Top.Mail.Ru

У 21 рэгіянальнай ВНУ Беларусі стартавала рэгістрацыя на ўніверсітэцкія алімпіяды

Пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд (уладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені) будуць мець права залічэння ў ВНУ без уступных іспытаў. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі ад 11 лістапада 2026 года № 192 «Аб правядзенні ўніверсітэцкіх алімпіяд», якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакладны рэгламент

Як паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ, галоўная мэта правядзення рэгіянальных алімпіяд не змянілася:
— Гэта прыцягненне ва ўніверсітэты абітурыентаў, найбольш падрыхтаваных і матываваных на асваенне канкрэтнай спецыяльнасці. Таксама пашырэнне шляхоў і форм узаемадзеяння ВНУ са школамі і каледжамі, павышэнне цікавасці ўдзельнікаў алімпіяд да вучэбных прадметаў, развіццё творчых здольнасцяў, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, актывізацыя работы факультатыўных заняткаў і прафарыентацыйных мерапрыемстваў.

У пастанове Міністэрства адукацыі дакладна рэгламентуецца парадак правядзення такіх алімпіяд.

— Рэгістрацыя на ўдзел у іх ужо стартавала — уся падрабязная інфармацыя і графікі размешчаны на сайтах універсітэтаў, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч. — Папярэдні этап гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў па кожным навучальным прадмеце пройдзе са снежня па студзень, а заключны этап — у апошнюю нядзелю лютага адначасова ў кожнай ВНУ.

Толькі ў вочным фармаце

Першы намеснік міністра адукацыі засяродзіў увагу на шэрагу важных навацый:
— З гэтага года папярэдні і заключны этапы алімпіяд будуць праходзіць толькі ў вочным фармаце на базе ўніверсітэтаў — больш ніякіх анлайн. Такое рашэнне было прынятае выключна для таго, каб і сам працэс правядзення алімпіяд, і іх вынікі зрабіць больш празрыстымі і справядлівымі.

Яшчэ адзін важны момант: акрамя вучняў 11 класа школ, у рэгіянальных алімпіядах могуць удзельнічаць і навучэнцы апошняга курса каледжаў.

А галоўнай асаблівасцю стане адзіны падыход да распрацоўкі і праверкі алімпіядных заданняў, аналагічны правядзенню цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Па словах Аляксандра Бахановіча, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў па кожным вучэбным прадмеце ажыццяўляе выбарку варыянта алімпіядных матэрыялаў, прадастаўленых Акадэміяй нацыянальнай адукацыі, тыражуе іх і перадае дзяржаўнай фельд’егерскай службе для дастаўкі ў месца правядзення. Таксама РІКВ да праверкі выкананых работ у дзень правядзення алімпіяды прымае электронныя копіі сканіраваных работ і ажыццяўляе іх захоўванне — і гэта яшчэ адна з алімпіядных навацый.

У працэнтных суадносінах

Як і раней, ацэньваць работы будзе кампетэнтнае журы. Каб атрымаць дыплом І ступені, неабходна набраць не менш за 95 % ад максімальна магчымай колькасці балаў. Калі балаў не менш за 90 % — гэта гарантуе дыплом ІІ ступені. Для дыплома ІІІ ступені патрабуецца не менш за 85 % балаў. Выключэнне зроблена па спецыяльнасцях «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» — па іх гэтыя паказчыкі некалькі ніжэйшыя.

— Вынікі будуць падводзіцца з 1 па 10 сакавіка 2027 года. Затым да 1 красавіка па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі ВНУ апублікуюць у сродках масавай інфармацыі, на сваіх сайтах, у тэлеграм-каналах і сацсетках квоты на пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд, якія будуць рэкамендаваныя да залічэння. Яны складуць да 5 % ад кантрольных лічбаў прыёму на дадзеную спецыяльнасць, а для спецыяльнасцяў сельскагаспадарчага і ветэрынарнага профілю, рыбнай гаспадаркі і аховы працы — да 15 % ад кантрольных лічбаў прыёму, — удакладніў першы намеснік міністра адукацыі.

Ад мэблі да калькулятараў

Пастановай Міністэрства адукацыі прадугледжваецца, што аўдыторыі, дзе будуць праходзіць алімпіяды, забяспечваюцца неабходнай мэбляй і гадзіннікамі, якія павінны знаходзіцца ў полі зроку ўдзельнікаў іспыту, а таксама некаторым запасам простых аднарадковых калькулятараў для выканання выключна арыфметычных дзеянняў, аперацый з працэнтамі і гэтак далей пры правядзенні заключнага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах «Хімія» і «Фізіка». Падчас правядзення алімпіяд у аўдыторыях арганізуюцца пітны
рэжым і дзяжурства медыцынскага работніка.

Дарэчы

РІКВ гарантуе

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый МІРОНАЎ падкрэсліў, што РІКВ з’яўляецца адным з элементаў сістэмы арганізацыі ўніверсітэцкіх алімпіяд. Інстытут забяспечвае канфідэнцыяльнасць, гарантуе захаванне правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў, а таксама садзейнічае празрыстасці правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў.

— Для забеспячэння канфідэнцыяльнасці алімпіядных заданняў, іх тыражавання і дастаўкі ў ВНУ праз дзяржаўную фельд’егерскую службу, а таксама для захоўвання электронных варыянтаў выкананых работ 26 лістапада ўводзім у эксплуатацыю новае тыражнае памяшканне і спецыяльныя праграмна-апаратныя комплексы, — праінфармаваў Дзмітрый Міронаў.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю