Top.Mail.Ru

У Бабруйску адзінокая пенсіянерка тройчы стала ахвярай інтэрнэт-ашуканцаў

Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа аб махлярстве ў буйным памеры. Пацярпелай стала 71-гадовая мясцовая жыхарка.


Па словах афіцыйнага прадстаўніка УСК па Магілёўскай вобласці Таццяны Старасотнікавай, у сакавіку пенсіянерка знайшла ў інтэрнэце рэкламу аб заробку. Нягледзячы на тое, што ў 2024 годзе пасля зносін з ашуканцамі яна пазбавілася 2 тысяч рублёў, а праз год прадала кватэру для «інвеставання» на біржы, жанчына зноў паверыла абяцанням хуткага прыбытку.

Па ўказанні «аналітыка» яна зарэгістравалася на адным з сайтаў, які, вядома ж, аказаўся фальшывым, і стварыла асабісты кабінет. На працягу некалькіх месяцаў, прытрымліваючыся інструкцый пасрэдніка, пацярпелая перавяла на прадыктаваныя ёй рахункі больш за 12 тысяч беларускіх рублёў. Пасля яна ўбачыла абяцаны прыбытак у сваім акаўнце, паспрабавала вывесці грошы, але не змагла.

Пенсіянерка звярнулася ў банк па растлумачэнне алгарытму дзеянняў, аднак супрацоўнік установы, выслухаўшы яе гісторыю, парэкамендаваў неадкладна звярнуцца ў праваахоўныя органы.

Трэба адзначыць, што пенсіянерка адзінокая, яе сын знаходзіцца ў Расіі. Недахоп зносін і жаданне забяспечыць сябе зрабілі пажылую жанчыну асабліва ўразлівай для псіхалагічных маніпуляцый ашуканцаў.

Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 209 (махлярства, учыненае ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да злачынства.

Разам з тым Следчы камітэт у чарговы раз заклікае грамадзян, асабліва пажылых, да пільнасці. Не верце рэкламе аб звышпрыбытках у інтэрнэце — за ёй заўсёды стаяць ашуканцы; ніколі не пераводзьце грошы на невядомыя рахункі; не афармляйце крэдыты і не прадавайце маёмасць па ўказанні трэціх асоб; перад любымі фінансавымі рашэннямі райцеся з блізкімі. Ну а калі так здарылася, што вы ці вашы сваякі сталі ахвярай падману, неадкладна звяртайцеся ў міліцыю.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю