Top.Mail.Ru

У аграгарадку Дзешчанка, што на Уздзеншчыне, прайшоў фестываль «Бульба-фэст»

Бульбы столькі, што яблыку няма дзе ўпасці!

6 верасня ў аграгарадку Дзешчанка Уздзенскага раёна прайшоў пяты юбілейны фестываль бульбы «Бульба-фэст». За час свайго існавання гэтае свята стала сапраўднай візітнай карткай не толькі аграгарадка Дзешчанка, але і ўсяго Уздзенскага раёна. А калісьці «Бульба-фэстам» называлі звычайныя школьныя кірмашы, удзел у якіх прымалі вучні мясцовай школы, іх бацькі і ўвесь педкалектыў. І рабілі гэта крэатыўна! Тады ніхто і падумаць не мог, што праз гады маштаб кірмашу будзе зусім іншым.

Адкуль пачыналася свята?

Як паведаміла намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Анжэла Жандармава, гісторыя «Бульба-фэста» бярэ свой пачатак з восеньскіх школьных кірмашоў, якія праводзіліся на працягу многіх гадоў у у мясцовай школе: «На гэтай зямлі калісьці знаходзілася эксперыментальная база імя Суворава, спецыялісты якой вырошчвалі новыя насенныя гатункі бульбы беларускай селекцыі. Цяпер пра гэтыя факты і не толькі можна даведацца, зазірнуўшы ў школу, дзе дзейнічае музей бульбы. А там ёсць на што паглядзець і чаму здзівіцца. Не ў кожным раёне, напрыклад, ёсць заслужаныя трактарысткі. Не саступала ў майстэрстве мужчынам-трактарыстам наша Вера Сярко, чый здымак можна ўбачыць на адным са стэндаў. Школьнікі-экскурсаводы распавядаюць і пра тэхніку, якая раней была задзейнічана на палях, і параўноўваюць яе з сучаснай». 

Асобная частка экспазіцыі — гэта гісторыя базы імя Суворава і дзейнасць яе кіраўніка Вадзіма Лойкі. У гады яго кіраўніцтва аграгарадок Дзешчанка лічыўся бульбяной сталіцай Беларусі. Адсюль асобныя гатункі нашага другога хлеба раз’язджаліся па гаспадарках усяго Савецкага Саюза.

image-07-09-25-07-02_1.jpeg

«Таму бульба заўсёды была здабыткам Дзешчанкі, а кірмашы, якія праводзяцца ў першыя выхадныя верасня, сталі сапраўднай падзеяй для мясцовых жыхароў. З кожным годам яны станавіліся ўсё больш папулярнымі, у рамках свята праводзіўся нават конкурс на лепшы помнік бульбе, дзе вучні разам з бацькамі і педагогамі стваралі арыгінальныя макеты з розных матэрыялаў. Ужо тады і з’явіліся першыя думкі, што было б выдатна, калі б у Дзешчанцы ўстанавілі памятны знак бульбе», — адзначае Анжэла Жандармава. 

І гэтая мара спраўдзілася. «Да яе рэалізацыі падштурхнуў экс-губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын (цяпер — Прэм’ер-міністр Беларусі, — „Зв.“). У 2020 годзе ў Дзень ведаў Аляксандр Генрыхавіч наведаў Дзешчанскую школу, павіншаваў вучняў, педагогаў і бацькоў з пачаткам навучальнага года. Ён таксама азнаёміўся з умовамі навучання і развіцця дзяцей і падлеткаў. Прадэманстравалі Аляксандру Турчыну і мясцовую славутасць — адзіны ў краіне школьны музей бульбы. Дырэктар школы Наталля Чаркас тады адзначыла, што колькасць экспанатаў у музеі пастаянна папаўняецца. Над гэтым працуюць настаўнікі і школьнікі, займаючыся навукова-даследчай дзейнасцю, цесна супрацоўнічаючы з Інстытутам бульбаводства і мясцовым сельгаспрадпрыемствам», — акцэнтавала намеснік старшыні райвыканкама. 

Экскурсію для губернатара ў той дзень праводзілі вучаніцы 11 класа Ксенія Зуева і Крысціна Жалюк. Яны і расказалі пра ідэю ўвекавечання бульбы. «Дзяўчынкі нават падалі шэраг макетаў магчымага памятнага знака, заўважыўшы, што ўсе яны — досыць цікавыя варыянты, але які ж абраць? — расказвае Анжэла гісторыю Анжэла Жандармава. — Аляксандр Турчын прапанаваў правесці апытанне сярод вучняў, бацькоў і ўсіх жыхароў аграгарадка і разам выбраць. І паставіў задачу — да пачатку наступнага навучальнага года тэрыторыю школы павінен упрыгожыць помнік бульбе».

image-07-09-25-07-01_2.jpeg

І памятны знак у аграгарадку з’явіўся, стаўшы здабыткам усяго аграгарадка. Першапачаткова яго думалі ўстанавіць на тэрыторыі школы, потым вырашылі, што ён павінен быць даступным для ўсіх, стаўшы мясцовай славутасцю. «На званне будучага памятнага знака прэтэндавалі звыш 10 макетаў. Жыхары Дзешчанкі самі выбралі лепшы праект — камень з кошыкам бульбы наверсе. Урачыстае адкрыццё знака адбылося ў верасні 2021 года, даўшы тым самым новае жыццё „Бульба-фэсту“: ён набыў статус фестывалю. Прысутнічаў на мерапрыемстве і Аляксандр Турчын, які выказаў новае пажаданне — зрабіць гэта свята на Уздзеншчыне штогадовым. Ідэю падтрымалі ўсе, з таго часу „Бульба-фэст“ толькі прырастае ў сваім ахопе. Гэта заўсёды ярка, дынамічна і маштабна», — падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама. 

  • За час свайго існавання фестываль «Бульба-фэст» стаў неад’емнай часткай жыцця аграгарадка Дзешчанка. Кожны год ён прыцягвае ўсё больш удзельнікаў і гледачоў, а таксама пашырае свае межы. «Сёлета да нас зноў далучыліся госці з суседніх раёнаў, што сведчыць аб павелічэнні цікавасці да свята. Як і ў папярэднія гады, на свяце была арганізавана насычаная канцэртная праграма, розныя выставы і майстар-класы, працавалі тэматычныя пляцоўкі, прадстаўленыя арганізацыямі і прадпрыемствамі нашага раёна», — дадала Анжэла Жандармава. 

Падрыхтоўка да святкавання «Бульба-фэста» штогод велізарная. «Свой уклад у добраўпарадкаванне аграгарадка ўнеслі многія арганізацыі і прадпрыемствы. Гэта Дзешчанскі сельвыканкам, арганізацыі і прадпрыемствы раёна і многія іншыя. І самае галоўнае — у баку не засталіся і мясцовыя жыхары. Разумеючы маштаб свята, яны прыводзілі ў парадак свае ўчасткі і дамы, каб усё было на ўзроўні. Гэта сведчыць аб свядомасці і гонару за свой аграгарадок. Я ўдзячна ўсім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы свята, уключаючы актыўных грамадзян, установы і арганізацыі нашага раёна. Дзякуючы іх намаганням тэрыторыя Дзешчанкі добраўпарадкоўваецца, а памятны знак бульбе становіцца месцам прыцягнення моладзі і турыстаў», — рэзюмавала намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама. 

Бульбы — на «смак і колер»

Самы смачны фестываль Уздзеншчыны прайшоў ярка і маштабна. Гулянні даўно перараслі мясцовы фармат. Па традыцыі сюды з’язджаюцца людзі з усёй Беларусі, каб пачаставацца разнастайнымі стравамі з бульбы, адчуць атмасферу беларускага нацыянальнага каларыту. 

Апетытна скварчыць бульба ў мундзірах на сподзе ва Уладзіслава. «Усімі любімы спрадвечна беларускі прадукт, — нагадвае палачанін. — З інгрэдыентаў спатрэбяцца толькі соль і алей. Трохі трэба патрымаць пад вечкам, бульбачка атрымліваецца ідэальна мяккая і храбусткая».

Анатоль з Мінска прапануе паспрабаваць «Бульбу-грыль». На шампуры бульбіны ў лупіне чаргуюцца з салёненькім сальцам, запякаюцца на мангале і смачны духмяны ласунак гатовы. 

image-07-09-25-07-02.jpeg

А на імправізаваных падворках сталы ламіліся ад пачастункаў. Работнікі школ раёна прадставілі стравы ўсіх шасці абласцей нашай краіны. Зазываць паспрабаваць усе стравы на смак не трэба было. Вядома ж, сюды лепш прыходзіць галодным. Але перад дранікамі з грыбным соусам, камякамі з грыбамі, бабкай са скваркамі, мучнымі блінамі, начыненымі бульбай, сырам і цыбуляй, міні-піцамі, бульбянымі вафлямі і іншымі стравамі не выстаялі ні сытыя, ні тыя, хто на дыеце. А пірагі з бульбай Уздзенскага каледжа разышліся амаль адразу. 

