанакіраванасць і напор, — адзначылі прадстаўнікі ГК «Ітэлма».
Было падкрэслена, што МАЗ сумесна з партнёрамі не спыняецца на дасягнутым і, адказваючы на пасажырапаток, які расце, паслядоўна пашырае лінейку электратранспарту. Менавіта таму цяпер вядуцца работы над стварэннем новай мадэлі — МАЗ 305Е. Гэта будзе сучленены электробус асабліва вялікай умяшчальнасці кузава трэцяга пакалення, здольны перавозіць больш пасажыраў і забяспечваць яшчэ вышэйшы ўзровень камфорту. Першы ўзор будзе прадстаўлены сёлета.
— Будучы МАЗ 305Е ствараецца традыцыйна на ўніфікаваным каркасе, які дазваляе канструяваць на яго базе розныя мадыфікацыі. Гэта адкрые магчымасць вытворчасці «гармонікаў» трэцяга пакалення, у тым ліку на розных відах паліва, — выказалі ўпэўненасць на прадпрыемстве.