У Аўстраліі 10 снежня набудзе моц першая ў свеце забарона на выкарыстанне сацыяльных сетак для дзяцей да 16 гадоў, паведамляе БелТА.
У краіне пачалася кампанія па інфармаванні грамадскасці, каб растлумачыць новыя законы і даць парады аб тым, як адвучыць дзяцей ад сацыяльных сетак да таго, як яны набудуць моц.
Платформы, уключаючы Facebook, Instagram, Snapchat, TikTok, X і YouTube, могуць быць аштрафаваны на суму да 50 млн аўстралійскіх долараў (28 млн еўра), калі не распрацуюць меры, якія дазволяць прадухіліць рэгістрацыю карыстальнікаў маладзей 16 гадоў.
«Мы хочам, каб у дзяцей было дзяцінства», — заявіла журналістам міністр сувязі Аніка Уэлс.
У Аўстраліі ўзроставыя абмежаванні ўжо выклікалі неадназначную рэакцыю, і некаторыя эксперты папярэджваюць, што гэтыя змены не толькі абароняць дзяцей, але і нашкодзяць ім. Больш за 140 аўстралійскіх і міжнародных вучоных летась падпісалі адкрыты ліст ураду, выступіўшы супраць узроставага абмежавання ў сацыяльных сетках.
За дзеяннямі Аўстраліі ўважліва сочаць краіны, якія падзяляюць занепакоенасць наконт уплыву сацыяльных сетак на маленькіх дзяцей, сярод іх Данія.
Пасол Даніі ў Аўстраліі Інгрыд Даль-Мадсен заявіла, што яе ўрад скарыстаецца цяперашнім старшынствам у Савеце Еўрапейскага саюза для прасоўвання парадку дня па абароне дзяцей ад шкоды ў сацыяльных сетках.
«Гэта глабальная праблема, і мы ўсё шукаем, як з ёй справіцца лепшым чынам. Мы глядзім на Аўстралію і будзем сачыць за тым, што робіць яна», — заявіла Даль-Мадсен у інтэрв’ю аднаму аўстралійскаму выданню.