Top.Mail.Ru

У Бараўлянах адчыніў свае дзверы новы дзіцячы садок

Практычна кожны год у вёсцы Бараўляны, што пад Мінскам, узводзяцца новыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Толькі з апошняга — паліклініка, дзіцячы садок, ТЦСАН... Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей патрэбны і прыгожы падарунак атрымалі самыя маленькія жыхары вёскі — на вуліцы Васільковай адкрыўся яшчэ адзін сучасны дзіцячы садок № 4 на 240 месцаў.


Узвядзенне такога патрэбнага для жыхароў вёскі аб’екта стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы, у аснове якой — павышэнне якасці жыцця нашых людзей, адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка: «Толькі апошнім часам у Бараўлянах пабудавалі новы корпус раённай бальніцы, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дом для выкладчыкаў. Акрамя таго, сёння ўзводзіцца новы хірургічны корпус абласной бальніцы». У якасці падарунка на наваселле губернатар Міншчыны перадаў для дзіцячага садка сертыфікат на 10 тысяч беларускіх рублёў.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што новы дзіцячы садок для жыхароў Бараўлян, большасць якіх працуе ў сталіцы, сапраўды доўгачаканы: «Гэта вельмі важны аб’ект, які патрэбны ў новым мікрараёне, дзе будуюцца дамы і кватэры, у якія засяляюцца маладыя сем’і. І, вядома ж, сацыяльныя і дзіцячыя аб’екты заўсёды неабходныя. Дзіцячы садок зроблены па самых сучасных тэхналогіях». Мэр Мінска перадаў сімвалічны ключ ад новага будынка дашкольнай установы яго загадчыку Андрэю Дзмітруку.

Разам з прадстаўнікамі ўлады чырвоную стужку на адкрыцці перарэзала і шматдзетная сям’я Шаўчук. У Юрыя і Таццяны падрастаюць трое дзяцей. Малодшы з іх — Іван — будзе наведваць новы садок. «Мы жывём у Бараўлянах з 2012 года. Пабудавалі тут жыллё. Старэйшая дзяўчынка ў мясцовы садок не трапіла, таму вымушаны былі вазіць яе ў горад. А Ваню пашанцавала больш за ўсіх — садок проста выдатны», — падзялілася Таццяна Шаўчук.

Фізкультурная і музычная залы, прасторны басейн, творчая студыя, камп’ютарны клас, цэнтр бяспекі — гэта далёка не ўсё напаўненне аб’екта. Размесцяцца дзеці ў 12 групах, дзе прадугледжаны асобныя памяшканні для актыўнасці і адпачынку. Вялікую ўвагу ва ўстанове будуць удзяляць экалагічнаму выхаванню дзяцей. На яе базе адкрыты рэсурсны цэнтр «Юны эколаг». Не прыйдзецца сумаваць дзецям і падчас прагулак на свежым паветры — тэрыторыя садка абсталявана сучаснымі гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, створана лакацыя для вывучэння дзецьмі правіл бяспечных паводзін на дарозе. Ёсць тут і свая творчая студыя, і медыцынскі блок. Прадугледжаны кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Вялікае значэнне надалі бяспецы дзяцей — устаноўлена відэаназіранне. Створана і безбар’ернае асяроддзе.

Будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры ў густанаселеных гарадах, вёсках, пасёлках — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, заявіў у размове з журналістамі Аляксей Кушнарэнка: «Толькі ў Мінскім раёне з 2020 года пабудавана 11 дзіцячых устаноў, у вобласці — 21 дзіцячы садок». Не менш амбіцыйныя планы і на 2025-ы. «Мы ўжо адкрылі дзіцячую ўстанову ў Лагойску, цяпер адсвяткавалі наваселле ў Бараўлянах. Да канца года ўвядзём у строй дзіцячыя садкі ў раёне забудовы „Зялёная Гавань“ у прысталіччы і ў гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, — сказаў кіраўнік вобласці. — Мы бачым патрэбы грамадства, насельніцтва ў аказанні паслуг як дашкольных устаноў, так і школ, таму ў гэтым кірунку вядзецца актыўная работа. Усё нацэлена на стварэнне камфортных, якасных умоў для жыцця».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

в. Бараўляны Мінскага раёна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю