Мерапрыемства, на якім сабраліся больш за 300 маладых спецыялістаў і работнікаў, стала пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў, сярод якіх — работа з моладдзю ў працоўных калектывах, абмен досведам і прасоўванне маладзёжных ініцыятыў.
Увогуле ж Рэспубліканскі форум працоўнай моладзі закліканы абагульніць і распаўсюдзіць лепшыя практыкі па рабоце з маладымі спецыялістамі, павышэнні грамадскай актыўнасці моладзі, уцягванні яе прадстаўнікоў у жыццё краіны. Арганізатарамі выступілі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Але перад тым, як заняць месцы ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў, удзельнікі форуму разам з дэпутатамі наведалі перадавыя сталічныя прадпрыемствы, дзе абмеркавалі розныя пытанні маладзёжнай палітыкі. Моладзь прымалі на Мінскім трактарным заводзе, Мінскім заводзе колавых цягачоў, Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім электратэхнічным заводзе імя В. І. Казлова, у Парку высокіх тэхналогій, на «Планары» і кандытарскай фабрыцы «Камунарка». На дыялогавых пляцоўках маладыя людзі гаварылі аб надзённых праблемах, аб тым, як зрабіць іх работу больш важкай для эканамічнай бяспекі дзяржавы.

Кульмінацыяй дня стала пленарнае пасяджэнне Рэспубліканскага форуму працоўнай моладзі. Перад прысутнымі выступіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА. Ён падкрэсліў, што гэты форум з’яўляецца прадаўжэннем вялікай размовы аб краіне магчымасцяў. Яе пачаў наш Прэзідэнт падчас маштабнай грамадска-культурнай акцыі, якая адбылася 17 верасня 2026 года і была прымеркавана да Дня народнага адзінства.
Да таго ж, сімвалічна, паводле слоў Ігара Сергяенкі, час і месца правядзення мерапрыемства: «7 лістапада мы будзем адзначаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мы ўпэўнена ідзём па шляху развіцця справядлівай сацыяльнай дзяржавы, якую выбралі ў кастрычніку 1917 года нашы продкі. Гэта падзея стала выдатным гістарычным урокам таго, што палітыка дзяржавы павінна быць мудрай і ўзважанай, улічваць інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва, у тым ліку чалавека працы». Таксама сустрэча з моладдзю была арганізавана напярэдадні 30-гадовага юбілею Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
«Разлічваю, што вынікам форуму стануць не толькі новыя праекты і ініцыятывы, але і канкрэтныя абавязацельствы кожнага з вас перад сваёй краінай, сваімі працоўнымі калектывамі і сем’ямі», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Дзяржаўная маладзёжная палітыка з’яўляецца адным з найважнейшых прыярытэтаў дзейнасці нашай дзяржавы, адзначыў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ: «Сёння дзяржава гатова слухаць і чуць моладзь. Справа застаецца за вамі. Прапануйце свае ініцыятывы і будзьце ўпэўненыя ў тым, што яны абавязкова знойдуць падтрымку», — падкрэсліў міністр, пажадаўшы ўдзельнікам форуму дабратворнай работы і новых знаёмстваў. Бо менавіта ад маладых, энергічных, неабыякавых шмат у чым залежыць, якой будзе будучыня нашай краіны.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з ТГ-канала Палаты прадстаўнікоў