Арыгінальна і самабытна падала пюрэ ў выглядзе свінкі з парасятамі раённая гімназія. Яшчэ тут была найсмачнейшая салата ў гняздзечках са смажанай бульбы. На кожным падворку запівалі стравы бярозавым сокам і квасам. А на дэсерт — выпечка і нават калужскі лясны мёд ад раённага музея.

Інтэлектуальная ежа таксама карысталася попытам на фестывалі. Бібліятэкары з Узды арганізавалі хлебны рэйтынг, любы жадаючы мог аддаць голас за любімы від хлеба. З цікавасцю знаёміліся наведвальнікі свята з выставай літаратуры беларускіх пісьменнікаў, якія ў сваіх творах славілі хлеб. Асобную экспазіцыю прысвяцілі ганароваму жыхару Уздзеншчыны, ініцыятару «Бульба-фэста» Вадзіму Лойку, аказаны гонар і іншым героям працы краю

Медыкі Уздзенскай ЦРБ не толькі дзяжурылі на фестывалі, каб своечасова аказаць дапамогу, але і прэзентавалі цікавы інфармацыйны стэнд «Доктар-бульба». Сок з каштоўных клубняў лечыць страўнікава-кішачныя запаленні, апёкі і скурныя захворванні, пазбаўляе ад трывожнасці і нервовасці. А яшчэ гэта выдатны сродак для догляду за скурай і валасамі. 

Дзесяцікласнікі мясцовай школы пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Надтока прадставілі на фестывалі вынікі лабараторных даследаванняў гатункаў бульбы, што вырошчвае фермерская гаспадарка «Алімп-Агра». Першы вопыт паказаў, колькі крухмалу змяшчаецца ў кожным гатунку, другі — дапамог устанавіць колькасць агульнага бялку, ад чаго наўпрост залежаць смакавыя якасці клубняў.

Адборную бульбяную прадукцыю прадставілі фермеры з Самахвалавічаў. Наведвальнікі фестывалю цікавіліся апошнімі беларускімі селекцыйнымі навінкамі. Разнастайнасць прадукцыі прадставіў і Інстытут пладаводства. Усіх здзівіла буйная і вельмі салодкая дурніца, элітныя гатункі вінаграда, якія адаптаваныя да нашых кліматычных умоў.

Эмоцыі фестывалю

«Мы ўпершыню на такім свяце ў Дзешчанцы, прыехалі па запрашэнні сяброў, — дзеляцца ўражаннямі Вераніка і Аляксей з Мінска. — Вельмі атмасфернае месца, падабаецца музычнае афармленне і антураж, пакаштавалі смачныя нацыянальныя стравы. Асаблівым ласункам апынуўся бульбяны стажок са скваркамі, такога ніколі не спрабавалі. І ідэнтычны фестывальнаму дранік дома дакладна не атрымаецца прыгатаваць». 

image-07-09-25-07-01.jpeg

«А мы з Каралёва, выбраліся на „Бульба-фэст“ усёй сям’ёй, — распавядае Таццяна. — І сыноў, і нас з мужам уразіў парад сельскагаспадарчай тэхнікі. Калі прагаладаемся, абавязкова паспрабуем нешта з бульбяных страў. Плануем паслухаць рэпертуар артыстаў і дачакацца феерверка». 

«Мне падабаецца сама атмасфера свята, а бульба свая дома ўрадзіла, — кажа Юрый з Дзешчанкі. — Зямля ў нас дабрадатная і ўраджайная, грэх скардзіцца. На агародзе ўсё расце і пахне. Прыйшлі з дачкой-першакласніцай паглядзець парад тэхнікі і паслухаць канцэрт. Са страў пакаштавалі пакуль толькі шашлык. Вельмі смачны, дарэчы». 

Фінальным акордам фестываля стаў святочны канцэрт з удзелам беларускіх артыстаў. Завяршыў святочную праграму фестываля маляўнічы феерверк. 

image-07-09-25-07-02_2.jpeg

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

фота ТГ «Узда. Life»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю