Top.Mail.Ru
62

У 72 гады яна працуе на ферме, ездзіць на скутары і пакуль не збіраецца на пенсію

«Выхавацелька» для цялят

   Пра што можа думаць жанчына, якае едзе атрымліваць высокую ўзнагароду? Не паверыце: не пра тое, як яна выглядае, ці будзе хвалявацца, калі выйдзе на сцэну. Нашу гераіню хвалявала найперш, як хутчэй вярнуцца на работу. Так было, калі яна ездзіла ў сталіцу, дзе ў Палацы Рэспублікі ёй уручылі медаль «За працоўныя заслугі», і днямі, калі адзначылі як найлепшую жанчыну Гродзеншчыны. «Ну як магу камусьці даверыць маіх цялят? Мяне дзень не было, а яны ўжо есці не хацелі», — гаворыць Людміла Матачкіна, жывёлавод камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Імя Дзяржынскага» Слонімскага раёна.

Калі гэта энергічная жанчына, якая прымчала на ферму на скутары, прызнаецца, што ёй 72 гады, не можам паверыць. Такім транспартам яна ўжо 15 гадоў дабіраецца да работы, пару гадоў таму нават прадоўжыла правы. Скутар дае ёй мабільнасці. Паважанаму жывёлаводу, якая ўжо чацвёрты дзясятак даглядае цялят, у якой ніколі не было падзяжоў і ў якой ёсць свае падыходы да жывёл, давяраюць. І яна працуе па ўласным графіку: яшчэ не развіднее — ужо нясецца да сваіх цялят як да дзяцей малых. І часта прыязджае задоўга да пачатку афіцыйнага працоўнага дня. Жанчына прызнаецца, што так ёй і спакайней за гадаванцаў, і са справамі разбірацца куды прасцей, калі няма лішняй мітусні. «Я толькі прачынаюся — у мяне ўсе думкі пра цялят. Гэта мая аддушына», — дзеліцца жанчына. Жывёлы адгукаюцца на яе любоў — падбягаюць, лашчацца, ліжуць рукі. Між іншым, гэта ў яе новая група, яшчэ і тыдня няма, як яна іх узялася даглядаць. Сёння ў яе 65 «выхаванцаў».

У Беларусь сям'я Людмілы Матачкінай прыехала з Урала. Там сямёра чалавек туліліся на той час у цесным бараку, а тут прапанавалі жыллё. Зямля гэта была ім роднай, яе бацька тут ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны.


Спачатку жанчына ўладкавалася па прафесіі — 3 гады працавала выхавацелькай у дзіцячым садку (на той час ужо быў 15-гадовы стаж у гэтай сферы). А пасля пайшла даглядаць ужо іншых «дзяцей» на ферму. Нягледзячы на тое, што за «новенькай» замацавалі настаўніка, тагачасны старшыня ўсё забягаў праверыць, як яна спраўляецца на новым месцы. Але хвалявацца было няма чаго — у Людмілы бацька быў ветэрынарам, і яна, малая, заўсёды, круцілася вакол яго, дапамагала. Ведала не толькі з якога боку падысці да каровы, магла і ўкол зрабіць унутрывенна. Акрамя таго, у яе вялікай сям'і з сямі чалавек з самых юных гадоў прывучалі да працы. «У маці былі хворыя рукі, і я памятаю, што толькі тры класы скончыла, а ўжо даіла карову, вучылася ў пятым — хадзіла касіць».

Жанчына лічыць, што найбольш складаныя ў яе былі тыя 10 гадоў, калі яна даглядала самых маленькіх цялят. «Бывала, што і спала па паўтары гадзіны, бо і дома ж была гаспадарка (трымалі дзвюх кароў, свіней, авечак), а яшчэ і дзеці былі малыя, якім трэба есці наварыць, і скаціну ўправіць...

Сёння Людміла Андрэеўна «набірае ў сваю групу» старэйшых цялят. Калі самыя маленькія малочныя гадаванцы жывуць у асобных пластыкавых доміках, яе Чарнышы і Бяляўкі ўжо трапляюць «у калектыў» — і тут трэба сачыць, каб усе былі «наетыя», каб больш жвавыя і моцныя «не прыцяснялі» сваіх суседзяў. «Я іх часта сартую: эліту — у асобны загон, а самым малым — асаблівы догляд. Важна выхаванцаў не толькі навучыць карыстацца паілкай, няўмек часам нават даводзіцца паіць з вядзерца», — жывёлавод дзеліцца сакрэтамі, дзякуючы якім ёй удаецца самых худых і бездапаможных цялят ператварыць у дагледжаных цёлачак і бычкоў. Заўважае, што трэба быць уважлівай да кожнага цяляці, нават сачыць за яго настроем, каб не прамаргаць, калі яму няўтульна з іншымі ці калі яму нездаровіцца.

Ужо 17 гадоў як Людміла Андрэеўна — пенсіянерка, але ні дня не можа без фермы. Жартуе, што яе нават на выхадныя і адпачынак «не выгнаць». Жанчына прызнаецца, што не ўяўляе сябе без працы, яна любой не баіцца. Калі дзеці пачалі ўшчуваць, што трэба спыніцца, паабяцала: дацягнуць да планкі ў 75. «Але, калі ногі будуць хадзіць, відаць, падману іх і яшчэ тут затрымаюся, — смяецца цялятніца. — Але вы не думайце — я не дзеля грошай працую. Нават мой зяць жартуе, што калі і плаціць не будуць, цешча ўсё роўна пойдзе на ферму».

Людміла Андрэеўна лічыць сябе шчаслівай жанчынай: у яе трое дзяцей, 8 унукаў і тры праўнукі. Як пачынаюцца ва ўсіх дні нараджэння — не засумуеш. І кожнаму яна імкнецца дапамагчы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю