Top.Mail.Ru
172

У асноўным пакеце рэспубліканскіх каналаў папаўненне: 23 лютага на 12 кнопцы пачне вяшчанне рэспубліканскі тэлеканал «ВаенТБ».

Канал пра армію і не толькі

У асноўным пакеце рэспубліканскіх каналаў папаўненне: 23 лютага на 12 кнопцы пачне вяшчанне рэспубліканскі тэлеканал «ВаенТБ». Сімвалічна, што запуск запланавалі на Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У апошнія гады беларускія СМІ паслядоўна нарошчваюць інфармацыйную прысутнасць у медыйнай прасторы Беларусі. Заканамерна паўстала пытанне аб запаўненні ніш, якія раней заставаліся незапоўненымі. Так з’явілася неабходнасць у стварэнні ваенна-патрыятычнага тэлеканала.

Сёння інфармацыі ў прынцыпе ўдзяляецца як ніколі вялікая ўвага. На самым сапраўдным інфармацыйным фронце вядзецца старанная, вывераная работа СМІ. Змяніўся і падыход да асвятлення падзей у краіне, трансфармаваўся запыт з боку гледачоў. Таму і запуск «ВаенТБ», па словах міністра абароны Віктара Хрэніна, быў пытаннем часу: «Інфармацыйнае поле сёння перагружанае лжывай, няякаснай інфармацыяй — усяго хапае, — адзначыў міністр. — Важна сёння развенчваць, зрываць маскі, паказваць аналітыку».

На працягу усёй суверэннай гісторыі Беларусі патрыятычнага канала не было. І ў той жа час, як паказала практыка, патрэба ў ім існавала заўсёды, падкрэсліў міністр інфармацыі Марат Маркаў: «Мы пастаянна вядзём інфармацыйную вайну. І ў гэтай сітуацыі ёсць значная колькасць людзей, для якіх інфармацыя, што падаецца ў гэтым сегменце, неабходная».

Новы тэлеканал закліканы аб’ектыўна і аператыўна інфармаваць грамадскасць па пытаннях нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнай палітыкі ў сферы абароны і будаўніцтва Узброеных Сіл. Запускаецца ён на базе тэлекампаніі 

«ВаенТБ» — на сёння яна застаецца адзінай у краіне з практычна неабмежаваным доступам да воінскіх часцей і злучэнняў, адзначыў генеральны дырэктар тэлекампаніі «ВаенТБ» 

Валерый Канапацкі. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца кантэнт у жанры «экшн» — атрымліваюцца паўнацэннае паглыбленне гледачоў у рэпартажы. Кажучы пра перспектывы новага канала, Валерый Канапацкі адзначыў, што «ВаенТБ» будзе не толькі пра армію. «Гэта канал пра традыцыйныя каштоўнасці, любоў, гісторыю, Радзіму. Думаю, гледачы яго ацэняць».

«Таксама ў Год беларускай жанчыны знойдуць шырокае асвятленне ў нашым эфіры і праекты, прысвечаныя жанчынам-ваенным, — расказвае першы намеснік генеральнага дырэктара тэлекампаніі «ВаенТБ» Канстанцін ГАГАРЫН. — Яны не толькі адказныя, дысцыплінаваныя, але і ўпрыгожваюць нашы Узброеныя Сілы. Таму жанчыны стануць частымі гасцямі ў нашым эфіры. Вядома, у нас будзе выходзіць праграма «Арсенал», якую добра ведаюць гледачы і якая ўжо стала візітнай карткай нашай тэлекампаніі. Застанецца праект і ў эфіры «Беларусь 1».

«Тэлестудыя „ВаенТБ“, улічваючы спецыфіку нашай тэмы, ужо даўно стала школай экстрэмальнай журналістыкі. Нашы карэспандэнты працуюць на вучэннях, трэніроўках войскаў. Амаль усе яны ўмеюць карыстацца 

квадракоптарамі, экшн-камерай. Аператары ўвогуле ўзорна валодаюць гэтым майстэрствам, — адзначыў Канстанцін Гагарын. — Мы навучаем усім нюансам. Галоўнае, каб чалавек, калі трапляе да нас, прасякнуўся вайсковым жыццём, яго дынамікай. І быў гатовы заўсёды заставацца прафесіяналам у любым абставінах».

Акрамя аўтарскага кантэнту, для эфіру тэлеканала «ВаенТБ» рыхтуюць і вялікую палітру цікавых мастацкіх і дакументальных кінастужак. Пры іх адборы на тэлестудыі падыходзяць з галоўным прынцыпам: каб кожная дапамагала трансліраваць і культываваць здаровыя патрыятычныя каштоўнасці. Таму чакаем запуску і жадаем надоўга прыжыцца ў тэлеэфіры!

Аміна НАЗАРАВА 

Алена ДРАПКО

Фота дадзена тэлекампаніяй «ВаенТБ»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю