Top.Mail.Ru

У аграгарадку Данілавічы Дзяржынскага раёна з’явіўся свой «Парк сяброў»

Тут гучыць дзіцячы смех, збіраецца моладзь, адпачываюць пажылыя людзі


Дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў і падтрымцы дзяржавы на месцы былой пусткі з’явілася цудоўнае месца для адпачынку. Тут пракладзены новыя дарожкі, уладкаваны спецыяльныя зоны, дзіцячая і варкаўт пляцоўкі, устаноўлена асвятленне. Даведаліся, як і ў каго ўзнікла ідэя добраўпарадкавання гэтых мясцін.

Парк атрымаў шанц на з’яўленне тады, калі вяскоўцы ўзялі справу ў свае рукі. Сёлета Дабрынёўскі сельскі выканаўчы камітэт, у склад якога ўваходзіць аграгарадок Данілавічы, упершыню ўзяў удзел у абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў.

Была створана ініцыятыўная група з 11 чалавек, якую ўзначаліла дырэктар мясцовага Дома культуры Вольга Смольская. 

З дзясяткаў ініцыятыў, якія паступілі з розных куткоў Міншчыны на конкурс, адным з пераможцаў стаў менавіта праект па стварэнні «Парка сяброў». І гэта была агульная перамога.

Урачыста адкрылі грамадзянскую ініцыятыву ў пачатку кастрычніка. На цырымоніі прысутнічаў старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Яўген СКАРАБАГАТЫ. Ён падкрэсліў, што створаны аб’ект — яркі прыклад ідэальнага ўзаемадзеяння мясцовых жыхароў і дзяржавы.

— Калі ідэя стварэння гэтай зоны адпачынку толькі нараджалася як грамадзянская ініцыятыва, мы ў раённым Савеце дэпутатаў адразу зразумелі: яе трэба абавязкова падтрымаць і рэалізаваць, — адзначыў Яўген Скарабагаты. — Таму што самае каштоўнае ў любой ініцыятыве — гэта людзі, якія гатовыя не проста прасіць аб новых аб’ектах, але і дзейнічаць самі.

— Вы даказалі, што разам мы можам многае, — звярнуўся ён да неабыякавых жыхароў аграгарадка. — Няхай гэта месца стане сапраўдным цэнтрам прыцягнення для ўсіх пакаленняў. Няхай тут гучыць дзіцячы смех, збіраецца моладзь, адпачываюць пажылыя людзі.

Старшыня Дабрынёўскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіл КУРАК на ўрачыстым мерапрыемстве расказаў, што мясцовыя жыхары гэтага сельсавета — першыя з Дзяржынскага раёна, хто атрымаў перамогу на конкурсе.

— І вось ужо прайшло крыху часу ад нараджэння праекта і да яго рэалізацыі, і я ўсё больш пераконваюся, што гэта перамога была невыпадковая. Гэта карпатлівая праца ініцыятыўнай групы, — падкрэсліў ён.

Міхаіл Курак упэўнены: парк апраўдаў сваю назву і стане цэнтрам прыцягнення для ўсіх пакаленняў.

— Мы шмат разоў разам збіраліся, шмат правялі суботнікаў. З некаторымі тут пазнаёміліся, з некаторымі сапраўды пасябравалі. І ўжо цяпер наш «Парк сяброў», я думаю, апраўдаў сваю назву. Мы на гэтым не спынімся і будзем далей яго развіваць.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Вольга Смольская ў сваю чаргу падзякавала ўсім, хто верыў у поспех.

— І асобнае «дзякуй» усім мясцовым жыхарам, якія паверылі ў нас і ўклалі свае грошы. Я спадзяюся, што ўсім усё падабаецца, асабліва ліхтары ўвечары. Мы будзем гэта берагчы і шанаваць тое, што ў нас ёсць.

Кошт праекта склаў 60 947 рублёў. Дзяржава выдзеліла 54 852 рублі, а 10 % ад кошту — больш за 6 тысяч рублёў — сабралі самі вяскоўцы. Жыхары не проста паверылі ў ідэю — яны падтрымалі яе рублём.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота прадастаўлена dzr. by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю