Сяргей Хаменка, намеснік старшыні Савета Рэспублікі:
— Паняцце якасці датычыцца літаральна ўсіх сфер жыцця і дзейнасці нашай дзяржавы. Сама назва «Рэспубліка Беларусь» на сённяшні дзень ужо з’яўляецца брэндам — гэта сімвал справядлівасці, мірнага суіснавання і высокай якасці жыцця людзей. Таму мы разумеем, што абвешчаная ўказам кіраўніка дзяржавы пяцігодка якасці датычыцца не толькі прамысловасці і эканомікі. Гэта датычыцца і сферы жыццёвых, сацыяльных адносін унутры нашага грамадства — гэта і гістарычная памяць, і захаванне тых пазіцый, якія закладзены нашымі продкамі. У самім паняцці якасці закладзена адпаведнасць тым патрэбам, якія на сёння ёсць у нашым грамадстве.
Вядома, якасць — не толькі вытворчасць, але пры гэтым важна памятаць і разумець, што Беларусь — экспарцёр больш чым у 200 краін (тыя ж самыя малочныя прадукты ведаюць літаральна ва ўсім свеце). Сусветны рынак прадугледжвае жорсткую канкурэнцыю, спажыўцы ў ХХІ стагоддзі вельмі патрабавальныя, і якасць — адзін з найважнейшых фактараў, каб яе вытрымаць. Можна сказаць, што ў абвяшчэнні пяцігодкі якасці закладзены прынцып стратэгічнага прадбачання, якое ў нашага Прэзідэнта на працягу 30 гадоў мы назіраем у самых розных сферах. Пяцігодка якасці — гэта стварэнне ўмоў, якія будуць спрыяць развіццю нашай дзяржавы ў наступныя пяць гадоў.
З’яўляючыся каардынатарам выканання Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі, не магу не згадаць і іх у кантэксце пяцігодкі якасці. Гэта, па сутнасці, эканамічны, сацыяльны і экалагічны кірункі развіцця грамадства дзеля будучых пакаленняў. Для нашай краіны Мэты ўстойлівага развіцця — гэта рэальнасць, яны не толькі прадэклараваныя, але і рэалізуюцца на практыцы. Гэта прызнаюць нават не самыя лепшыя сябры нашай краіны.
Кожны год пяцігодкі якасці будзе тэматычным. Такі падыход да абазначэння асноўных кірункаў — гэта прыклад кіраўнічай дзейнасці дзяржаўнага маштабу нашага кіраўніка краіны. Для таго каб вызначыць гэтыя асноўныя кірункі, праводзіцца глыбокі маніторынг эканамічнай і сацыяльнай абстаноўкі, якая складваецца як вакол нашай краіны, так і ўнутры яе. І зноў жа, гаворачы аб стратэгічным прадбачанні нашага Прэзідэнта, неабходна сказаць, наколькі правільна выбіраецца, куды накіраваць асноўныя намаганні. Будаўніцтва Беларускай АЭС, дзеянні падчас пандэміі ковіду, узмацненне бяспекі дзяржавы, меры па захаванні яе суверэнітэту... Рэспубліканскія органы дзяржкіравання, грамадзянская супольнасць дакладна ведаюць, куды менавіта накіраваць намаганні і рэсурсы, каб дасягнуць вызначанай мэты, дабіцца максімальнага рэзультату.