Top.Mail.Ru

У акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» прыме ўдзел больш за тысячу суб’ектаў турызму

Беларусь гасцінная

З 2 да 8 чэрвеня ў Беларусі пройдзе ІV Рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», прысвечаная папулярызацыі ўнутранага турызму. Сёлета, як мяркуецца, у ёй возьмуць удзел больш за 1200 суб’ектаў турызму. Яны арганізуюць майстар-класы, дэгустацыі, прэзентацыі новых маршрутаў, матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Як трапіць на экскурсію?

Штогод акцыя становіцца ўсё больш папулярнай і збірае сотні ўдзельнікаў. Як паведаміла намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына ГАНЧАРОНАК, калі ў 2022 годзе арганізатары атрымалі 516 заявак, то сёлета іх за паўтара тыдня да пачатку было 858, і, мяркуецца, што канчатковая лічба складзе 1200–1300 удзельнікаў. Лідзіруюць па колькасці заявак аб’екты гісторыка-культурнага турызму (іх пададзена ўжо 247), актыўна прэзентуюць сябе здраўніцы і медыцынскія цэнтры, а таксама прыродаахоўныя ўстановы, аб’екты паляўнічага турызму.

Заяўкі да ўдзелу ў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» прымаюцца да 26 мая. Да 28 мая на рэсурсах Нацыянальнага агенцтва па турызме з’явіцца поўны пералік удзельнікаў і інфармацыя аб тым, як трапіць на экскурсію, забраніраваць наведванне таго ці іншага аб’екта, знайсці кантактныя звесткі.

Першы тыдзень чэрвеня будзе азнаменаваны і шэрагам падзейных мерапрыемстваў. Самы маштабны з іх — культурна-спартыўны фестываль «Вытокі», які сёлета пройдзе ў Паставах. У цэлым жа летнія месяцы будуць багатыя на турыстычныя падзеі. Чэрвень аб’яўлены месяцам гісторыка-культурнага турызму. Яму папярэднічала «Ноч музеяў». Ліпень стане месяцам актыўнага турызму: другі яго тыдзень будзе прысвечаны веласіпеднаму турызму, трэці — воднаму, чацвёрты — пешаму. Жнівень — традыцыйна месяц падзейнага турызму, які будзе адзначаны рознымі фестывалямі. 

Сярод іх — Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», свята «Іўеўскі памідор», фестываль міжнароднай славянскай міфалогіі «Шлях цмока», каравай-фэст «Бацькава булка».

Квэст у Гальшанскім замку

Лідарам па колькасці ўдзельнікаў акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» ўжо другі год запар з’яўляецца Гродзенская вобласць. Летась турыстычныя аб’екты, а іх удзельнічала ў акцыі 334, наведала каля 12 тысяч чалавек. Сёлета заяўкі падалі ўжо 255 суб’ектаў турызму. Як адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім МАЛАХОЎСКІ, ахвотна далучаюцца да акцыі не толькі беларусы, але і расійскія госці.

Сярод актыўных удзельнікаў у рэгіёне — аграсядзібы, аб’екты грамадскага харчавання і пражывання, санаторыі, гісторыка-культурныя і рэлігійныя ўстановы, прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, 37 аграсядзіб запросяць да сябе ў госці, прадставяць зніжкі на пражыванне і новыя праграмы, каб пазнаёміць з сельскім бытам і каларытам, а таксама прапануюць водныя сплавы і пешыя прагулкі па экасцежках.

У рэгіёне актыўна развіваецца прамысловы турызм. Ахвотна далучаюцца да акцыі музейныя ўстановы і палацавыя комплексы. Напрыклад, 6 чэрвеня а 15-й гадзіне ў Гальшанскім замку адбудзецца квэст-гульня «Чорны замак Альшанскі» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Акрамя таго, можна наведаць часовую экспазіцыю Крэўскага замка «Сакрэты будаўніцтва замка Крэва». Зрэшты, у гэты ж час, з 6 да 7 чэрвеня, гасцініцы Смаргоні даюць 15-працэнтную зніжку на пражыванне.

У Лідзе і Навагрудку турысцкімі інфармацыйнымі цэнтрамі будуць арганізаваны экскурсіі па гэтых гарадах. У Гродне ўдзел у акцыі прымае шэраг музеяў. Усе ахвотныя са зніжкамі на білеты змогуць наведаць, напрыклад, Новы замак.

Што прапануюць у сталіцы?

Як расказаў дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» Аляксей РУСАКЕВІЧ, летась акцыю падтрымалі больш за 70 арганізацый горада. Былі прадстаўлены сродкі размяшчэння, аб’екты культурна-пазнавальнага турызму, прамысловасці, шэраг буйных спартыўных комплексаў.

Яны арганізавалі дні адчыненых дзвярэй, бясплатныя аглядныя тэматычныя экскурсіі, дэгустацыі, музычныя праграмы і многае іншае. Усяго ў акцыі ўзялі ўдзел больш як 7,5 тысячы чалавек, што ў тры разы больш, чым годам раней. Лідарамі па наведванні сталі спартыўна-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», Нацыянальная бібліятэка і ўнітарнае прадпрыемства «Аква-Мінск», якое наведала звыш тысячы чалавек.

Не менш насычаная праграма чакае гасцей і гэтым разам. Музеі прапануюць зніжкі, майстар-класы, актыўны ўдзел возьмуць і прамысловыя прадпрыемствы. Адметнай рысай стане ўдзел рэлігійных аб’ектаў, адбудуцца таксама пешаходныя вандроўкі па Верхнім горадзе ў рамках летняга музычна-турыстычнага сезона.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю