Без страт і ў аптымальныя тэрміны
Для працаўнікоў ААТ «Дастоева» жніво — гэта не проста сезонная работа, а магчымасць у поўнай меры праявіць прафесіяналізм, арганізаванасць і адказнасць за вынік. Сёлета ў гаспадарцы неабходна ўбраць 600 га азімага рапсу, 80 га сланечніку, а таксама 2220 га збожжавых і зернебабовых культур. Сярод іх — азімыя ячмень, жыта, пшаніца, трыцікале, яравыя ячмень, трыцікале, авёс і зернебабовыя.
У поўным аб’ёме
На сённяшні дзень ужо ўбрана 400 га рапсу з ураджайнасцю 27 ц/га, 300 га азімага жыта з ураджайнасцю 39 ц/га і поўнасцю завершана ўборка азімага ячменю на плошчы 351 га, сярэдняя ўраджайнасць якога склала 46,5 ц/га.
Як адзначыў намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Дастоева» Аляксандр ВАЛЫНЕЦ, надвор’е традыцыйна ўносіць свае карэктывы ў ход палявых работ:
— Кожны дзень ацэньваем сітуацыю непасрэдна ў полі. Абследуем участкі па вільготнасці і ўжо ў залежнасці ад гэтага прымаем рашэнне, куды накіроўваць камбайны.
.jpg)
На жніве задзейнічаны восем зернеўборачных камбайнаў, сем з іх — вытворчасці «Гомсельмаш». Неўзабаве парк тэхнікі папоўніць яшчэ адзін камбайн GS2124. На адвозцы зерня працуюць 13 аўтамабіляў «МАЗ» і два «ГАЗы». Для сушкі і захоўвання ўраджаю гаспадарка выкарыстоўвае два зернесушыльныя комплексы і адну мабільную сушылку.
Пры спрыяльных умовах за дзень удаецца ўбраць да 200 га сельскагаспадарчых культур. Гэта дазваляе захоўваць неабходныя тэмпы і разлічваць на завяршэнне работ у аптымальныя тэрміны.
Галоўнай задачай сёлетняй уборачнай кампаніі ў гаспадарцы называюць мінімізацыю страт, якаснае захоўванне збожжа і выкананне дзяржаўнага заказу. Дарэчы, дзяржзаказ па рапсе ўжо выкананы ў поўным аб’ёме.
Дагледжаная тэхніка не падвядзе
Сёння ў ААТ «Дастоева» працуюць каля 330 чалавек. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве складае 2750 рублёў, а поспех жніва шмат у чым залежыць ад вопыту і самаадданай працы механізатараў. Адзін з іх — Сяргей Бартош. У гаспадарцы ён працуе ўжо 18 гадоў, хоць сам родам з аграгарадка Тышкавічы. У мінулым годзе намалаціў 2,3 тысячы тон збожжа, а сёлета ўжо пераадолеў мяжу ў тысячу тон. Яго мэта — дасягнуць выніку ў 3 тысячы тон.
— Галоўнае — не зніжаць тэмп і імкнуцца да пастаўленай мэты, — упэўнены механізатар.
.jpg)
Падчас жніва Сяргей працуе на камбайне GS2124 вытворчасці «Гомсельмаш». Па-за сезонам ён арэ і падрыхтоўвае глебу да пасеву збожжа. Рабочы дзень часта пачынаецца ў 8 гадзін раніцы, а ў напружаныя дні заканчваецца позна вечарам. Пры гэтым пасля кожнай змены абавязковым этапам становіцца тэхнічнае абслугоўванне машыны.
— Каб ісці без страт, трэба клапаціцца пра тэхніку. Пры належным абслугоўванні камбайн не падводзіць і заўсёды гатовы да работы, — канстатуе Сяргей.
Самым прыемным момантам механізатар называе той час, калі бункер камбайна хутка напаўняецца збожжам, а ўраджайнасць радуе. Самым жа складаным лічыць падтрымліваць тэхніку ў бездакорным стане, бо менавіта ад яе надзейнасці залежыць агульны вынік.
Звяртаючыся да сваіх калег, Сяргей пажадаў ім простых, але вельмі важных рэчаў:
— Удачы і вялікіх намалотаў!
Праца ў сельскай гаспадарцы, паводле яго слоў, прыцягвае сваёй сумленнасцю:
— Тут усё сумленна. Колькі зарабіў сваёй працай — столькі і атрымаеш. Усё максімальна адкрыта і справядліва.
.jpg)
Нягледзячы на надвор’е
Галоўны аграном гаспадаркі Алег ПАМАЗАНСКІ адзначыў, што на гэтым этапе ўжо ўбрана больш за 40 % усіх плошчаў — 904 гектары. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 41 ц/га.
— На вынік паўплывалі асаблівасці надвор’я: тэмпература ліпеня выдалася вышэйшай за норму, працяглы час не было дажджоў, што не магло не адбіцца на развіцці культур. Але з надвор’ем не паспрачаешся, — заўважыў аграном.
Нягледзячы на гэта, гаспадарка працуе ў адпаведнасці з планам. Графікі выконваюцца, тэхнікі і транспарту дастаткова, а магутнасці для сушкі і складзіравання збожжа дазваляюць без праблем прымаць новы ўраджай.

— Галоўная задача гэтай уборачнай — як мага хутчэй убраць ураджай без спадарожных страт, мінімізаваць страты і своечасова завяршыць уборку, — падкрэсліў Алег Памазанскі.
Палявая кампанія ў ААТ «Дастоева» працягваецца. Зразумела, вынік жніва будзе залежаць і ад надвор’я, але ўжо сёння відавочна: вопыт прафесіяналаў, сучасная тэхніка і дакладная арганізацыя работ дазваляюць гаспадарцы ўпэўнена весці ўборку і выконваць пастаўленыя задачы.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Ірыны САЛОМКІ