Top.Mail.Ru

У Акадэміі МУС праходзяць «V Мінскія крыміналістычныя чытанні»

У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «V Мінскія крыміналістычныя чытанні». Маштабная навуковая падзея прымеркавана да знамянальнай даты — 50-годдзя з дня ўтварэння кафедры крыміналістыкі ведамаснай ВНУ.



Мерапрыемства сабрала ў сценах акадэміі шырокае кола спецыялістаў, у тым ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, іх замежных калег. Свае даклады прадставілі таксама прызнаныя навуковыя работнікі і маладыя даследчыкі, якім толькі трэба будзе ўпісаць свае імёны ў гісторыю крыміналістычнай навукі.

Адкрываючы канферэнцыю, начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр АСТРЭЙКА выступіў з прывітальным словам, у якім падкрэсліў важнасць форуму для развіцця праваахоўнай сістэмы:

— Яго правядзенне стала ўжо добрай традыцыяй акадэміі, якая дае магчымасць абмеркаваць сучасныя тэндэнцыі развіцця крыміналістыкі і судовай экспертызы, актуальныя праблемы раскрыцця і расследавання злачынстваў. Вопыт мінулых гадоў паказаў, што такія зносіны з’яўляюцца дзейсным механізмам шматбаковага супрацоўніцтва і канструктыўнага партнёрства.

Як адзначыў намеснік начальніка Маскоўскага ўніверсітэта МУС Расіі імя У. Я. Кікаця, палкоўнік паліцыі, кандыдат юрыдычных навук Дзмітрый СІМАНЕНКА, з расійскімі калегамі ў Акадэміі МУС Беларусі склаліся цесныя адносіны ў многіх напрамках:

— Перш за ўсё, гэта навуковае ўзаемадзеянне нашых навукоўцаў, калектываў, навучанне супрацоўнікаў. Мы будзем гэтыя адносіны ўмацоўваць, тым больш, што сучасныя выклікі, злачыннасць актыўна развіваюцца, мяняюцца, трансфармуюцца. Адсюль і вялікі запыт ад праваахоўных органаў у навуковым і метадычным забеспячэнні процідзеяння злачыннасці, у тых выніках, якія дасягаюцца нашымі вучонымі.

Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія датычацца ўдасканалення методык выяўлення, фіксацыі, адабрання і даследавання доказнай інфармацыі. Асаблівы акцэнт зроблены на павышэнні эфектыўнасці работы з улікам новых выклікаў і пагроз, з якімі ўсё часцей сутыкаюцца органы ўнутраных спраў.

Аміна НАЗАРАВА 
Фота Акадэміі МУС Беларусі


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю