Top.Mail.Ru

У абарот паступае новая двухсотрублёвая банкнота

Нацыянальны банк з 1 чэрвеня 2026 года выпускае ў абарачэнне новую банкноту ўзору 2009 года наміналам 200 рублёў. Як растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка, яна стане паўнапраўным плацежным сродкам у краіне.



Навінка выпускаецца ў рамках планавай работы па абнаўленні дызайну і ўзмацненню ахоўнага комплексу банкнот, а таксама для замены старых і пашкоджаных купюр на прыдатныя да абарачэння. Двухсотрублёвая купюра працягвае серыю раней абноўленых банкнот наміналамі 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў, якія паступалі ў абарот у 2019–2022 гадах.

Дызайн канцэптуальна падобны на двухсотрублёвую банкноту, якая ўжо знаходзіцца ў абарачэнні. Але замест факсіміле подпісу былога старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча цяпер стаіць подпіс цяперашняга кіраўніка — Рамана Галоўчанкі. Год узору «2009» замянілі на год выпуску ў абарачэнне — «2026». Таксама з’явілася назва намаляванага на ёй архітэктурнага збудавання: «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава».

Ахоўны комплекс новай банкноты распрацаваны на аснове ранейшага, але з дабаўленнем новых элементаў і заменай асобных з іх на больш дасканалыя мадыфікацыі. Да шматтонавага вадзянога знаку дадалі яшчэ адзін — філігрань ў выглядзе светлага малюнка наміналу «200». Ахоўная нітка стала шырэй — зараз яе шырыня складае 4 міліметра, і на ёй з’явіліся візуальныя ахоўныя эфекты. У паперу ўкаранілі ўзмацненне кромкі «Iron Frame» уздоўж доўгага боку банкноты, а двухбаковае лакіраванне павысіла зносаўстойлівасць купюры. Як падкрэсліваюць у Нацыянальным банку, абноўлены комплекс забяспечыць надзейную абарону ад падробак і пры гэтым дазволіць грамадзянам лёгка, хутка і беспамылкова правяраць сапраўднасць грошай.

Вытворцам новых банкнот выступіла акцыянернае таварыства «Гознак» з Расійскай Федэрацыі. Старыя двухсотрублёвыя банкноты ўзору 2009 года, якія ўжо знаходзяцца ў абарачэнні, сваю законную сілу не страчваюць.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю