Экскурсію па тэме «Літаратурная карта Бабруйска» распрацавалі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага.
Старажытны Бабруйск багаты на гісторыю прыгожага пісьменства. І бібліятэкары праз усемагчымыя друкаваныя рэсурсы і лічбавыя сродкі зносін гэта падкрэсліваюць. Расказвае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Бабруйска Наталлая Міхайлаўна Каўгарэня: «Мы прапанавалі ўсім, хто пазнаёміцца з нашым адмысловым буклетам «Завочная экскурсія „Літаратурная карта Бабруйска“, прайсціся па вуліцах нашага горада і спыніцца па адрасах, якія маюць дачыненне да прыгожага пісьменства. Напрыклад, паблізу вядомай у Бабруйску Чырвонай Вежы стаіць помнік Шуру Балаганаву — легендарнаму персанажу рамана „Залатое цяля“ Іллі Ільфа і Яўгенія Пятрова. З’яўленне помніка літаратурнаму герою па вуліцы Пушкіна, 194 не выпадковае. У класічным сатырычным рамане ёсць такія словы: „Пры слове „Бабруйск“ сход хваравіта застагнаў. Усе пагаджаліся ехаць у Бабруйск, хоць зараз Бабруйск лічыўся прыгожай, высокакультурнай мясцінай“... У горадзе ёсць і помнік пісьменніку-земляку — Эфраіму Севеле, які па праву лічыцца майстрам бабруйскага апавядання...»
Вандруючы па літаратурнаму Бабруйску, можна ўзгадаць імёны В. Дуніна-Марцінкевіча, народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова, Міхаіла Герчыка, Леаніда Коваля, Абрама Рабкіна і іншых мастакоў прыгожага пісьменства, якія сцвердзілі свій талент у розныя часіны.
Мікола БЕРЛЕЖ