Юбілейны форум з 19 па 24 лістапада аб’яднае тэатры Мінска, Бабруйска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Мазыра і Гродна. Усяго гледачам прадставяць 10 спектакляў паводле твораў класікаў беларускай літаратуры. Канцэпцыя фестывалю пабудавана на пераемнасці пакаленняў: ідэі вялікіх драматургаў мінулага трансфармуюцца ў маральныя арыенціры для сучаснага гледача.
Адкрые фестываль Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы са спектаклем «Брама неўмiручасцi» паводле трагікамедыі Кандрата Крапівы. Паказ прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Упершыню ў праграму ўключаны творчыя лабараторыі «Кропкі часу» і «Хто смяецца?» з удзелам студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У конкурснай праграме заяўлены пастаноўкі па знакавых творах айчыннай прозы і драматургіі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску прадставіць спектакль-расследаванне «Ядвіга» паводле п’есы Аляксея Дударава. Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр пакажа «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прывязе спектакль-рэквіем «Вера» паводле твора Зінаіды Дудзюк. Таксама ў афішы «Тытанавая ведзьма» Улады Альхоўскай у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, камедыя «Чорт і баба» Францішка Аляхновіча ад Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і легенда «Ладдзя роспачы» Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Мазырскага драматычнага тэатра.
Завершыцца фестываль паказам спектакля «Людзi на балоце» паводле рамана Івана Мележа. Пастаноўку прадставіць Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача. На цырымоніі закрыцця экспертнае журы вызначыць пераможцаў у намінацыях «Лепшы спектакль», «Лепшая рэжысура», «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара», а таксама адзначыць лепшых акцёраў і мастакоў-сцэнографаў
106
У Бабруйску пройдзе Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі: што ў праграме
06.11.2026 | 14:46
Як пройдзе Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, расказалі БелТА ў Магілёўскім аблвыканкаме.