ХIV Музычны фестываль аўтарскай песні і паэзіі традыцыйна пройдзе на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне на базе адпачынку «Чачэвічы» Магілёўскага металургічнага завода. З 25 па 27 ліпеня гасцей і ўдзельнікаў чакаюць розныя творчыя, аздараўленчыя, турыстычныя, спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы і праекты, а таксама шматгадзінная дзённая і вячэрняя музычная праграма.
Прыхільнікаў творчасці Юрыя Візбара збярэ канцэрт аўтарскай песні «Вяршыні Візбара...». Адбудзецца прэзентацыя новага творчага праекта і першага музычнага альбома «Усё будзе дабра!» мінскага гурта VODAR KAVY. На фестывальнай сцэне выступяць фіналісты Усерасійскага маладзёжнага конкурсу «Аўтарская песня. Хуткі старт». Дадасць лірыкі і філасофскіх нотак сваімі песнямі аўтар-выканаўца з Масквы Вольга Кузняцова. Яна з’яўляецца членам Саюза расійскіх пісьменнікаў і аўтарам некалькіх паэтычных зборнікаў. Яе голасам размаўляюць персанажы фільмаў і мультфільмаў. Запаліць публіку абяцае мінскі гурт МОJO BLUES, які рыхтуе драйвовую танцавальную праграму з рок-н-рольных, джазавых і блюзавых хітоў.
Чакаецца, што на бард-рыбалку завітае мастацкі кіраўнік аднаго з найбуйнейшых фестываляў аўтарскай песні Расіі «Пакроўскі сабор» Аляксей Вітакоў. Ён жа вядомы расійскі паэт, бард і тэлевядучы. На фестывалі ён будзе задзейнічаны і ў журы, і ў якасці выканаўцы ў дуэце з кампазітарам, паэтам і музыкам-мультыінструменталістам Уладзімірам Паляковым. Па дамоўленасці з Аляксеем Вітаковым, лаўрэаты конкурсу аўтарскай песні і паэзіі бард-рыбалкі без адбору трапяць у асноўны лонг-ліст «Пакроўскага сабора» і будуць змагацца за выхад у суперфінал. У ліку музычных хэдлайнераў бард-рыбалкі таксама адзін з папулярных расійскіх музыкантаў, аўтар-выканаўца Мікалай Грынько. Працягне сваю работу на фестывалі і адукацыйны праект «Акадэмія аўтарскай песні», у рамках якога будуць праходзіць майстар-класы па гітарным акампанеменце, аранжыроўцы, вакале, паэтычным і сцэнічным майстэрстве.
Акрамя песень будзе шмат смачнай ежы і забаў. Адбудуцца традыцыйныя рыбалоўныя спаборніцтвы, кулінарны конкурс «Чыгірынская вушыца!», турнір па пляжным валейболе на прызы кампаніі «Гродфуд» і вельмі прыгожы фестывальны конкурс — «Каралева бард-рыбалкі». На вялікай фестывальнай паляне будзе шмат інтэрактыву, атракцыёнаў, сувеніраў.
Пражыванне на працягу трох фестывальных дзён будзе арганізавана ў асноўным у двух вялікіх палатачных лагерах. Да паслуг гасцей бясплатная вялікая аўтамабільная стаянка ў крокавай даступнасці ад галоўнай канцэртнай пляцоўкі. А шматлікія фуд-корты нікому не дадуць засумаваць і прагаладацца.
Кошт білета на тры фестывальных дні 20 рублёў.
Нэлі ЗІГУЛЯ